*§ 19-3. ГЕАГРАФІЯ АСНОЎНЫХ ВЫТВОРЧАСЦЕЙ ЛЕСАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ

Найбуйнейшыя ТНК лесапрамысловага комплексу. З канца ХХ ст. важную ролю ў развіцці лесапрамысловага комплексу пачынаюць адыгрываць транснацыянальныя карпарацыі. Буйныя паўночнаамерыканскія і еўрапейскія кампаніі лідзіруюць у драўняна-плітавай, цэлюлознай і папяровай галінах.

Вытворчы працэс у гэтых галінах даволі складаны і патрабуе наяўнасці спецыяльнага абсталявання. Таму найбольш эфектыўным з’яўляецца буйнамаштабная вытворчасць. Гэта вызначыла першапачатковае засяроджванне драўняна-плітавай, цэлюлознай і папяровай вытворчасці ў буйных кампаніях.

Актыўная дзейнасць ТНК спрыяе павышэнню вагі ў сусветным ЛПК краін, што развіваюцца, якія дзякуючы нізкім выдаткам і хуткаму росту спажывання з’яўляюцца больш прывабным аб’ектам інвеставання, чым развітыя краіны.

Практычна для ўсіх найбуйнейшых галіновых ТНК характэрна засяроджванне асноўных інтарэсаў на вытворчасці паперы, кардону і прадукцыі з іх (тары, упакоўкі, санітарна-гігіенічных вырабаў і т. п.).

У свеце ТНК. Больш за палову тэрыторыі Швецыі пакрыта лясамі, якія могуць выкарыстоўвацца ў камерцыйных мэтах. Аднак гадавы аб’ём лесанарыхтовак складае толькі 80 % ад патэнцыйна магчымага. У выніку Швецыя валодае найбуйнейшымі ў Еўропе запасамі лесу. Краіна ўваходзіць у лік найбуйнейшых у свеце экспарцёраў прадукцыі лясной прамысловасці разам з ЗША, Канадай і Фінляндыяй. Асноўны экспартны рынак — Заходняя Еўропа. Шведскія кампаніі Stora Enso, AssiDoman і Sodra з’яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце пастаўшчыкамі піламатэрыялаў.

Па даных за 2017 г. найбуйнейшымі ТНК у лесанарыхтоўчай падгаліне з’яўляюцца Packaging Corp of America (ЗША) і Empresas CMPC (Чылі). Па вытворчасці паперы і кардону вылучаюць тры асноўныя ТНК — International Paper (ЗША), UPM-Kymmene (Фінляндыя) і Stora Enso (Фінляндыя).

Падвядзём вынікі. Лесапрамысловы комплекс уключае ў сябе вытворчасць круглага лесу, паліўнай, дзелавой драўніны, ліставога драўнянага матэрыялу, паперы і кардону. Сусветнымі лідарамі па вытворчасці паперы і кардону з’яўляюцца Кітай, ЗША, Японія.

Праверым свае веды. 1. У чым адрозненне ў развіцці лесапрамысловага комплексу развітых краін і краін, якія развіваюцца? 2. Якія краіны з’яўляюцца асноўнымі экспарцёрамі прадукцыі лесапрамысловага комплексу? 3. У якія краіны і рэгіёны накіраваны асноўныя патокі імпарту прадукцыі лесапрамысловага комплексу?

Ад простага да складанага. Прапануйце і абгрунтуйце перспектывы выкарыстання другаснай сыравіны ў лясной прамысловасці.

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, складзіце схему прамысловага цыкла вытворчасці паперы. 2. Выканайце практычную работу 20 «Аналіз лясістасці і дынамікі плошчаў лясоў у рэгіёнах свету» (праца з контурнай картай).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт ТНК International Paper (ЗША).