Уводзіны

Літаратура

Літаратура — спецыфічная форма пазнання жыцця народа, выяўлення мастацкага спосабу мыслення. Мастацкая літаратура — гэта цэласная сістэма з унутранымі сувязямі, заканамернасцямі развіцця, складанымі ўзаемадзеяннямі паміж тэкстам і чытачом, на якія ўплываюць грамадскія абставіны.
Этапы развіцця літаратуры, тэарэтычныя аспекты яе функцыянавання, літаратурную крытыку, ролю слоўнага мастацтва ў нашым жыцці даследуе літаратуразнаўства. Гэтай навуцы ўжо больш за 200 гадоў.
Вучоныя называюць літаратурай сукупнасць пісьмовых і друкаваных твораў прыгожага пісьменства ў іх узаемадзеянні.

Слова «літаратура» паходзіць ад лацінскага litteratura, што значыць напісанае’, і таму творы вуснай народнай творчасці да літаратуры не адносяць.
У фальклорных твораў, як правіла, няма канкрэтнага аўтара, яны бытуюць у вуснай форме. Літаратурныя творы функцыянуюць у запісаным (надрукаваным) выглядзе, і ў іх ёсць аўтар.

Мастацкай літаратурай называюць від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання свету выступае слова (як у мастацтве фатаграфіі — святло, колер і перспектыва, у музыцы — гук, яго вышыня, працягласць, тэмбр).

Літаратуру можна з поўным правам назваць спосабам пазнання свету. Спачатку пісьменнік асэнсоўвае законы жыцця, пільна назіраючы за ім, а затым перадае сваё бачанне чытачам, якія праз мастацкі твор спазнаюць навакольнае асяроддзе. Паступова творы літаратуры фарміруюць светапогляд чытача. Напрыклад, асоба, знаёмая з творамі Максіма Гарэцкага, разумее трагізм становішча чалавека на вайне, апынаецца разам з героямі ў складаных жыццёвых сітуацыях.
Духоўныя каштоўнасці сцвярджаюцца, захоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням праз закладзеныя ў творах маральныя прынцыпы, праз жыццёвыя ўрокі, якія дае літаратура, праз выхаванне маладых чытачоў на літаратурнай класіцы. Дзякуючы гэтаму больш за сто гадоў беларуская літаратура аб’ядноўвае грамадства.
Даследаванне літаратуры ідзе ў трох напрамках, паводле якіх выдзяляюць тры галіны літаратуразнаўства: гісторыю літаратуры, тэорыю літаратуры і літаратурную крытыку.

Дэталёва аналізаваць развіццё прыгожага пісьменства літаратуразнаўству дапамагае тэксталогія — спецыяльная дысцыпліна, якая вывучае і ўзнаўляе гісторыю і лёс твораў, іх варыянты, аўтарскія рэдакцыі з мэтай далейшага даследавання, інтэрпрэтацыі, апублікавання.