АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

* Дзейнасць студэнцкіх таварыстваў

Шубраўцы (з пол. — ‘гарэза’, ‘свавольнік’, ‘штукар’) — напаўлегальнае навуковае таварыства, адным з заснавальнікаў якога быў загадчык бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта Казімір Кантрым. Таварыства дзейнічала ў 1816—1822 гадах, выдавала газету «Вулічныя навіны» (Wiadomos´ci Вrukowe), сярод яе рубрык — «Бесклапотна­філасофскія падарожжы» і «Вулічныя навіны з таго свету». Мэтай дзейнасці шубраўцаў было абвешчана выкрыццё грамадскіх заган, паляпшэнне маралі, распаўсюджванне асветы. Праўда, сродкі яе дасягнення былі спрэчныя: літаратурнае свавольства, выкарыстанне любой нагоды дзеля прыцягнення ўвагі да той або іншай праблемы. Вядомыя ўдзельнікі таварыства — Тамаш Зан, Ігнат Ходзька, Антон Гарэцкі.

З успамінаў. Пра тагачасных студэнтаў і выпускнікоў у мемуарах згадвалі так: «З Віленскага ўніверсітэта выходзілі ў свет вучоныя бэйбусы, нязграбныя недарэкі, якія не ведалі, як стаць, як сесці, як адказаць даме, куды падзець няшчасныя і гэтым разам абсалютна непатрэбныя рукі.

Але затое гэтыя недарэкі маглі адразу ж развязаць (рашыць. — Аўт.) любое матэматычнае заданне, вытлумачыць пастулаты рымскага права, адкаментаваць Арыстоцеля, паспрачацца са Спінозам, Лейбніцам ці Локам на тэалагічныя ці маральна-філасофскія тэмы» (Станіслаў Мараўскі).

Філаматы (з грэч. — ‘аматары ведаў’) — віленскае тайнае навукова­асветніцкае таварыства. Першае пасяджэнне адбылося ў 1817 годзе, а праіснавала таварыства да 1823 года. Заснавальнікамі і ўдзельнікамі сталі сакратар суполкі Тамаш Зан, яе прэзідэнт Юзаф Яжоўскі, а таксама Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Мэты таварыства былі блізкія шубраўцам: папулярызацыя навукі сярод моладзі, паляпшэнне звычаяў, выхаванне патрыятычных пачуццяў на падставе славянскай культуры (праз вывучэнне беларускага фальклору, міфалогіі, гісторыі). Мовай штодзённых зносін студэнтаў была польская, а мовай тайнага таварыства — беларуская.

Гісторыя аб’яднання скончылася трагічна: у жніўні 1824 года некаторых удзельнікаў асудзілі да турэмнага зняволення, а іншых — да высылкі.

У 1820 годзе арганізавалася падобнае па духу да філаматаў таварыства філарэтаў — прыхільнікаў маральнай чысціні. Да яго літаратурнага аддзялення — Блакітнага саюза пад кіраўніцтвам Яна Чачота — прымкнуў паэт, сябар Адама Міцкевіча, Эдвард Адынец.