Печатать книгуПечатать книгу

§ 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл

  • Успомніце, якія тканкі характэрны для жывёл.
  • Як вы думаеце? Што стала прычынай утварэння тканак у жывёл?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць і асаблівасці будовы тканак у пазваночных жывёл.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 12:30

Прэамбула

У жывёл адрозніваюць чатыры асноўныя тыпы тканак: нервовую, эпітэліяльную, мышачную і тканкі ўнутранага асяроддзя. 

Нервовая тканка

Нервовая тканка выконвае функцыю ўспрымання, перадачы, перапрацоўкі і захоўвання інфармацыі, якая паступае з навакольнага асяроддзя ці ад органаў арганізма. З яе складаюцца галаўны і спінны мозг, нервовыя вузлы, спляценні і нервы. Асноўнымі ўласцівасцямі нервовай тканкі з’яўляюцца ўзбудлівасць і праводнасць. Узбудлівасць — здольнасць нервовай тканкі генерыраваць нервовы імпульс у адказ на дзеянне раздражняльніка, праводнасць — здольнасць перадаваць гэты нервовы імпульс іншай клетцы (нервовай ці клетцы тканкі рабочага органа).

Нервовая тканка складаецца з нервовых клетак — нейронаў і клетак нейрагліі. Клеткі нейрагліі выконваюць трафічную, ахоўную і апорную функцыі. Структурнымі элементамі нейрона з’яўляюцца цела, дэндрыты і аксон. Целы нейронаў утвараюць шэрае рэчыва спіннога і галаўнога мозга, а таксама фарміруюць перыферычныя нервовыя вузлы (гангліі). Дэндрыты — кароткія, вельмі разгалінаваныя адросткі, якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць нервовы імпульс у цела нейрона. Аксон — доўгі неразгалінаваны адростак, які перадае нервовы імпульс з цела нейрона іншай клетцы. Ён пакрыты міэлінавай (ліпіднай) абалонкай, якая мае ролю аховы і ізаляцыі, і называецца нервовым валакном. Канец аксона падзяляецца на некалькі аксонных канчаткаў, якія ў вобласці кантакту з іншымі клеткамі фарміруюць сінапсы. Сінапсы забяспечваюць перадачу нервовага імпульсу праз сінаптычную шчыліну з дапамогай медыятара (ацэтылхаліну ці норадрэналіну). У цэнтральнай нервовай сістэме (ЦНС) аксоны ўтвараюць белае рэчыва спіннога і галаўнога мозга. За межамі ЦНС нервовыя валокны з дапамогай злучальнай тканкі аб’ядноўваюцца ў пучкі, якія называюцца нервамі. З дапамогай нерваў ажыццяўляецца сувязь паміж ЦНС і органамі.

Нейроны адрозніваюцца па выконваемай функцыі. Адчувальныя (цэнтраімклівыя) нейроны з дапамогай рэцэптараў успрымаюць дзеянне раздражняльнікаў рознай прыроды і перадаюць яго ў ЦНС у выглядзе нервовага імпульсу. Рухальныя (цэнтрабежныя) нейроны перадаюць нервовы імпульс з ЦНС да рабочых органаў (залоз, мышцаў і інш.). Уставачныя нейроны знаходзяцца ў ЦНС і перадаюць узбуджэнне з адчувальных нейронаў на рухальныя.

Эпітэліяльная тканка

Эпітэліяльная тканка выконвае функцыі аховы, сакрэцыі, усмоктвання і ўспрымання раздражненняў. Яна валодае здольнасцю да рэгенерацыі (аднаўлення). У залежнасці ад выконваемай функцыі адрозніваюць два віды эпітэлію: залозісты і покрыўны.

Залозісты эпітэлій утварае залозы, у клетках якіх выпрацоўваюцца розныя сакрэты: гармоны, ферменты, слізь, сліна. Залозы, што не маюць вывадных праток і выдзяляюць свае сакрэты (гармоны) у кроў ці тканкавую вадкасць, называюцца эндакрыннымі ці залозамі ўнутранай сакрэцыі (гіпофіз, наднырачнікі). Калі ж сакрэты праз вывадныя пратокі паступаюць у полы орган ці на паверхню цела, то залозы, якія іх выпрацоўваюць, называюцца экзакрыннымі ці залозамі знешняй сакрэцыі (слінныя, потавыя, тлуставыя, малочныя). Залозы змешанай сакрэцыі спалучаюць у сабе прыметы залоз унутранай і знешняй сакрэцыі (падстраўнікавая, палавыя).

Покрыўны эпітэлій пакрывае цела звонку і высцілае сценкі яго поласцей ці полых органаў. Ён складаецца са шчыльна прылеглых адна да адной клетак, паміж якімі практычна адсутнічае міжклетачнае рэчыва. У залежнасці ад колькасці пластоў клетак покрыўны эпітэлій бывае аднаслойны ці шматслойны. Аднаслойны эпітэлій можа быць плоскім, кубічным ці прызматычным (цыліндрычным) у залежнасці ад формы клетак. Плоскі эпітэлій высцілае грудную і брушную поласці цела. Кубічны эпітэлій утварае сценку канальчыкаў нефронаў нырак і палавых шляхоў. Клеткі прызматычнага эпітэлію высцілаюць унутраную сценку тонкага кішэчніка і дыхальных шляхоў. Калі клеткі эпітэлію маюць раснічкі, то ён называецца раснічным ці мігальным і выконвае функцыю выдалення часцінак пылу з дыхальных шляхоў. Шматслойны эпітэлій можа быць арагавелы (утварае эпідэрміс скуры) ці неарагавелы (высцілае поласць верхніх дыхальных шляхоў).

Мышачная тканка

Мышачная тканка забяспечвае ўсе віды рухальнай актыўнасці арганізма. Яна валодае ўласцівасцямі ўзбудлівасці і скарачальнасці. Узбудлівасць мышачнай тканкі выяўляецца ў здольнасці яе клетак успрымаць нервовы імпульс, што перадаецца рухальным нейронам з ЦНС. Уласцівасць скарачальнасці мышачным клеткам надаюць скарачальныя бялкі акцін і міязін, якія ўтвараюць міяфібрылы (скарачальныя элементы). Вылучаюць тры віды мышачнай тканкі, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго па будове і ўласцівасцях: папярочнапаласатая шкілетная, папярочнапаласатая сардэчная і гладкая (гл. табл.).

Табліца. Характарыстыка відаў мышачнай тканкі

Від тканкі

Асаблівасці будовы клетак

Уласцівасці тканкі

Органы, якія змяшчаюць дадзены від тканкі

Папярочнапаласатая шкілетная

Клеткі шмат'ядзерныя, валакнопадобныя (1—12 см), размешчаны паралельна адна адной у выглядзе пучка, маюць папярочную счэрчанасць

 

Вялікая сіла, хуткасць і адвольнасць (залежнасць ад волі чалавека) скарачэнняў, спажыванне вялікай колькасці кіслароду і энергіі, хуткая стамляльнасць

Шкілетныя і мімічныя мышцы, язык, дыяфрагма, сценкі ротавай поласці, глоткі, гартані і верхняй часткі стрававода

 

Папярочнапаласатая сардэчная

Клеткі аднаядзерныя, злучаюцца паміж сабой з дапамогай бакавых вырастаў, утвараючы адзіную сетку, маюць папярочную счэрчанасць

Хуткасць і мімавольнасць (незалежнасць ад волі чалавека) скарачэнняў, спажыванне вялікай колькасці кіслароду і энергіі, здольнасць да аўтаматыі

Міякард сэрца

Гладкая

Клеткі аднаядзерныя, верацёнападобныя (каля 0,1 мм), не маюць папярочнай счэрчанасці

Невялікая сіла і мімавольнасць скарачэнняў, спажыванне невялікай колькасці О2 і энергіі, малая стамляльнасць

Страўнік, кішэчнік, матка, мачавы пузыр, крывяносныя і лімфатычныя сасуды

 

 

Папярочная счэрчанасць у першых двух відаў мышачнай тканкі абумоўлена чаргаваннем светлых і цёмных участкаў у мышачных валокнах, бачных пры разглядзе іх у мікраскоп. Светлыя ўчасткі складаюцца з тонкіх, а цёмныя — з тоўстых бялковых нітак, якія па-рознаму праламляюць святло. 

Тканкі ўнутранага асяроддзя

Тканкі ўнутранага асяроддзя вельмі разнастайныя па будове, але агульнай рысай для іх з’яўляецца рыхлае размяшчэнне клетак і наяўнасць добра выяўленага міжклетачнага рэчыва, прадстаўленага або валокнамі бялковай прыроды, або аморфным рэчывам. Міжклетачнае рэчыва можа быць цвёрдым (костка), вадкім (кроў) ці пругкім (храсток).

Паводле выконваемых функцый тканкі ўнутранага асяроддзя падзяляюць на тры групы: трафічныя, апорна-трафічныя і апорныя, або шкілетныя. У кожную групу ўваходзяць віды тканак, якія адрозніваюцца па будове.

Трафічныя тканкі. Кроў і лімфа забяспечваюць у арганізме транспарт пажыўных рэчываў, газаў, біялагічна актыўных рэчываў, прадуктаў абмену. Яны змяшчаюць вадкае міжклетачнае рэчыва — плазму, у якой знаходзяцца клеткі: у крыві — эрытрацыты, лейкацыты і трамбацыты, у лімфе — лімфацыты. Кроў запаўняе сасуды крывяноснай сістэмы, а лімфа — сасуды лімфатычнай сістэмы.

Апорна-трафічныя тканкі. Ва ўласна злучальных тканках міжклетачнае рэчыва прадстаўлена калагенавымі і эластычнымі валокнамі, якія надаюць тканкам трываласць і эластычнасць. Калі валокны хаатычна пераплятаюцца паміж сабой, то ўтвараецца рыхлая валакністая тканка. Яна змяшчаецца ў сценках крывяносных сасудаў, у праслойках паміж органамі, злучае скуру з мышцамі. У шчыльнай валакністай тканцы валокны размешчаны шчыльна і паралельна адно аднаму. З гэтай тканкі складаюцца звязкі і сухажыллі, цвёрдая абалонка галаўнога і спіннога мозга.

Тлушчавая тканка складаецца з рыхла размешчаных клетак, якія змяшчаюць вакуолі з ліпідамі. Яна ўтварае падскурную тлушчавую клятчатку і акружае некаторыя ўнутраныя органы. Тлушчавая тканка — гэта дэпо энергіі і пажыўных рэчываў.

Апорныя, або шкілетныя тканкі. У касцявой тканцы міжклетачнае рэчыва змяшчае калагенавыя валокны і мінеральныя рэчывы, якія надаюць яму цвёрдасць, дзякуючы чаму тканка выконвае функцыю апоры і аховы. Клеткі касцявой тканкі называюцца астэацытамі. Касцяная тканка фарміруе аснову костак. Храстковая тканка змяшчае эластычнае міжклетачнае рэчыва, у якім паасобку ці групамі размешчаны авальныя клеткі. Яна пакрывае сустаўныя паверхні костак, утварае міжпазваночныя дыскі, храстковую частку носа, гартані, трахеі, бронхаў, рэбраў, вушной ракавіны.

Паўторым галоўнае. У жывёл адрозніваюць нервовую, эпітэліяльную, мышачную тканкі і тканкі ўнутранага асяроддзя. Нервовая тканка валодае ўзбудлівасцю і праводнасцю. Яна складаецца з нейронаў і нейрагліі. Кожны нейрон мае цела, некалькі дэндрытаў і адзін аксон. Эпітэліяльная тканка выконвае функцыі аховы, сакрэцыі, усмоктвання і ўспрымання раздражненняў. Адрозніваюць залозісты і покрыўны эпітэлій. Мышачная тканка забяспечвае рухальную актыўнасць арганізма за кошт узбудлівасці і скарачальнасці. Па будове і ўласцівасцях яна падзяляецца на гладкую, папярочнапаласатую шкілетную і папярочнапаласатую сардэчную. Агульнай асаблівасцю будовы тканак унутранага асяроддзя з’яўляецца рыхлае размяшчэнне клетак і наяўнасць добра выяўленага міжклетачнага рэчыва. У залежнасці ад функцыі іх падзяляюць на трафічныя (кроў, лімфа), апорна-трафічныя (рыхлая і шчыльная валакністая, тлушчавая тканка) і апорныя, ці шкілетныя (касцявая, храстковая).

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Выберыце правільныя назвы тканак жывёл: эпітэліяльная, механічная, мышачная, нервовая, праводзячая, утваральная.
2. Якімі агульнымі ўласцівасцямі валодаюць нервовая і мышачная тканкі? Якое значэнне гэта мае для выканання іх функцый?
3. Назавіце віды мышачнай тканкі. У чым падабенства і адрозненне паміж шкілетнай і сардэчнай мышцай? Як гэта ўплывае на іх функцыі?

    Складаныя пытанні

1. Лічыцца, што жывёлы не маглі б існаваць, калі б клеткі іх тканак мелі клетачныя сценкі. А як лічыце вы? Прывядзіце аргументы.
2. Як вы думаеце, ці можна тканкі органаў жывёл выкарыстоўваць для трансплантацыі (перасадкі) пры лячэнні некаторых захворванняў чалавека? Абгрунтуйце свой адказ.