§ 58. Спецыялізаваныя ахоўныя тэрыторыі
- Успомніце ахоўныя віды жывёл і раслін у Рэспубліцы Беларусь.
- Як вы думаеце? Ці можа стварэнне запаведных зон захаваць відавую разнастайнасць?
- Вы даведаецеся пра ахоўныя аб’екты і запаведныя тэрыторыі Беларусі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 58. Спецыялізаваныя ахоўныя тэрыторыі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 07:36 |
Ахова прыроды
Ахова прыроды — комплекс дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне расліннасці і жывёльнага свету, глеб, вод, зямных нетраў і атмасферы. Асноўнай задачай прыродаахоўнай дзейнасці з’яўляецца захаванне ўнікальных куткоў прыроды, колькасці рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фаўны. Для арганізацыі назіранняў за змяненнямі ў прыродзе ў Беларусі створаны асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі: запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі, рэзерваты, помнікі прыроды. Зараз іх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзейнічае больш за 1200, і агульная плошча складае прыкладна 1,8 млн га. Гэта каля 9 % усёй плошчы Беларусі.
Запаведнікі
Запаведнікі — асабліва ахоўныя дзяржавай тэрыторыі, цалкам выключаныя з гаспадарчай дзейнасці чалавека. Сёння ў свеце вядома каля 2 тыс. запаведнікаў. Мэтай іх стварэння з’яўляецца захаванне ў некранутым выглядзе натуральных прыродных згуртаванняў, аднаўленне папуляцый рэдкіх і знікаючых жывёл, а таксама правядзенне навуковых даследаванняў. У межах запаведнікаў не дапушчаецца гаспадарчая (лесанарыхтоўка, сенакос, нарыхтоўка смалы) і рэкрэацыйная (адпачынак, збор ягад, грыбоў) дзейнасць чалавека.
Асаблівая катэгорыя — біясферныя запаведнікі, дзе захоўваюцца цэлыя ландшафты і вядуцца назіранні па адзіных методыках, складзеных у адпаведнасці з праграмай ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». Усяго ў свеце каля 560 біясферных запаведнікаў.
У цяперашні час у Беларусі функцыянуюць Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнікі.
*Бярэзінскі біясферны запаведнік быў заснаваны ў 1925 г. для аховы і вырошчвання каштоўных відаў птушак і звяроў (баброў). У 1979 г. ён увайшоў у сістэму міжнароднага назірання за станам прыроднага асяроддзя і атрымаў статус біясфернага. Запаведнік займае плошчу звыш 130 тыс. га і размешчаны на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. На яго тэрыторыі прысутнічаюць чатыры тыпы экасістэм: лясы, балоты, вадаёмы і лугі. Асноўным тыпам з’яўляюцца лясы, якія займаюць каля 80 % тэрыторыі запаведніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць абарыгенныя натуральныя сасновыя, чорнаальховыя і пушыста-бярозавыя балоцістыя лясы. На тэрыторыі запаведніка шмат вялікіх і малых азёр, працякаюць ці бяруць пачатак каля 70 рэк, самая буйная з якіх — Бярэзіна. Агульная плошча вадаёмаў запаведніка — больш за 2 тыс. га. Натуральныя балоты тут займаюць 43 тыс. га, што робіць Бярэзінскі запаведнік адным з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе.
У цяперашні час у запаведніку расце больш за 2 тыс. відаў раслін і жыве каля 4 тыс. відаў жывёл. З іх больш за 200 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У запаведніку на адной тэрыторыі ў дзікіх умовах жыве «вялікая еўрапейская пяцёрка» буйных млекакормячых — лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь. Вядома больш за 200 паселішчаў баброў і жыве амаль трэць усёй беларускай папуляцыі мядзведзя бурага (каля 40 асобін).
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Гісторыя яго стварэння трагічная. Запаведнік быў арганізаваны ў 1988 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з мэтай назірання за радыебіялагічнымі і экалагічнымі наступствамі аварыі. Ён размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў Гомельскай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі. Гэта запаведная тэрыторыя па-свойму ўнікальная. Тут ва ўмовах мінімальнага ўмяшання чалавека вядуцца назіранні за развіццём дзікай прыроды ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання. Вучоныя запаведніка вывучаюць спосабы аднаўлення глеб Беларусі, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС аказаліся забруджанымі радыенуклідамі.
Нацыянальныя паркі
Нацыянальныя паркі — гэта асабліва ахоўныя тэрыторыі, на якіх размешчаны прыродныя комплексы, што ўяўляюць гістарычную, экалагічную і культурную каштоўнасць. У нацыянальных парках вылучаюць зоны з запаведным рэжымам і зоны з рэжымам заказніка, дзе дапускаецца прысутнасць чалавека.
На тэрыторыі нацыянальнага парку забараняецца любая дзейнасць, якая можа прынесці шкоду прыродным комплексам і аб’ектам і супярэчыць мэтам і задачам нацыянальнага парку.
Першы ў свеце Елаўстонскі нацыянальны парк плошчай каля 900 тыс. га быў створаны ў ЗША ў 1872 г.
У Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час дзейнічаюць чатыры нацыянальныя паркі.
Нацыянальны парк Белавежская пушча — адна з найстарэйшых ахоўных тэрыторый у свеце. Агульная плошча ахоўных зямель парку складае больш за 150 тыс. га. Нацыянальны парк Белавежская пушча на тэрыторыі Беларусі размяшчаецца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а з захаду да яго прылягае польскі Белавежскі нацыянальны парк. У парку знаходзіцца найбуйнейшы масіў старажытных лясоў Еўропы. Сярэдні ўзрост дрэў больш за 100 гадоў, а на некаторых участках дасягае 250—350 гадоў. У Белавежскай пушчы зарэгістравана больш за тысячу дрэў-волатаў (цар-дуб і іншыя 400—600-гадовыя дубы, 250—350-гадовыя ясені і хвоі, 200—250-гадовыя яліны).
Белавежская пушча ўваходзіць у чацвёрку самых знакамітых і ўнікальных па сваім паходжанні лясных масіваў свету. Па колькасці відаў раслін і жывёл яна з’яўляецца рэкардсменам і не мае сабе роўных у Еўропе. Белавежская пушча — унікальны лясны масіў, дзе захаваліся апошнія астраўкі некалі шырокіх раўнінных некранутых лясоў з прысутнасцю рэліктавых раслін і жывёл. У парку жыве самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў. У беларускай частцы пушчы іх каля 570. Флора і фаўна тут прадстаўлена вялікай колькасцю рэдкіх відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У 1992 г. Нацыянальны парк Белавежская пушча быў уключаны ў Спіс сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Нацыянальны парк Браслаўскія азёры — яркае сведчанне таго, чаму Беларусь называюць сінявокай. Створаны парк у 1995 г. Размешчаны ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці і займае плошчу каля 65 тыс. га. Асноўная мэта яго стварэння — захаванне ўнікальных прыродных комплексаў Браслаўскай азёрнай групы. Тут на параўнальна невялікай тэрыторыі знаходзіцца больш за 30 азёр. У парку жывуць больш за 200 відаў птушак. У тым ліку рэдкія віды: бусел чорны, журавель шэры, чайка шызая, курапатка белая. Для Браслаўскіх азёр характэрна вялікая відавая разнастайнасць рыб: лін, сняток, рапушка, вугор.
Нацыянальны парк Прыпяцкі знаходзіцца ў Гомельскай вобласці і займае плошчу 188,5 тыс. га. Утвораны ў 1996 г. Лясы, балоты, поймы ракі Прыпяць складаюць каля 95 % яго плошчы. Вялізныя суцэльныя масівы парку (па 500 га) займаюць журавіннікі, якія не маюць сабе роўных у свеце. Асноўная мэта стварэння гэтай ахоўнай тэрыторыі — захаванне ўнікальных поймавых ландшафтаў Палесся. У парку налічваецца больш за 1 тыс. відаў раслін, 45 відаў млекакормячых, больш за 250 відаў птушак. Дзякуючы багатай відавой разнастайнасці птушак Нацыянальны парк Прыпяцкі атрымаў міжнародны статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. У парку адзначана гнездаванне птушак, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення: падворліка вялікага і драча.
Нацыянальны парк Нарачанскі быў створаны ў 1999 г. Ён размешчаны на паўночным захадзе краіны, у асноўным на тэрыторыі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Тут знаходзіцца Нарачанская група азёр. Мэтай стварэння парку было захаванне прыродных комплексаў лясоў і лугоў, якія прылягаюць да возера Нарач.
У флоры нацыянальнага парку налічваецца больш за 1 тыс. відаў раслін, з іх больш за 100 рэдкіх і знікаючых відаў. Тут пастаянна жыве каля 50 відаў млекакормячых і гняздуецца 220 відаў птушак. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць рэдкія і ахоўныя ў Беларусі віды жывёл: барсук, гагара чорнаваллёвая, скапа, бусел чорны.
Заказнікі
Заказнікі — ахоўныя прыродныя тэрыторыі, на якіх увесь час ці часова забаронены асобныя віды гаспадарчай дзейнасці чалавека. Пад аховай у заказніках знаходзіцца не ўвесь прыродны комплекс, а толькі некаторыя яго элементы. Напрыклад, асобныя віды раслін, жывёл, гісторыка-мемарыяльныя ці геалагічныя аб’екты. У Рэспубліцы Беларусь зараз дзейнічаюць каля 400 заказнікаў.
Рэзерваты
Рэзерваты — невялікія тэрыторыі, дзе прыродныя аб’екты знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Тут можа ахоўвацца адзін від ці група відаў, магчыма, і ўвесь прыродны комплекс. Рэзерваты адрозніваюць паводле тыпу ахоўнай тэрыторыі: марскія, балотныя, батанічныя, заалагічныя, паляўнічыя.
У 2012 г. на стыку меж Беларусі, Польшчы і Украіны быў створаны першы міжнародны біясферны рэзерват «Заходняе Палессе». Рэзерват уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА.
Помнікі прыроды — унікальныя, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах прыродныя аб’екты натуральнага і штучнага паходжання, у дачыненні да якіх устаноўлены асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Усе аб’екты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абвешчаныя помнікамі прыроды, з’яўляюцца нацыянальным здабыткам і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. У Беларусі налічваецца каля 900 помнікаў прыроды.
Статус батанічнага помніка прыроды прысвоены Цэнтральнаму батанічнаму саду Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь у Мінску, Мірскаму парку ў Гродзенскай вобласці і асобным рэдкім, мудрагелістай формы раслінам ці дрэвам-волатам.
Адной з мер аховы прыроды ў Беларусі з’яўляецца стварэнне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Асноўная яе задача складаецца ў прыцягненні ўвагі грамадскасці да відаў жывых арганізмаў, схільных да найбольшай рызыцы знікнення. Чырвоная кніга — унікальны спіс відаў жывёл, раслін, грыбоў, лішайнікаў і пратыстаў, што з’яўляюцца рэдкімі ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Чырвоная вокладка гэтай кнігі — невыпадковасць: яна з’яўляецца своеасаблівым сігналам трывогі. У ёй ёсць і «чорны спіс» — спіс відаў, якія зніклі ці не знойдзены ў апошнія гады на тэрыторыі Беларусі (асетр балтыйскі, драфа, кот лясны, хахуля звычайная). Збор раслін, лоўля рыбы і паляванне на птушак і звярэй, уключаных у Чырвоную кнігу, забаронены.
Першая ў гісторыі Чырвоная кніга была выдадзена ў Парыжы ў 1902 г. У 1963 г. з’явілася першае выданне Міжнароднай Чырвонай кнігі. У 1981 г. выйшла першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі. Кніга складалася з аднаго тома і ўключала 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. У 2015 г. выйшла ўжо чацвёртае выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. З кожным новым выданнем колькасць відаў павялічваецца. Так, у склад спіса чацвёртага выдання Чырвонай кнігі занесена 202 віды дзікіх жывёл і 303 віды дзікарослых раслін. Аднак адзначаецца і станоўчая дынаміка. Назіраецца прырост ліку некаторых відаў дзікіх жывёл. Напрыклад, чаплі вялікай белай, крачкі белакрылай, жужаля рашэцістага, ордэнскай стужкі пурпурнай, рапушкі еўрапейскай і інш. Таму дадзеныя віды дзікіх жывёл выключаны з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Паўторым галоўнае. Асноўныя напрамкі прыродаахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуюцца праз развіццё сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў (запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, рэзерватаў, помнікаў прыроды). У Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час дзейнічаюць 2 запаведнікі, 4 нацыянальныя паркі, заказнікі, рэзерваты. Налічваецца каля 900 помнікаў прыроды.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Пералічыце асноўныя віды прыродаахоўнай дзейнасці.
2. Што такое рэзерваты? Чым яны адрозніваюцца ад заказнікаў?
3. Са спіса жывёл выберыце ахоўныя віды Беларусі: рысь еўрапейская, чапля вялікая белая, высакародны алень, падворлік вялікі, куніца лясная, мядзведзь буры, выдра рачная, чарапаха балотная, курапатка белая, заяц русак.
*4. Як вы лічыце, чаму ў цяперашні час, калі створана вялікая колькасць ахоўных тэрыторый і Чырвоныя кнігі, праблема знікнення відаў жывёл і раслін не губляе сваёй актуальнасці?
Складаныя пытанні
1. Які, на ваш погляд, уклад у прыродаахоўную дзейнасць могуць зрабіць навучэнцы?
*2. Якія задачы ўскладаюцца на нацыянальныя паркі Рэспублікі Беларусь?
3. Якія ахоўныя тэрыторыі ёсць у вашай мясцовасці? Якія яшчэ ахоўныя тэрыторыі, на ваш погляд, трэба было б арганізаваць у вашай мясцовасці? Абгрунтуйце іх неабходнасць.
*4. «Адзін чалавек пакідае ў лесе след, сотня — сцежку, тысяча — пустыню». Растлумачце сэнс гэтага выразу.
*5. Ці згодны вы са сцверджаннем «Грамадства, гаспадарка і прырода — гэта сукупнасць кампанентаў, сувязь якіх мае глабальны ўзаемазалежны характар». Адказ абгрунтуйце.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Складзіце «Чырвоны сшытак» — спіс з апісаннем вядомых вам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, якія сустракаюцца ў вашай мясцовасці.