§ 0—3. Асаблівасці будовы вегетатыўных органаў раслін

Сцябло

Сцёблы раслін адрозніваюцца вялікай знешняй разнастайнасцю паводле шэрага прымет: ступені адраўнення, формы папярочнага сячэння, характару размяшчэння ў прасторы. Паводле ступені адраўнення сцёблы падзяляюць на адраўнелыя (дрэвавыя) і травяністыя. Паводле формы папярочнага сячэння сцёблы часцей за ўсё бываюць акруглыя, радзей трохгранныя (асака), чатырогранныя (шалфей, мята), рабрыстыя (кроп, морква), пляскатыя (урэчнік). Паводле характару размяшчэння ў прасторы можа быць: прамастаячае сцябло; сцябло, якое прыўзнімаецца; вітковае сцябло; сцябло, якое лазіць; якое чапляецца; сцелістае сцябло; паўзучае сцябло. Нягледзячы на знешнюю разнастайнасць сцёблаў, іх рост у даўжыню не абмежаваны і амаль ва ўсіх відаў раслін адбываецца аднолькава — за кошт конусу нарастання (верхавінкавай мерыстэмы). Выключэнне складаюць злакавыя, у якіх рост сцябла адбываецца за кошт уставачнай мерыстэмы ў вузлах парасткаў (уставачны рост), бо на верхавіне сцябла размяшчаецца суквецце.

Каб зразумець, як адбываецца рост сцябла ў таўшчыню, трэба разгледзець унутраную будову дрэвавага сцябла на прыкладзе ліпы (гл. мал.). На папярочным зрэзе сцябла бачны чатыры асноўныя структурныя кампаненты: кара, камбій, драўніна і асяродак. Кара ўключае корак, першасную кару і луб (флаэму). Корак выконвае ахоўную функцыю. Праз яго чачавічкі ажыццяўляецца газаабмен і транспірацыя. Клеткі першаснай кары выконваюць функцыю запасання. Луб забяспечвае транспарт арганічных рэчываў з лістоў да іншых органаў (сыходны ток) дзякуючы наяўнасці сітападобных трубак з клеткамі-спадарожніцамі. У лубе маюцца лубяныя валокны, якія надаюць сцяблу гнуткасць і пругкасць. Камбій закладаецца ў двухдольных і голанасенных раслін паміж лубам і драўнінай і забяспечвае рост сцябла ў таўшчыню, утвараючы элементы лубу і драўніны. Драўніна (ксілема) займае значную частку зрэзу сцябла. Драўніна забяспечвае транспарт вады і мінеральных рэчываў з кораня ў іншыя органы (узыходны ток) па сасудах. У ёй змяшчаюцца драўляныя валокны, якія надаюць сцяблу высокую трываласць. У драўніне выразна бачныя зоны штогадовага прыросту — гадавыя кольцы. Іх утварэнне тлумачыцца сезоннай актыўнасцю камбію, які ўтварае нераўнацэнныя па памерах элементы драўніны ў розныя перыяды вегетацыйнага сезону. Зімой камбій не функцыянуе. Па колькасці гадавых кольцаў вызначаюць узрост расліны, а па іх шырыні — умовы яе жыцця. Асяродак размяшчаецца ў цэнтры сцябла і прадстаўлены парэнхімай, якая выконвае функцыю запасання.

У травяністых двухдольных раслін з ксілемы, камбію і флаэмы фарміруюцца праводзячыя пучкі (гл. мал.), якія размяшчаюцца кольцам вакол асяродка (можа быць пучковое і непучковое размяшчэнне). За кошт камбію фарміруюцца другасныя праводзячыя тканкі (другасная будова сцябла) і адбываецца рост сцябла ў таўшчыню. У аднадольных раслін камбій не закладаецца, таму сцябло фарміруецца толькі за кошт пракамбію (першасная будова сцябла) і не расце ў таўшчыню. Праводзячыя пучкі ў іх раскіданы па ўсёй таўшчыні сцябла (гл. мал.). Кара і асяродак невыразныя. У злакавых цэнтральная частка сцябла разбураецца і ўтвараецца полае сцябло, якое называецца саломінай.