Лірыка
«Радзіма...» (1974)
Твор, надрукаваны ў другім зборніку паэзіі А. Разанава «Назаўжды», напісаны ў форме традыцыйнага сілабатанічнага вершаскладання чатырохстопным ямбам, перакрыжаванай і кальцавой рыфмоўкай.
Раскрыццё тэмы верша адбываецца праз выкарыстанне аўтарам антанімічных сцвярджэнняў, асэнсаваных меркаванняў і роздумных прызнанняў. Паэт не апяваў галаслоўную акрыленую любоў да Радзімы, а называў інтэлектуальна адабраныя сітуацыі, калі Радзіма і ён патрэбны адзін аднаму:
Радзіма, да цябе з мальбой |
Чаму так, аўтар не патлумачыў. Магчыма, таму, што ён інтэлектуал і роздум і скруха для яго душы больш звыклыя.
Якая Радзіма ў разанаўскім вызначэнні? Розная: бяздонная, з’інелая, чароўная, звонкая, жывая, рухомая — гэта ўсё асацыятыўныя характарыстыкі, якія ўзнікаюць пасля прачытання другой страфы, багатай мастацкімі тропамі (эпітэт, метафара, аксюмаран і інш.):
Высвечвала бяздонным дном, |
Адкуль прыходзіць Радзіма і дзе яе тэрыторыя? Гэта пытанне таксама падтэкстоўна гучыць у вершы. Іншыя паэты называлі яе межы, зыходзячы з геаграфічных прынцыпаў. Так, Францішак Багушэвіч пісаў у прадмове да «Дудкі беларускай»: «Можа, хто спытае, гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» Уладзімір Караткевіч эмацыянальна пытаўся і адказваў: «Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа...»
Алесь Разанаў па-іншаму вызначыў прастору Радзімы: яе нельга атаясамліваць з пэўнымі геаграфічнымі межамі, Радзіма — паняцце духоўнае:
Ты не ўмяшчаешся ў куток, дзе трызніць Буг, дзе Белавежа... |
Верш «Радзіма...» літаратуразнавец Г. Кісліцына лічыць адным з «лепшых у сучаснай беларускай паэзіі на гэту тэму, які сведчыць, што разанаўскаму таленту заўсёды, пачынаючы з ранніх твораў, былі ўласцівы глыбіня і неартадаксальнасць1 погляду». Сапраўды, пазіцыя А. Разанава не адпавядае агульнапрынятым поглядам, яна вылучаецца формай і зместам.
__________
1 Неартадакса´льнасць — непрытрымліванне асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, непаслядоўнасць.