*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Уплыў экалагізацыі на галіновую структуру сусветнай гаспадаркі. Разуменне сусветнай супольнасцю неабходнасці рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця і экалагізацыі эканомікі прыводзіць да змен у галіновай структуры сусветнай гаспадаркі.

Напрыклад, у электраэнергетыцы свету ў развітых краінах атрымлівае ўсё большае развіццё выкарыстанне альтэрнатыўных — аднаўляльных — крыніц энергіі: ветру, сонца, прыліваў, біямасы і інш. У галінах апрацоўчай прамысловасці атрымліваюць развіццё новыя эколагаарыентаваныя віды эканамічнай дзейнасці — вытворчасць электрамабіляў, энергазберагальных электрычных лямпачак, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання, экалагічна чыстай мэблі і інш.

Пачынаюць актыўна развівацца экалагічна чыстыя віды транспарту ў гарадах — веласіпедны і пешаходны рух. Карэнным чынам мяняюцца адносіны да абыходжання з адходамі — адбываецца іх масавая ўтылізацыя на прынцыпах рэсайклінга (другаснага выкарыстання), вядзецца раздзельны збор смецця. У сельскай гаспадарцы атрымлівае развіццё арганічнае земляробства, нацэленае на мінімізацыю выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў і інш.