§ 58. Спецыялізаваныя ахоўныя тэрыторыі
Нацыянальныя паркі
Нацыянальныя паркі — гэта асабліва ахоўныя тэрыторыі, на якіх размешчаны прыродныя комплексы, што ўяўляюць гістарычную, экалагічную і культурную каштоўнасць. У нацыянальных парках вылучаюць зоны з запаведным рэжымам і зоны з рэжымам заказніка, дзе дапускаецца прысутнасць чалавека.
На тэрыторыі нацыянальнага парку забараняецца любая дзейнасць, якая можа прынесці шкоду прыродным комплексам і аб’ектам і супярэчыць мэтам і задачам нацыянальнага парку.
Першы ў свеце Елаўстонскі нацыянальны парк плошчай каля 900 тыс. га быў створаны ў ЗША ў 1872 г.
У Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час дзейнічаюць чатыры нацыянальныя паркі.
Нацыянальны парк Белавежская пушча — адна з найстарэйшых ахоўных тэрыторый у свеце. Агульная плошча ахоўных зямель парку складае больш за 150 тыс. га. Нацыянальны парк Белавежская пушча на тэрыторыі Беларусі размяшчаецца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а з захаду да яго прылягае польскі Белавежскі нацыянальны парк. У парку знаходзіцца найбуйнейшы масіў старажытных лясоў Еўропы. Сярэдні ўзрост дрэў больш за 100 гадоў, а на некаторых участках дасягае 250—350 гадоў. У Белавежскай пушчы зарэгістравана больш за тысячу дрэў-волатаў (цар-дуб і іншыя 400—600-гадовыя дубы, 250—350-гадовыя ясені і хвоі, 200—250-гадовыя яліны).
Белавежская пушча ўваходзіць у чацвёрку самых знакамітых і ўнікальных па сваім паходжанні лясных масіваў свету. Па колькасці відаў раслін і жывёл яна з’яўляецца рэкардсменам і не мае сабе роўных у Еўропе. Белавежская пушча — унікальны лясны масіў, дзе захаваліся апошнія астраўкі некалі шырокіх раўнінных некранутых лясоў з прысутнасцю рэліктавых раслін і жывёл. У парку жыве самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў. У беларускай частцы пушчы іх каля 570. Флора і фаўна тут прадстаўлена вялікай колькасцю рэдкіх відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У 1992 г. Нацыянальны парк Белавежская пушча быў уключаны ў Спіс сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Нацыянальны парк Браслаўскія азёры — яркае сведчанне таго, чаму Беларусь называюць сінявокай. Створаны парк у 1995 г. Размешчаны ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці і займае плошчу каля 65 тыс. га. Асноўная мэта яго стварэння — захаванне ўнікальных прыродных комплексаў Браслаўскай азёрнай групы. Тут на параўнальна невялікай тэрыторыі знаходзіцца больш за 30 азёр. У парку жывуць больш за 200 відаў птушак. У тым ліку рэдкія віды: бусел чорны, журавель шэры, чайка шызая, курапатка белая. Для Браслаўскіх азёр характэрна вялікая відавая разнастайнасць рыб: лін, сняток, рапушка, вугор.
Нацыянальны парк Прыпяцкі знаходзіцца ў Гомельскай вобласці і займае плошчу 188,5 тыс. га. Утвораны ў 1996 г. Лясы, балоты, поймы ракі Прыпяць складаюць каля 95 % яго плошчы. Вялізныя суцэльныя масівы парку (па 500 га) займаюць журавіннікі, якія не маюць сабе роўных у свеце. Асноўная мэта стварэння гэтай ахоўнай тэрыторыі — захаванне ўнікальных поймавых ландшафтаў Палесся. У парку налічваецца больш за 1 тыс. відаў раслін, 45 відаў млекакормячых, больш за 250 відаў птушак. Дзякуючы багатай відавой разнастайнасці птушак Нацыянальны парк Прыпяцкі атрымаў міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. У парку адзначана гнездаванне птушак, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення: падворліка вялікага і драча.
Нацыянальны парк Нарачанскі быў створаны ў 1999 г. Ён размешчаны на паўночным захадзе краіны, у асноўным на тэрыторыі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Тут знаходзіцца Нарачанская група азёр. Мэтай стварэння парку было захаванне прыродных комплексаў лясоў і лугоў, якія прылягаюць да возера Нарач.
У флоры нацыянальнага парку налічваецца больш за 1 тыс. відаў раслін, з іх больш за 100 рэдкіх і знікаючых відаў. Тут пастаянна жыве каля 50 відаў млекакормячых і гняздуецца 220 відаў птушак. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць рэдкія і ахоўныя ў Беларусі віды жывёл: барсук, гагара чорнаваллёвая, скапа, бусел чорны.