§ 0—5. Характарыстыка будовы і функцый тканак пазваночных жывёл

Нервовая тканка

Нервовая тканка выконвае функцыю ўспрымання, перадачы, перапрацоўкі і захоўвання інфармацыі, якая паступае з навакольнага асяроддзя ці ад органаў арганізма. З яе складаюцца галаўны і спінны мозг, нервовыя вузлы, спляценні і нервы. Асноўнымі ўласцівасцямі нервовай тканкі з’яўляюцца ўзбудлівасць і праводнасць. Узбудлівасць — здольнасць нервовай тканкі генерыраваць нервовы імпульс у адказ на дзеянне раздражняльніка, праводнасць — здольнасць перадаваць гэты нервовы імпульс іншай клетцы (нервовай ці клетцы тканкі рабочага органа).

Нервовая тканка складаецца з нервовых клетак — нейронаў і клетак нейрагліі. Клеткі нейрагліі выконваюць трафічную, ахоўную і апорную функцыі. Структурнымі элементамі нейрона з’яўляюцца цела, дэндрыты і аксон. Целы нейронаў утвараюць шэрае рэчыва спіннога і галаўнога мозга, а таксама фарміруюць перыферычныя нервовыя вузлы (гангліі). Дэндрыты — кароткія, вельмі разгалінаваныя адросткі, якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць нервовы імпульс у цела нейрона. Аксон — доўгі неразгалінаваны адростак, які перадае нервовы імпульс з цела нейрона іншай клетцы. Ён пакрыты міэлінавай (ліпіднай) абалонкай, якая мае ролю аховы і ізаляцыі, і называецца нервовым валакном. Канец аксона падзяляецца на некалькі аксонных канчаткаў, якія ў вобласці кантакту з іншымі клеткамі фарміруюць сінапсы. Сінапсы забяспечваюць перадачу нервовага імпульсу праз сінаптычную шчыліну з дапамогай медыятара (ацэтылхаліну ці норадрэналіну). У цэнтральнай нервовай сістэме (ЦНС) аксоны ўтвараюць белае рэчыва спіннога і галаўнога мозга. За межамі ЦНС нервовыя валокны з дапамогай злучальнай тканкі аб’ядноўваюцца ў пучкі, якія называюцца нервамі. З дапамогай нерваў ажыццяўляецца сувязь паміж ЦНС і органамі.

Нейроны адрозніваюцца па выконваемай функцыі. Адчувальныя (цэнтраімклівыя) нейроны з дапамогай рэцэптараў успрымаюць дзеянне раздражняльнікаў рознай прыроды і перадаюць яго ў ЦНС у выглядзе нервовага імпульсу. Рухальныя (цэнтрабежныя) нейроны перадаюць нервовы імпульс з ЦНС да рабочых органаў (залоз, мышцаў і інш.). Уставачныя нейроны знаходзяцца ў ЦНС і перадаюць узбуджэнне з адчувальных нейронаў на рухальныя.