*§ 48—6. Біём пустынь

Кансументы

Умовы існавання ў пустынях вельмі суровыя: адсутнасць вады, сухасць паветра, недахоп корму, моцныя маразы пры вельмі малым снежным покрыве ці яго адсутнасці. Таму для пустынь характэрны жывёлы, якія  хутка перамяшчаюцца, што звязана з пошукамі вады (вадапоі звычайна аддалены) і корму (травяное покрыва разрэджанае), a таксама з абаронай ад праследавання драпежнікамі (сховішчы адсутнічаюць).

Кансументы пустынь прадстаўлены пераважна спецыялізаванымі відамі млекакормячых (галоўным чынам грызунамі, капытнымі), паўзуноў (лускаватымі), насякомых (двухкрылымі, перапончатакрылымі, прамакрылымі) і павукападобнымі. Тыповымі прадстаўнікамі кансументаў біёма пустынь сярод млекакормячых з’яўляюцца: вярблюды, каракалы, сайгакі, суслікі, куланы, сурыкаты, пустынныя лісіцы (фенекі), тушканчыкі, шакалы, гіены, дзікія трусы. Траваедныя жывёлы жывуць невялікімі групамі, парамі і ў адзіночку. Статкі ўтвараюць толькі жывёлы, здольныя хутка знаходзіць новыя ўчасткі з кормам (антылопы). Паўзуны прадстаўлены ў асноўным яшчаркамі, варанамі, змеямі; членістаногія — жукамі, тарантуламі, скарпіёнамі. З птушак у пустыні жывуць арлы, пугачы, сокалы, совы, рабкі.

Дэфіцыт вільгаці, асабліва пітной вады, — адна з галоўных цяжкасцей у жыцці жыхароў пустыні. Асноўнымі прыстасаваннямі кансументаў да недахопу вільгаці з’яўляюцца: непранікальнае покрыва (паўзуны і некаторыя насякомыя), выдзяленне сухіх экскрэментаў, выдзяленне канцэнтраванай мачы, здольнасць да ўзмоцненага ўтварэння метабалічнай вады, адаптыўныя паводзіны (днём хаваюцца ў норах, ноччу больш актыўныя).

Значную ролю ў водным балансе шмат якіх жыхароў пустынь адыгрывае метабалічная вада, якая ўтвараецца ў працэсе расшчаплення назапашанага тлушчу. Менавіта для гэтай мэты шматлікія раслінаедныя жыхары пустынь маюць своеасаблівыя тлушчавыя дэпо, часта лакалізаваныя ў хвастах (тлушчахвостыя тушканчыкі, тлушчахвостыя пясчанкі).

!  Гэта цікава

Пустынныя грызуны не здольныя да потавыдзялення, але маюць «аварыйны» тэрмарегулятарны механізм і ў адказ на цеплавы стрэс выдзяляюць багатую сліну. Яна змочвае шэрсць на ніжняй сківіцы і горле, прыносячы часовае палягчэнне, калі тэмпература цела набліжаецца да крытычнай. Некаторыя рэптыліі, асабліва чарапахі, таксама выдзяляюць сліну для тэрмарэгуляцыі. Акрамя гэтага, калі тэмпература цела становіцца занадта высокай, чарапахі выдзяляюць мачу, якая сцякае на заднія ногі. Вучоныя доўга не маглі зразумець прызначэнне вялізнага мачавога пузыра ў пустынных чарапах. Зараз адказ вядомы: мача запасіцца не толькі для выдзялення прадуктаў абмену, але і для экстраннага ахаладжэння цела.

Жывёлам пустынь уласцівая ахоўная «пустынная» афарбоўка — жоўтыя, светла-бурыя і шэрыя тоны, што робіць іх малапрыметнымі для драпежнікаў.