Уводзіны
1. Узгадайце, калі пачалося развіццё мастацкага слова на тэрыторыі Беларусі. 2. Якія літаратурныя творы вам найбольш спадабаліся? Чым яны вылучаюцца (сюжэт, персанажы, майстэрства аўтара або інш.)? |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Уводзіны |
Printed by: | Guest user |
Date: | Friday, 11 October 2024, 8:18 AM |
Літаратура
Літаратура — спецыфічная форма пазнання жыцця народа, выяўлення мастацкага спосабу мыслення. Мастацкая літаратура — гэта цэласная сістэма з унутранымі сувязямі, заканамернасцямі развіцця, складанымі ўзаемадзеяннямі паміж тэкстам і чытачом, на якія ўплываюць грамадскія абставіны.
Этапы развіцця літаратуры, тэарэтычныя аспекты яе функцыянавання, літаратурную крытыку, ролю слоўнага мастацтва ў нашым жыцці даследуе літаратуразнаўства. Гэтай навуцы ўжо больш за 200 гадоў.
Вучоныя называюць літаратурай сукупнасць пісьмовых і друкаваных твораў прыгожага пісьменства ў іх узаемадзеянні.
Слова «літаратура» паходзіць ад лацінскага litteratura, што значыць ‘напісанае’, і таму творы вуснай народнай творчасці да літаратуры не адносяць. |
Мастацкай літаратурай называюць від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання свету выступае слова (як у мастацтве фатаграфіі — святло, колер і перспектыва, у музыцы — гук, яго вышыня, працягласць, тэмбр).
Літаратуру можна з поўным правам назваць спосабам пазнання свету. Спачатку пісьменнік асэнсоўвае законы жыцця, пільна назіраючы за ім, а затым перадае сваё бачанне чытачам, якія праз мастацкі твор спазнаюць навакольнае асяроддзе. Паступова творы літаратуры фарміруюць светапогляд чытача. Напрыклад, асоба, знаёмая з творамі Максіма Гарэцкага, разумее трагізм становішча чалавека на вайне, апынаецца разам з героямі ў складаных жыццёвых сітуацыях.
Духоўныя каштоўнасці сцвярджаюцца, захоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням праз закладзеныя ў творах маральныя прынцыпы, праз жыццёвыя ўрокі, якія дае літаратура, праз выхаванне маладых чытачоў на літаратурнай класіцы. Дзякуючы гэтаму больш за сто гадоў беларуская літаратура аб’ядноўвае грамадства.
Даследаванне літаратуры ідзе ў трох напрамках, паводле якіх выдзяляюць тры галіны літаратуразнаўства: гісторыю літаратуры, тэорыю літаратуры і літаратурную крытыку.
Дэталёва аналізаваць развіццё прыгожага пісьменства літаратуразнаўству дапамагае тэксталогія — спецыяльная дысцыпліна, якая вывучае і ўзнаўляе гісторыю і лёс твораў, іх варыянты, аўтарскія рэдакцыі з мэтай далейшага даследавання, інтэрпрэтацыі, апублікавання. |
І. Гісторыя літаратуры
Даследуе заканамернасці ўзнікнення і развіцця пэўных літаратурных з’яў і фактаў, устанаўлівае значэнне творчасці пісьменнікаў і асобных твораў у нацыянальным, рэгіянальным і сусветным літаратурным працэсе (гл. раздзел «Тэорыя літаратуры. Літаратурны працэс»), жыцці грамадства.
У гісторыі беларускай літаратуры вучоныя вылучаюць некалькі этапаў. Новы этап можа пачацца па розных прычынах: у сувязі з культурнымі падзеямі, развіццём іншых відаў мастацтва, наватарскімі пошукамі асобных аўтараў, са зменамі гістарычных абставін, палітычнага ладу. Сістэмнае апісанне этапаў развіцця літаратуры называецца перыядызацыяй.
У Х класе вы паслядоўна пазнаёміцеся з некаторымі этапамі развіцця беларускай літаратуры:
1. Даўняя літаратура (XI—XVIII стагоддзі). Зразумела, падчас такога працяглага перыяду літаратура змянялася, была неаднароднай.
Літаратура Сярэдневякоўя (ХІ—XV стагоддзі), час пасля прыняцця хрысціянства, — гэта перыяд твораў царкоўна-рэлігійнай тэматыкі, дзейнасці беларускіх падзвіжнікаў Кірыла Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, стварэння цэнтраў пісьменства, летапісання, распаўсюджвання рукапісных дакументаў і кніг.
У тэкстах часоў Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, назіралася ўнікальная сітуацыя з наяўнасцю трох моў: дзвюх кніжных — інтэрнацыянальных (царкоўнаславянскай і лацінскай) і адной вуснай — старабеларускай. |
У XVІ стагоддзі пачалася эпоха Адраджэння (або, па назве з лацінскай мовы, Рэнесансу), падчас якой еўрапейскія культуры звярнуліся да ідэалаў і каштоўнасцей антычнасці. Стварэнне статутаў Вялікага Княства Літоўскага, асветніцкая і літаратурная дзейнасць на старабеларускай мове Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, лацінамоўная творчасць Міколы Гусоўскага, з’яўленне друку, напісанне твораў пра беларусаў на лацінскай і польскай мовах — вось няпоўны пералік таго, чым узбагаціла гэта эпоха літаратуру. Да гэтага ж часу адносяць і з’яўленне кітабаў — беларускамоўных тэкстаў, напісаных арабскімі літарамі.
У літаратуры XVІI—XVIIІ стагоддзяў выдзяляюць эпохі барока і Асветніцтва. Падчас барока (XVІ—XVІІІ стагоддзі) расквітнела паэзія (Сімяон Полацкі), з’явілася так званая школьная драма — камедыі, а з імі інтэрмедыі, а таксама творы палітычнай сатыры.
Творы мастацкай літаратуры на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пісаліся ў асноўным на польскай мове. Кніжная старабеларуская сыходзіла ў нябыт. Для стварэння мастацкіх тэкстаў усё часцей выкарыстоўвалася беларуская гутарковая мова. |
Літаратура эпохі Асветніцтва (другая палова XVІІІ — пачатак ХІХ стагоддзя) — гэта перыяд культу інтэлекту, рацыянальнага погляду на свет, распаўсюджвання свецкай друкаванай кнігі. У мастацтве другой паловы XVІІІ стагоддзя пераважаў такі мастацкі напрамак, як класіцызм.
2. Развіццё новай беларускай літаратуры (XIX стагоддзе). Беларуская літаратура названа новай таму, што ў ёй пасля доўгага перапынку
на аснове гутарковых пластоў беларускай мовы аднавілася прыгожае пісьменства. Пэўны час для літаратуры было ўласціва шматмоўе.
Менавіта тады на літаратурнай ніве працавалі Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч і інш. Некаторыя пісьменнікі надавалі вялікае значэнне пачуццям чалавека, што выявілася ў літаратуры сентыменталізму; развіваўся рамантызм; зарадзіўся наіўны, а затым і класічны рэалізм, які стане адным з вядучых літаратурных напрамкаў на працягу ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў.
Амаль да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў літаратурным асяроддзі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі панавалі традыцыі Рэчы Паспалітай з адпаведным дамінаваннем польскай мовы. |
3. Беларуская літаратура першай паловы ХХ стагоддзя. Адносна невялікі па працягласці перыяд першай паловы ХХ стагоддзя быў вельмі насычаны з пункту гледжання змен у сацыяльна-палітычных абставінах і ў слоўным мастацтве.
У пачатку ХХ стагоддзя фарміраваліся класічныя асновы беларускай літаратуры. Гэтаму спрыялі аўтары і стваральнікі першых беларускамоўных газет «Наша доля» і «Наша ніва», таму азначаны перыяд называюць нашаніўскім. У гэтых выданнях пачыналі творчы
шлях пісьменнікі, якія заклалі падмурак беларускай літаратуры, — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі. Услед за паэзіяй сталі развівацца празаічныя жанры, літаратурная крытыка. Да рамантычных і рэалістычных далучыліся творы беларускага мадэрнізму.
Утварэнне БССР, палітыка беларусізацыі абумовілі наступны этап літаратурна-грамадскага руху 1920—1930-х гадоў — перыяд літаратурных спрэчак, творчых пошукаў і смелых эксперыментаў, дзейнасці літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», затым — арганізацыі БелАПП (Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў), што завяршыўся ўтварэннем Саюза пісьменнікаў БССР; гады самастойнага развіцця заходнебеларускай літаратуры. Гэта час фарміравання сацыялістычнага рэалізму, прыходу ў літаратуру Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Кандрата Крапівы, Андрэя Мрыя, перыяд ідэалагізацыі літаратуры, падпарадкавання яе палітычным устаноўкам.
Мастацкія тэксты першай трэці ХХ стагоддзя пераважна былі напісаны на беларускай мове як мове тытульнай нацыі. Таксама пісьменнікі Беларусі ў той час карысталіся рускай мовай, ідыш і польскай. Выбар мовы твора быў часцей за ўсё абумоўлены адукацыяй, паходжаннем аўтара і той аўдыторыяй, да якой ён хацеў звярнуцца. |
Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны развівалася ва ўмовах змагання беларускага народа з захопнікамі. Яна прадстаўлена сатырычнай публіцыстыкай («Раздавім фашысцкую га´дзіну», «Партызанская дубінка»), нататкамі, кароткім апавяданнем і, несумненна, яркай паэзіяй, што выявілася ў вершах, баладах, ліра-эпічных паэмах. Аўтары ў імкненні ўзняць дух байцоў і жыхароў акупаваных тэрыторый плённа выкарыстоўвалі фальклорныя вобразы народных заступнікаў, барацьбітоў за волю.
Тэмы стваральнай працы, аднаўлення разбуранай краіны, перамогі над фашызмам сталі вызначальнымі для літаратуры першых пасляваенных дзесяцігоддзяў: 1945—1955 і 1955—1965 гадоў. Пазней ідэйна-тэматычныя абсягі літаратуры, натуральна, пашырыліся, а многія падзеі былі пераасэнсаваны. У пасляваенную паэзію прыйшлі такія майстры, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, у драматургію — Андрэй Макаёнак. У гэты час літаратура ўзбагацілася аповесцямі, раманамі, эпапеямі мэтраў беларускай прозы Міхася Лынькова, Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна.
ІІ. Тэорыя літаратуры як навука
Дазваляе разабрацца ў літаратурных напрамках і плынях, складаных шляхах развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства, літаратурных родах і жанрах, вершаваных памерах, мастацкіх сродках, якія ствараюць індывідуальны стыль пісьменніка, а таксама ў іншых аспектах літаратурнай творчасці. Гэта дае магчымасць і чытачам, і навукоўцам правільна зразумець і вытлумачыць мастацкія вартасці тэкстаў, іх сэнс, ролю ў літаратурным працэсе. Напрыклад, тэарэтыкі прапануюць аднастайна прымяняць паняцце лірызму як «элемента эмацыянальнасці, паэтычнай усхваляванасці ў творах мастацтва», каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці, розных трактовак.
* ІІІ. Літаратурная крытыка
Заклікана ацаніць мастацкія тэксты. Часцей за ўсё гэта новыя творы, але бывае, што яны ўпершыню друкуюцца праз шмат гадоў пасля напісання, — і крытыка пачынае займацца імі пасля публікацыі. Задача літаратурных крытыкаў — аб’ектыўна, з навуковага пункту гледжання ацаніць поспехі, наватарства, знаходкі аўтара, параўнаць твор з іншымі падобнымі, паставіць яго ў кантэкст беларускай, а магчыма, еўрапейскай і сусветнай літаратуры, асэнсаваць яго значэнне для культуры і грамадства. Вядома, калі аўтарскаму тэксту не хапае пэўных істотных якасцей, літаратуразнаўцы могуць указаць на недахопы.
Канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў мастацтве слова. Літаратурны твор адлюстроўвае канкрэтныя падзеі — рэальныя або выдуманыя. Яны акрэсліваюць умовы аповеду або лірычнага перажывання і адлюстроўваюць пэўныя гістарычныя абставіны. Напрыклад, у аповесці Янкі Брыля «Сірочы хлеб» («Урокі пані Мар’і») канкрэтна-гістарычныя рэаліі Заходняй Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя паказаны праз апісанне школьнага навучання галоўнага героя — Даніка Мальца.
Нацыянальная адметнасць, самабытнасць у літаратуры праяўляюцца не толькі праз адлюстраванне знешніх асаблівасцей у абліччы або побыце народа, але перш за ўсё праз аўтарскае бачанне, якое заключае ў сабе духоўныя запаветы продкаў. Мастак праз уласны светапогляд, сфарміраваны на падставе поглядаў яго нацыі, узнімаецца да ідэй, агульных для ўсяго чалавецтва, і робіць зразумелай для іншых народаў спрадвечную мудрасць свайго.
Аўтар літаратурнага твора — носьбіт пэўнай культуры, нацыянальнай мовы, традыцый, і гэта накладвае пэўны адбітак на тое, як ён бачыць наваколле і разумее яго. Напрыклад, у некаторых афрыканскіх мовах спалучэнне «ссячы дрэва» перакладаецца як «забіць дрэва», таму што дрэва — вялікая каштоўнасць: яно ўказвае, дзе ў глыбіні пяскоў ёсць вада. Светапогляд беларусаў, нацыянальны каларыт вельмі ярка праявіліся ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і трылогіі Івана Мележа «Палеская хроніка». Таму гэтыя творы сталі называць энцыклапедыямі беларускага жыцця.
Пры гэтым кожная нацыянальная літаратура ўвасабляе агульначалавечыя каштоўнасці, менавіта таму чытачы здольны суперажываць носьбітам іншых культур і ім добра зразумелыя думкі і пачуцці герояў, створаных іншамоўнымі аўтарамі. Так праяўляецца агульначалавечае ў літаратуры.
Сёння існуе асобная філасофская навука, якая даследуе каштоўнасці, іх прыроду, месца ў свеце, сувязь з сацыяльнымі і культурнымі фактарамі, а таксама структурай асобы. Яна называецца аксіялогія — ад грэчаскіх слоў axios — ‘каштоўнасць’ і logos — ‘слова, вучэнне’. Гэты факт пацвярджае значнасць агульначалавечага ў культуры.
Такія агульначалавечыя каштоўнасці, як безумоўная любоў да людзей, павага да асобы і прызнанне індывідуальнасці, ярка выяўляюцца ў творчасці Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага. Праз гэта адзінства духоўных памкненняў, маральных арыенціраў замежныя чытачы здольны зразумець і ацаніць пераклады з беларускай мовы, а нашы суайчыннікі — глыбока суперажываць героям перакладаў з Андрэ Маруа, Стэфана Цвейга, Гіёма Апалінэра і інш.
«Вечныя вобразы» ў літаратуры. У культуры ёсць мастацкія вобразы-персанажы, якія маюць пазачасавыя характарыстыкі і ўвасабляюць іх настолькі ярка, што набылі агульначалавечае значэнне. Яны шматразова ўзнаўляліся ў розных літаратурах свету, і праз гэта многія сюжэты нацыянальных літаратур пераклікаюцца паміж сабой. Такія вобразы называюцца вечнымі.
Напрыклад, Праметэй — адзін з самых запатрабаваных беларускай літаратурай вечных вобразаў. Паводле міфа, Праметэй стварыў людзей з зямлі і вады, навучыў іх пісьму, медыцыне, будаўніцтву, навігацыі, астраноміі. Самы папулярны сюжэт — пра тое, як герой выкраў у багоў Алімпа агонь і перадаў людзям, а ўгневаны Зеўс загадаў прыкаваць яго да скалы. Матыў ахвяравання сабой дзеля іншых, дзеля прагрэсу заўжды натхняў пісьменнікаў — Вальтэра, Іагана Вольфганга Гётэ, Джорджа Байрана, Персі Біш Шэлі, Тараса Шаўчэнку, Міхайла Ламаносава.
У беларускай літаратуры вобраз Праметэя, яго подзвіг стаў вядучым у творах Янкі Купалы («Сон на Кургане»), Анатоля Вярцінскага («Зноў шлак халодны...», «Гефест — друг Праметэя», «Непраметэі»), Уладзіміра Караткевіча («Прарок Геронім Босх», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля»). Асабліва заўважны так званы праметэізм у творчасці Максіма Танка («Яны», «Праметэй», «Эстафета агню»).
Адным словам, нацыянальныя літаратуры, як кавалачкі мазаікі, ствараюць карціну сусветнага мастацтва. Яны могуць быць больш яркія і ўплывовыя або зусім невялікія, але без аднаго фрагмента выява будзе няпоўная. Беларуская літаратура прыўнесла ў гэта вялікае мастацкае палатно свой унікальны нацыянальны свет, які рухаецца вакол земляробчага календара, знаходкі народнай мудрасці, вобразы загадкавага князя-ваўкалака, мужнага гусляра, селяніна-гаспадара і гараджаніна ў першым пакаленні, інтэлігента і інтэлектуала, вобразы беларускай прыроды і многае іншае, што можна пазнаць, калі прачытаць творы беларускіх пісьменнікаў.
* Пытанні
1. З апорай на матэрыял раздзела самастойна дайце азначэнне паняццям «літаратура», «мастацкая літаратура». Параўнайце ваша азначэнне з трыма іншымі, прапанаванымі ў вучэбных дапаможніках, слоўніках або энцыклапедыях. Разгледжаныя вамі азначэнні супярэчаць адно аднаму або ўзаемадапаўняюцца? |
|
2. Назавіце асноўныя галіны літаратуразнаўства. Якія ў іх задачы? | |
3. На якіх мовах ствараліся тэксты беларускай літаратуры на працягу яе развіцця? На якой падставе іншамоўныя творы далучаюць да беларускай літаратуры — паводле зместу, месца напісання, паказаных падзей беларускай гісторыі, наяўнасці персанажаў-беларусаў або інш.? |
|
*4. Ці можа літаратуразнаўства абмежавацца даследаваннем толькі гісторыі літаратуры? Толькі тэорыі? Толькі крытыкі? Чаму? |