§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Самаабвешчаныя дзяржавы. З-за канфліктаў на сучаснай палітычнай карце свету, звязаных з імкненнем аддзяліцца і атрымаць суверэнітэт, узнікаюць самаабвешчаныя дзяржавы. Яны валодаюць усімі прыкметамі дзяржаўнасці (насельніцтва, тэрыторыя, урад, суверэнітэт), але ў той жа час не маюць поўнага або частковага міжнароднага прызнання. Сярод самаабвешчаных дзяржаў вылучаюць непрызнаныя і часткова прызнаныя дзяржавы.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце самаабвешчаныя дзяржавы на тэрыторыі краін — суседзей Рэспублікі Беларусь, а таксама дзяржаў — членаў СНД.

Усяго на палітычнай карце свету існуе каля 120 непрызнаных дзяржаў. У Азіі іх налічваецца каля 40, у Еўропе — 30. Непрызнанымі лічацца дзяржавы, якія не прызнала ні адна дзяржава — член ААН. Гэта, напрыклад, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка, Нагорна-Карабахская Рэспубліка, Данецкая Народная Рэспубліка, Ісламская дзяржава, заходні Курдыстан. Дзяржавы, якія не маюць магчымасці ўступлення ў ААН, але прызнаныя ў якасці дзяржаў некаторымі дзяржавамі — членамі ААН, атрымалі назву часткова прызнаных.

Да іх адносяцца, напрыклад, Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра, Рэспубліка Косава, Рэспубліка Абхазія і Рэспубліка Паўднёвая Асеція, Дзяржава Палестына.

Вялікая колькасць непрызнаных дзяржаў рознага статусу на палітычнай карце свету прывяла да з’яўлення іх абагульненай назвы.

Квазідзяржава — гэта палітыка-тэрытарыяльнае ўтварэнне, якое, валодаючы асноўнымі прыкметамі дзяржавы, пазбаўлена міжнароднага прызнання, з прычыны чаго не валодае суверэнітэтам.