Уводзіны

І. Гісторыя літаратуры

Даследуе заканамернасці ўзнікнення і развіцця пэўных літаратурных з’яў і фактаў, устанаўлівае значэнне творчасці пісьменнікаў і асобных твораў у нацыянальным, рэгіянальным і сусветным літаратурным працэсе (гл. раздзел «Тэорыя літаратуры. Літаратурны працэс»), жыцці грамадства.
У гісторыі беларускай літаратуры вучоныя вылучаюць некалькі этапаў. Новы этап можа пачацца па розных прычынах: у сувязі з культурнымі падзеямі, развіццём іншых відаў мастацтва, наватарскімі пошукамі асобных аўтараў, са зменамі гістарычных абставін, палітычнага ладу. Сістэмнае апісанне этапаў развіцця літаратуры называецца перыядызацыяй.
У Х класе вы паслядоўна пазнаёміцеся з некаторымі этапамі развіцця беларускай літаратуры:

1. Даўняя літаратура (XI—XVIII стагоддзі).
Зразумела, падчас такога працяглага перыяду літаратура змянялася, была неаднароднай. 

Літаратура Сярэдневякоўя (ХІ—XV стагоддзі), час пасля прыняцця хрысціянства, — гэта перыяд твораў царкоўна-рэлігійнай тэматыкі, дзейнасці беларускіх падзвіжнікаў Кірыла Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, стварэння цэнтраў пісьменства, летапісання, распаўсюджвання рукапісных дакументаў і кніг.

У тэкстах часоў Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, назіралася ўнікальная сітуацыя з наяўнасцю трох моў: дзвюх кніжных — інтэрнацыянальных (царкоўнаславянскай і лацінскай) і адной вуснай — старабеларускай.
У XV стагоддзі, 
калі з’явіліся пераклады пісьмовых тэкстаў на нацыянальныя мовы, пазіцыя старабеларускай мовы ўмацавалася.

У XVІ стагоддзі пачалася эпоха Адраджэння (або, па назве з лацінскай мовы, Рэнесансу), падчас якой еўрапейскія культуры звярнуліся да ідэалаў і каштоўнасцей антычнасці. Стварэнне статутаў Вялікага Княства Літоўскага, асветніцкая і літаратурная дзейнасць на старабеларускай мове Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, лацінамоўная творчасць Міколы Гусоўскага, з’яўленне друку, напісанне твораў пра беларусаў на лацінскай і польскай мовах — вось няпоўны пералік таго, чым узбагаціла гэта эпоха літаратуру. Да гэтага ж часу адносяць і з’яўленне кітабаў — беларускамоўных тэкстаў, напісаных арабскімі літарамі.
У літаратуры XVІI—XVIIІ стагоддзяў выдзяляюць эпохі барока і Асветніцтва. Падчас барока (XVІ—XVІІІ стагоддзі) расквітнела паэзія (Сімяон Полацкі), з’явілася так званая школьная драма — камедыі, а з імі інтэрмедыі, а таксама творы палітычнай сатыры.

Творы мастацкай літаратуры на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пісаліся ў асноўным на польскай мове. Кніжная старабеларуская сыходзіла ў нябыт. Для стварэння мастацкіх тэкстаў усё часцей выкарыстоўвалася беларуская гутарковая мова.
Праўда, 
аўтары заставаліся невядомымі, выдаваць кнігі на ёй было немагчыма — і творы распаўсюджваліся праз завучванне на памяць. З’яўляліся тэксты на лацінскай мове.
Выхадцы з 
Беларусі, якія працавалі на ніве рускай культуры, пісалі па-руску (напрыклад, Сімяон Полацкі).

Літаратура эпохі Асветніцтва (другая палова XVІІІ — пачатак ХІХ стагоддзя) — гэта перыяд культу інтэлекту, рацыянальнага погляду на свет, распаўсюджвання свецкай друкаванай кнігі. У мастацтве другой паловы XVІІІ стагоддзя пераважаў такі мастацкі напрамак, як класіцызм.

2. Развіццё новай беларускай літаратуры (XIX стагоддзе). Беларуская літаратура названа новай таму, што ў ёй пасля доўгага перапынку
на аснове гутарковых пластоў беларускай мовы аднавілася прыгожае пісьменства. Пэўны час для літаратуры было ўласціва шматмоўе. 

Менавіта тады на літаратурнай ніве працавалі Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч і інш. Некаторыя пісьменнікі надавалі вялікае значэнне пачуццям чалавека, што выявілася ў літаратуры сентыменталізму; развіваўся рамантызм; зарадзіўся наіўны, а затым і класічны рэалізм, які стане адным з вядучых літаратурных напрамкаў на працягу ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў.

 Амаль да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў літаратурным асяроддзі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі панавалі традыцыі Рэчы Паспалітай з адпаведным дамінаваннем польскай мовы.
Пасля паўстання 1830—1831 гадоў 
было ўведзена абавязковае вывучэнне рускай мовы — і паступова пісьменнікі з беларускіх тэрыторый пачалі ёй карыстацца.
Статус беларускай мовы ў 
ХІХ стагоддзі моцна змяніўся: яна прайшла шлях ад вуснай гаворкі, увасобленай у ананімных тэкстах, да выкарыстання ў друкаваных аўтарскіх і перакладных творах.


3. Беларуская літаратура першай паловы ХХ стагоддзя.
Адносна 
невялікі па працягласці перыяд першай паловы ХХ стагоддзя быў вельмі насычаны з пункту гледжання змен у сацыяльна-палітычных абставінах і ў слоўным мастацтве.

У пачатку ХХ стагоддзя фарміраваліся класічныя асновы беларускай літаратуры. Гэтаму спрыялі аўтары і стваральнікі першых беларускамоўных газет «Наша доля» і «Наша ніва», таму азначаны перыяд называюць нашаніўскім. У гэтых выданнях пачыналі творчы
шлях пісьменнікі, якія заклалі падмурак беларускай літаратуры, — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Услед за паэзіяй сталі развівацца празаічныя жанры, літаратурная крытыка. Да рамантычных і рэалістычных далучыліся творы беларускага мадэрнізму. 

Утварэнне БССР, палітыка беларусізацыі абумовілі наступны этап літаратурна-грамадскага руху 1920—1930-х гадоў — перыяд літаратурных спрэчак, творчых пошукаў і смелых эксперыментаў, дзейнасці літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», затым — арганізацыі БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў), што завяршыўся ўтварэннем Саюза пісьменнікаў  БССР; гады самастойнага развіцця заходнебеларускай літаратуры. Гэта час фарміравання сацыялістычнага рэалізму, прыходу ў літаратуру Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Кандрата Крапівы, Андрэя Мрыя, перыяд ідэалагізацыі літаратуры, падпарадкавання яе палітычным устаноўкам.

 Мастацкія тэксты першай трэці ХХ стагоддзя пераважна былі напісаны на беларускай мове як мове тытульнай нацыі. Таксама пісьменнікі Беларусі ў той час карысталіся рускай мовай, ідыш і польскай. Выбар мовы твора быў часцей за ўсё абумоўлены адукацыяй, паходжаннем аўтара і той аўдыторыяй, да якой ён хацеў звярнуцца.

Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны развівалася ва ўмовах змагання беларускага народа з захопнікамі. Яна прадстаўлена сатырычнай публіцыстыкай («Раздавім фашысцкую га´дзіну», «Партызанская дубінка»), нататкамі, кароткім апавяданнем і, несумненна, яркай паэзіяй, што выявілася ў вершах, баладах, ліра-эпічных паэмах. Аўтары ў імкненні ўзняць дух байцоў і жыхароў акупаваных тэрыторый плённа выкарыстоўвалі фальклорныя вобразы народных заступнікаў, барацьбітоў за волю.

Тэмы стваральнай працы, аднаўлення разбуранай краіны, перамогі над фашызмам сталі вызначальнымі для літаратуры першых пасляваенных дзесяцігоддзяў: 1945—1955 і 1955—1965 гадоў. Пазней ідэйна-тэматычныя абсягі літаратуры, натуральна, пашырыліся, а многія падзеі былі пераасэнсаваны. У пасляваенную паэзію прыйшлі такія майстры, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, у драматургію — Андрэй Макаёнак. У гэты час літаратура ўзбагацілася аповесцямі, раманамі, эпапеямі мэтраў беларускай прозы Міхася Лынькова, Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна.