§ 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл

Мышачная тканка

Мышачная тканка забяспечвае ўсе віды рухальнай актыўнасці арганізма. Яна валодае ўласцівасцямі ўзбудлівасці і скарачальнасці. Узбудлівасць мышачнай тканкі выяўляецца ў здольнасці яе клетак успрымаць нервовы імпульс, што перадаецца рухальным нейронам з ЦНС. Уласцівасць скарачальнасці мышачным клеткам надаюць скарачальныя бялкі акцін і міязін, якія ўтвараюць міяфібрылы (скарачальныя элементы). Вылучаюць тры віды мышачнай тканкі, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго па будове і ўласцівасцях: папярочнапаласатая шкілетная, папярочнапаласатая сардэчная і гладкая (гл. табл.).

Табліца. Характарыстыка відаў мышачнай тканкі

Від тканкі

Асаблівасці будовы клетак

Уласцівасці тканкі

Органы, якія змяшчаюць дадзены від тканкі

Папярочнапаласатая шкілетная

Клеткі шмат'ядзерныя, валакнопадобныя (1—12 см), размешчаны паралельна адна адной у выглядзе пучка, маюць папярочную счэрчанасць

 

Вялікая сіла, хуткасць і адвольнасць (залежнасць ад волі чалавека) скарачэнняў, спажыванне вялікай колькасці кіслароду і энергіі, хуткая стамляльнасць

Шкілетныя і мімічныя мышцы, язык, дыяфрагма, сценкі ротавай поласці, глоткі, гартані і верхняй часткі стрававода

 

Папярочнапаласатая сардэчная

Клеткі аднаядзерныя, злучаюцца паміж сабой з дапамогай бакавых вырастаў, утвараючы адзіную сетку, маюць папярочную счэрчанасць

Хуткасць і мімавольнасць (незалежнасць ад волі чалавека) скарачэнняў, спажыванне вялікай колькасці кіслароду і энергіі, здольнасць да аўтаматыі

Міякард сэрца

Гладкая

Клеткі аднаядзерныя, верацёнападобныя (каля 0,1 мм), не маюць папярочнай счэрчанасці

Невялікая сіла і мімавольнасць скарачэнняў, спажыванне невялікай колькасці О2 і энергіі, малая стамляльнасць

Страўнік, кішэчнік, матка, мачавы пузыр, крывяносныя і лімфатычныя сасуды

 

 

Папярочная счэрчанасць у першых двух відаў мышачнай тканкі абумоўлена чаргаваннем светлых і цёмных участкаў у мышачных валокнах, бачных пры разглядзе іх у мікраскоп. Светлыя ўчасткі складаюцца з тонкіх, а цёмныя — з тоўстых бялковых нітак, якія па-рознаму праламляюць святло.