§ 0—6. Параўнальная характарыстыка будовы стрававальнай і крывяноснай сістэм у жывёл

Прэамбула

У курсе біялогіі 8-га класа вы вывучалі прадстаўнікоў сямі асноўных тыпаў царства Жывёлы: Кішачнаполасцевыя, Плоскія чэрві, Круглыя чэрві, Кольчатыя чэрві, Малюскі, Членістаногія, Хордавыя.

Прадстаўнікі тыпу Кішачнаполасцевыя з’яўляюцца двухпластовымі жывёламі з радыяльнай сіметрыяй цела. Сценка цела ў іх прадстаўлена двума пластамі клетак: знешнім — эктадэрмай і ўнутраным — энтадэрмай, якія нельга назваць тканкамі, бо яны складаюцца з розных відаў клетак, спецыялізаваных для выканання пэўных функцый. Паміж пластамі клетак маецца студзяністае рэчыва — мезаглея. Паколькі ў кішачнаполасцевых няма тканак, то яны не маюць органаў і сістэм органаў (акрамя нервовай сістэмы дыфузнага тыпу).

Жывёлы ўсіх астатніх тыпаў называюцца трохпластовымі, іх цела фарміруецца з трох зародкавых лісткоў — эктадэрмы, энтадэрмы і мезадэрмы — і складаецца з добра дыферэнцыраваных тканак і органаў. Органы ўтвараюць сістэмы органаў, якія забяспечваюць пэўныя працэсы жыццядзейнасці. Будова сістэм органаў у розных тыпаў жывёл мае шэраг адрозненняў, абумоўленых узроўнем іх арганізацыі і ўмовамі асяроддзя пражывання.