§ 58. Спецыялізаваныя ахоўныя тэрыторыі
Запаведнікі
Запаведнікі — асабліва ахоўныя дзяржавай тэрыторыі, цалкам выключаныя з гаспадарчай дзейнасці чалавека. Сёння ў свеце вядома каля 2 тыс. запаведнікаў. Мэтай іх стварэння з’яўляецца захаванне ў некранутым выглядзе натуральных прыродных згуртаванняў, аднаўленне папуляцый рэдкіх і знікаючых жывёл, а таксама правядзенне навуковых даследаванняў. У межах запаведнікаў не дапушчаецца гаспадарчая (лесанарыхтоўка, сенакос, нарыхтоўка смалы) і рэкрэацыйная (адпачынак, збор ягад, грыбоў) дзейнасць чалавека.
Асаблівая катэгорыя — біясферныя запаведнікі, дзе захоўваюцца цэлыя ландшафты і вядуцца назіранні па адзіных методыках, складзеных у адпаведнасці з праграмай ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». Усяго ў свеце каля 560 біясферных запаведнікаў.
У цяперашні час у Беларусі функцыянуюць Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнікі.
*Бярэзінскі біясферны запаведнік быў заснаваны ў 1925 г. для аховы і вырошчвання каштоўных відаў птушак і звяроў (баброў). У 1979 г. ён увайшоў у сістэму міжнароднага назірання за станам прыроднага асяроддзя і атрымаў статус біясфернага. Запаведнік займае плошчу звыш 130 тыс. га і размешчаны на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. На яго тэрыторыі прысутнічаюць чатыры тыпы экасістэм: лясы, балоты, вадаёмы і лугі. Асноўным тыпам з’яўляюцца лясы, якія займаюць каля 80 % тэрыторыі запаведніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць абарыгенныя натуральныя сасновыя, чорнаальховыя і пушыста-бярозавыя балоцістыя лясы. На тэрыторыі запаведніка шмат вялікіх і малых азёр, працякаюць ці бяруць пачатак каля 70 рэк, самая буйная з якіх — Бярэзіна. Агульная плошча вадаёмаў запаведніка — больш за 2 тыс. га. Натуральныя балоты тут займаюць 43 тыс. га, што робіць Бярэзінскі запаведнік адным з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе.
У цяперашні час у запаведніку расце больш за 2 тыс. відаў раслін і жыве каля 4 тыс. відаў жывёл. З іх больш за 200 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У запаведніку на адной тэрыторыі ў дзікіх умовах жыве «вялікая еўрапейская пяцёрка» буйных млекакормячых — лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь. Вядома больш за 200 паселішчаў баброў і жыве амаль трэць усёй беларускай папуляцыі мядзведзя бурага (каля 40 асобін).
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Гісторыя яго стварэння трагічная. Запаведнік быў арганізаваны ў 1988 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з мэтай назірання за радыебіялагічнымі і экалагічнымі наступствамі аварыі. Ён размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў Гомельскай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі. Гэта запаведная тэрыторыя па-свойму ўнікальная. Тут ва ўмовах мінімальнага ўмяшання чалавека вядуцца назіранні за развіццём дзікай прыроды ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання. Вучоныя запаведніка вывучаюць спосабы аднаўлення глеб Беларусі, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС аказаліся забруджанымі радыенуклідамі.