Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 0—3. Асаблівасці будовы вегетатыўных органаў раслін

  • Успомніце, якія органы раслін называюцца вегетатыўнымі.
  • Як вы думаеце? Што паслужыла прычынай утварэння вегетатыўных органаў у раслін?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці будовы і функцыі кораня, сцябла і ліста.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Падручнік: § 0—3. Асаблівасці будовы вегетатыўных органаў раслін
Надрукаваны: Госць
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 2:17

Органы раслін

Пасля выхаду на сушу ў раслін узнікла неабходнасць прыстасавацца да нізкай шчыльнасці паветранага асяроддзя, да рэзкіх перападаў тэмпературы і вільготнасці, да атрымання мінеральных рэчываў з глебы. У сувязі з гэтымі асаблівасцямі асяроддзя ў наземных раслін з тканак сфарміраваліся органы. Орган — гэта частка расліны, якая складаецца з некалькіх тканак, займае пэўнае становішча ў целе расліны і выконвае спецыфічную функцыю. У залежнасці ад ролі ўсе органы раслін падзяляюць на дзве групы: вегетатыўныя і генератыўныя (рэпрадуктыўныя).

Вегетатыўныя органы ўтвараюць цела расліны, ажыццяўляюць працэсы жыццядзейнасці і вегетатыўнае размнажэнне. Генератыўныя органы адказваюць за працэсы палавога размнажэння раслін.

Галоўную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін адыгрываюць корань, сцябло і ліст. Разгледзім больш падрабязна асаблівасці гэтых органаў (гл. табл.).

 Табліца. Асаблівасці вегетатыўных органаў раслін

Характарыстыка

Корань Сцябло Ліст

Становішча ў расліне

Восевы падземны орган

Восевы надземны орган

Бакавы надземны орган

Тып сіметрыі

Радыяльная

Радыяльная

Двухбаковая (білатэральная)

Галоўныя

функцыі

Усмоктванне вады і мінеральных рэчываў з глебы; замацаванне расліны ў глебе 

Апора для лістоў, пупышак, кветак, пладоў; двухбаковае перамяшчэнне раствораных  рэчываў

Фотасінтэз, газаабмен, транспірацыя

Дадатковыя функцыі

Запасанне пажыўных рэчываў; павелічэнне плошчы апоры; забеспячэнне кіслародам раслін забалочаных месцаў; фотасінтэз у эпіфітаў; вегетатыўнае размнажэнне

Запасанне пажыўных рэчываў; запасанне вады ў раслін засушлівых месцаў; фотасінтэз у травяністых раслін; ахова ад паглынання жывёламі (калючкі); вегетатыўнае размнажэнне

Запасанне вады ў раслін засушлівых месцаў; запасанне пажыўных рэчываў; ахова ад паглынання жывёламі (калючкі); лоўчы апарат у на-сякомаедных раслін; вегетатыўнае размнажэнне

Відазмяненні органа

Караняплоды, каранёвыя клубні (гузы), карані-прычэпкі, карані-прысоскі, дыхальныя, хадульныя, паветраныя, уцягвальныя карані 

Падземныя парасткі: клубень, цыбуліна, карэнішча.

Надземныя парасткі: калючкі, вусікі

Калючкі, вусікі, луска, лоўчы апарат

 

Далей ахарактарызуем знешнюю і ўнутраную будову кораня, сцябла і ліста. 

Корань

У раслін адрозніваюць тры віды каранёў: галоўныя, бакавыя і прыдатачныя. Галоўны корань развіваецца з зародкавага карэньчыка і адыходзіць ад асновы сцябла. Карані, якія адыходзяць ад галоўнага кораня і фарміруюцца за кошт перыцыкла, называюцца бакавымі. Яны могуць быць некалькіх парадкаў. Прыдатачныя карані адыходзяць ад сцябла і лістоў, на іх таксама могуць фарміравацца бакавыя карані. Сукупнасць усіх каранёў адной расліны называецца каранёвай сістэмай. Тып каранёвай сістэмы вызначаецца відамі каранёў, якія ўваходзяць у яе склад. Вядомы два тыпы каранёвых сістэм: стрыжнёвая і валасніковістая. Стрыжнёвая каранёвая сістэма (сістэма галоўнага кораня) прадстаўлена добра развітым галоўным коранем і бакавымі каранямі, якія ад яго адыходзяць. У некаторых раслін са стрыжнёвай каранёвай сістэмай могуць утварацца прыдатачныя карані (бульба, таматы, капуста), калі мае месца абкопванне (падграбанне глебы да ніжняй часткі сцябла). Такі прыём выкарыстоўвае чалавек для паляпшэння мінеральнага жыўлення культурных раслін і павышэння іх ураджайнасці. Валасніковістая каранёвая сістэма (сістэма прыдатачных каранёў) складаецца з прыдатачных каранёў, ад якіх адыходзяць бакавыя карані. Стрыжнёвая каранёвая сістэма характэрна для двухдольных (крапіва двухдомная, дзьмухавец лекавы, стрэлкі), а валасніковістая — для аднадольных (ландыш майскі, мятліца лугавая, пшаніца) раслін. Выключэнне складае падарожнік, які мае валасніковістую каранёвую сістэму, хоць мае дзве семядолі ў зародку і належыць да двухдольных.

Пры разглядзе маладога кораня ў мікраскоп на ім можна заўважыць асобныя ўчасткі: каранёвы чахольчык, зону дзялення, зону расцяжэння і дыферэнцыяцыі, зону ўсмоктвання, зону правядзення (гл. мал). Знешняя будова). Каранёвы чахольчык размешчаны на кончыку кораня і ахоўвае верхавінкавую мерыстэму ў зоне дзялення ад механічных пашкоджанняў. Каранёвы чахольчык — гэта прымета кораня, якая дазваляе адрозніць яго ад падземных парасткаў. Зона дзялення акружана каранёвым чахольчыкам і складаецца з клетак верхавінкавай мерыстэмы, з якіх утвараюцца клеткі ўсіх тканак кораня. Зона расцяжэння і дыферэнцыяцыі размешчана над зонай дзялення. Яе яшчэ называюць зонай росту, паколькі ў гэтай зоне клеткі падаўжаюцца і забяспечваюць рост кораня ў даўжыню. У канцы гэтай зоны аднолькавыя клеткі паступова дыферэнцыруюцца на клеткі тканак. Зона ўсмоктвання (зона каранёвых валаскоў) знаходзіцца над зонай росту, і ў ёй вылучаюцца тканкі. Покрыўная тканка прадстаўлена эпідэрмісам, клеткі якога ўтвараюць каранёвыя валаскі. Эпідэрміс з каранёвымі валаскамі называецца рызадэрмай. Каранёвыя валаскі выконваюць функцыю ўсмоктвання вады і мінеральных рэчываў з глебы. Зона правядзення ідзе за зонай усмоктвання і забяспечвае прасоўванне паглынутых коранем вады і мінеральных рэчываў у надземныя часткі расліны. У гэтай зоне адсутнічаюць каранёвыя валаскі, а ў шматгадовых дрэвавых раслін эпідэрміс з часам замяняецца перыдэрмай. У зоне правядзення ўтвараюцца бакавыя карані за кошт дзялення клетак бакавой мерыстэмы — перыцыкла.

Унутраную будову кораня можна разгледзець на яго папярочным разрэзе ў зоне ўсмоктвання (гл. мал.). Звонку корань пакрыты рызадэрмай. Пад ёй знаходзіцца кара. Яна складаецца з парэнхімы, па клетках якой вада і мінеральныя рэчывы перамяшчаюцца ад каранёвых валаскоў да цэнтральнага цыліндра кораня. Цэнтральны цыліндр складаецца з праводзячых тканак — ксілемы і флаэмы. Ксілема размяшчаецца ў цэнтры кораня і ўтварае радыяльныя прамяні, якія чаргуюцца з участкамі флаэмы. У двухдольных і голанасенных раслін паміж ксілемай і флаэмай закладаецца камбій. Ён забяспечвае рост кораня ў таўшчыню. Ва ўсіх астатніх груп раслін камбій не закладаецца. 

Сцябло

Сцёблы раслін адрозніваюцца вялікай знешняй разнастайнасцю паводле шэрага прымет: ступені адраўнення, формы папярочнага сячэння, характару размяшчэння ў прасторы. Паводле ступені адраўнення сцёблы падзяляюць на адраўнелыя (дрэвавыя) і травяністыя. Паводле формы папярочнага сячэння сцёблы часцей за ўсё бываюць акруглыя, радзей трохгранныя (асака), чатырогранныя (шалфей, мята), рабрыстыя (кроп, морква), пляскатыя (урэчнік). Паводле характару размяшчэння ў прасторы можа быць: прамастаячае сцябло; сцябло, якое прыўзнімаецца; вітковае сцябло; сцябло, якое лазіць; якое чапляецца; сцелістае сцябло; паўзучае сцябло. Нягледзячы на знешнюю разнастайнасць сцёблаў, іх рост у даўжыню не абмежаваны і амаль ва ўсіх відаў раслін адбываецца аднолькава — за кошт конусу нарастання (верхавінкавай мерыстэмы). Выключэнне складаюць злакавыя, у якіх рост сцябла адбываецца за кошт уставачнай мерыстэмы ў вузлах парасткаў (уставачны рост), бо на верхавіне сцябла размяшчаецца суквецце.

Каб зразумець, як адбываецца рост сцябла ў таўшчыню, трэба разгледзець унутраную будову дрэвавага сцябла на прыкладзе ліпы (гл. мал.). На папярочным зрэзе сцябла бачны чатыры асноўныя структурныя кампаненты: кара, камбій, драўніна і асяродак. Кара ўключае корак, першасную кару і луб (флаэму). Корак выконвае ахоўную функцыю. Праз яго чачавічкі ажыццяўляецца газаабмен і транспірацыя. Клеткі першаснай кары выконваюць функцыю запасання. Луб забяспечвае транспарт арганічных рэчываў з лістоў да іншых органаў (сыходны ток) дзякуючы наяўнасці сітападобных трубак з клеткамі-спадарожніцамі. У лубе маюцца лубяныя валокны, якія надаюць сцяблу гнуткасць і пругкасць. Камбій закладаецца ў двухдольных і голанасенных раслін паміж лубам і драўнінай і забяспечвае рост сцябла ў таўшчыню, утвараючы элементы лубу і драўніны. Драўніна (ксілема) займае значную частку зрэзу сцябла. Драўніна забяспечвае транспарт вады і мінеральных рэчываў з кораня ў іншыя органы (узыходны ток) па сасудах. У ёй змяшчаюцца драўляныя валокны, якія надаюць сцяблу высокую трываласць. У драўніне выразна бачныя зоны штогадовага прыросту — гадавыя кольцы. Іх утварэнне тлумачыцца сезоннай актыўнасцю камбію, які ўтварае нераўнацэнныя па памерах элементы драўніны ў розныя перыяды вегетацыйнага сезону. Зімой камбій не функцыянуе. Па колькасці гадавых кольцаў вызначаюць узрост расліны, а па іх шырыні — умовы яе жыцця. Асяродак размяшчаецца ў цэнтры сцябла і прадстаўлены парэнхімай, якая выконвае функцыю запасання.

У травяністых двухдольных раслін з ксілемы, камбію і флаэмы фарміруюцца праводзячыя пучкі (гл. мал.), якія размяшчаюцца кольцам вакол асяродка (можа быць пучковое і непучковое размяшчэнне). За кошт камбію фарміруюцца другасныя праводзячыя тканкі (другасная будова сцябла) і адбываецца рост сцябла ў таўшчыню. У аднадольных раслін камбій не закладаецца, таму сцябло фарміруецца толькі за кошт пракамбію (першасная будова сцябла) і не расце ў таўшчыню. Праводзячыя пучкі ў іх раскіданы па ўсёй таўшчыні сцябла (гл. мал.). Кара і асяродак невыразныя. У злакавых цэнтральная частка сцябла разбураецца і ўтвараецца полае сцябло, якое называецца саломінай.

Ліст

Нягледзячы на знешнюю разнастайнасць, у большасці выпадкаў у лістоў можна вылучыць ліставую пласцінку, чаранок, аснову ліста і прылісткі. Ліставая пласцінка — расшыраная частка ліста, якая выконвае яго галоўныя функцыі. У ёй адрозніваюць аснову і верхавіну. Чаранок — вузкая частка ліста. Яго вонкавы канец пераходзіць у расшыраную аснову ліста, якой ліст прымацоўваецца да сцябла. За кошт чаранка лісты могуць паварочвацца да святла. Лісты, якія маюць чаранок, называюцца чаранковымі, а якія не маюць — сядзячымі. Прылісткі размяшчаюцца каля асновы ліста. У адных раслін яны рана ападаюць (ліпа, дуб, бяроза), у іншых могуць выконваць функцыі лістоў (гарох, чына), а ў трэціх ператвараюцца ў калючкі (рабінія, караганнік дрэвападобны).

Паводле знешняй будовы лісты падзяляюць на простыя і складаныя. У простых лістоў адна ліставая пласцінка, а ў складаных іх некалькі, і кожная можа ападаць паасобку. Простыя лісты па форме ліставой пласцінкі могуць быць лінейныя, акруглыя, авальныя, яйцападобныя, ланцэтныя, сэрцападобныя, стрэлападобныя, коп’епадобныя, ныркападобныя, а па характары краю ліставой пласцінкі — пальчата- і перыстарасчлянёныя. Складаныя лісты паводле характару размяшчэння ліставых пласцінак падзяляюцца на пальчатаскладаныя (каштан, лубін), трайчастаскладаныя (канюшына, суніцы) і перыстаскладаныя (рабіна, гарох).

Унутраную будову ліста добра відаць пад мікраскопам на папя-рочным зрэзе ліставой пласцінкі. Звонку ліст пакрыты эпідэрмісам. У гарызантальна размешчаных лістоў адрозніваюць верхні і ніжні эпідэрміс. На верхнім эпідэрмісе маецца кутыкула, васковы налёт ці апушэнне, у ніжнім эпідэрмісе знаходзяцца вусцейкі. Функцыю фотасінтэзу ў лістах выконвае ў асноўным слупкаватая парэнхіма. Яна ляжыць пад верхнім эпідэрмісам і складаецца з аднаго ці двух шэрагаў шчыльна размешчаных выцягнутых клетак, якія змяшчаюць шмат дробных хларапластаў. Пад слупкаватай парэнхімай знаходзіцца губчатая парэнхіма з вялікімі міжклетнікамі. Яна складаецца з акругых клетак, што змяшчаюць невялікую колькасць хларапластаў. Яна выконвае функцыі газаабмену і транспірацыі. У лістах ценелюбівых раслін слупкаватая парэнхіма адсутнічае. Унутры ліста знаходзяцца праводзячыя пучкі (жылкі), якія выконваюць не толькі праводзячую функцыю, але і функцыю апоры для мяккіх тканак ліста.

Характар размяшчэння жылак называецца жылкаваннем. Для двухдольных раслін характэрна перыстае і пальчатае жылкаванне, а для аднадольных — паралельнае і дугавое.

 

Паўторым галоўнае. Цела раслін складаецца з вегетатыўных органаў — кораня, сцябла і лістоў. Карані ўтвараюць каранёвую сістэму — стрыжнёвую ў двухдольных, валасніковістую ў аднадольных. У будове кораня адрозніваюць каранёвы чахольчык і зоны: дзялення, расцяжэння і дыферэнцыяцыі, усмоктвання, правядзення. Звонку корань пакрыты рызадэрмай, унутры яго размешчаны цэнтральны цыліндр з ксілемы і флаэмы. Сцёблы адрозніваюцца паводле ступені адраўнення, формы папярочнага сячэння, характару размяшчэння ў прасторы. Унутраная будова сцябла ў дрэвавай расліны ўключае кару (корак, першасная кара і луб), камбій, драўніну і асяродак. У травяністых раслін у сцябле маюцца праводзячыя пучкі, размешчаныя па крузе (двухдольныя) ці па ўсёй таўшчыні сцябла (аднадольныя). Ліст складаецца з ліставой пласцінкі, чаранка, асновы ліста, прылісткаў. Паводле колькасці ліставых пласцінак лісты падзяляюцца на простыя і складаныя. Звонку ліст пакрыты эпідэрмісам. Пад верхнім эпідэрмісам знаходзіцца слупкаватая парэнхіма, над ніжнім эпідэрмісам, які змяшчае вусцейкі, размешчана губчатая парэнхіма. Унутры ліста знаходзяцца жылкі (сасудзіста-валакністыя пучкі). Для лістоў двухдольных раслін характэрна перыстае і пальчатае жылкаванне, а для лістоў аднадольных — паралельнае і дугавое.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія тыпы каранёвых сістэм вы ведаеце? З якіх відаў каранёў яны фарміруюцца?
2. Назавіце зоны кораня і іх функцыі.
3. Ахарактарызуйце ўнутраную будову кораня ў зоне ўсмоктвання. Чым яна адрозніваецца ў аднадольных і двухдольных?
4. Якія структурныя кампаненты вылучаюць пры характарыстыцы ўнутранай будовы сцябла дрэвавай двухдольнай расліны?
5. Устанавіце паслядоўнасць размяшчэння структурных частак сцябла на спіле дрэва, пачынаючы з вонкавага пласта: 
а) камбій; б) луб; в) перыдэрма; г) драўніна; д) асяродак. Назавіце адрозненні ўнутранай будовы сцябла ў двухдольных і аднадольных.
6. Чым адрозніваецца ўнутраная будова ліста святлолюбівай і ценелюбівай расліны?

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце, чаму ў драўніне сцябла бачны гадавыя кольцы, а ў лубе яны адсутнічаюць.
2. Якія заканамернасці будовы раслін трэба ўлічваць, ужываючы штучнае вегетатыўнае размнажэнне?
3. Якія відазмяненні вегетатыўных органаў спрыяюць натуральнаму вегетатыўнаму размнажэнню, якія з іх выкарыстоўвае чалавек у сельскай гаспадарцы?
4. Якія расліны — дрэвавыя ці травяністыя — выяўляюць большыя здольнасці да натуральнага вегетатыўнага размнажэння і чаму?
5. Пры вырошчванні таматаў для павышэння ўраджайнасці ўжываюць два агратэхнічныя прыёмы: пікіроўку расады і пасынкаванне — выдаленне бакавых парасткаў. У чым заключаецца біялагічны сэнс гэтых прыёмаў?