§ 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл

Эпітэліяльная тканка

Эпітэліяльная тканка выконвае функцыі аховы, сакрэцыі, усмоктвання і ўспрымання раздражненняў. Яна валодае здольнасцю да рэгенерацыі (аднаўлення). У залежнасці ад выконваемай функцыі адрозніваюць два віды эпітэлію: залозісты і покрыўны.

Залозісты эпітэлій утварае залозы, у клетках якіх выпрацоўваюцца розныя сакрэты: гармоны, ферменты, слізь, сліна. Залозы, што не маюць вывадных праток і выдзяляюць свае сакрэты (гармоны) у кроў ці тканкавую вадкасць, называюцца эндакрыннымі ці залозамі ўнутранай сакрэцыі (гіпофіз, наднырачнікі). Калі ж сакрэты праз вывадныя пратокі паступаюць у полы орган ці на паверхню цела, то залозы, якія іх выпрацоўваюць, называюцца экзакрыннымі ці залозамі знешняй сакрэцыі (слінныя, потавыя, тлуставыя, малочныя). Залозы змешанай сакрэцыі спалучаюць у сабе прыметы залоз унутранай і знешняй сакрэцыі (падстраўнікавая, палавыя).

Покрыўны эпітэлій пакрывае цела звонку і высцілае сценкі яго поласцей ці полых органаў. Ён складаецца са шчыльна прылеглых адна да адной клетак, паміж якімі практычна адсутнічае міжклетачнае рэчыва. У залежнасці ад колькасці пластоў клетак покрыўны эпітэлій бывае аднаслойны ці шматслойны. Аднаслойны эпітэлій можа быць плоскім, кубічным ці прызматычным (цыліндрычным) у залежнасці ад формы клетак. Плоскі эпітэлій высцілае грудную і брушную поласці цела. Кубічны эпітэлій утварае сценку канальчыкаў нефронаў нырак і палавых шляхоў. Клеткі прызматычнага эпітэлію высцілаюць унутраную сценку тонкага кішэчніка і дыхальных шляхоў. Калі клеткі эпітэлію маюць раснічкі, то ён называецца раснічным ці мігальным і выконвае функцыю выдалення часцінак пылу з дыхальных шляхоў. Шматслойны эпітэлій можа быць арагавелы (утварае эпідэрміс скуры) ці неарагавелы (высцілае поласць верхніх дыхальных шляхоў).