Печатать книгуПечатать книгу

*§ 48—6. Біём пустынь

  • Успомніце, якімі відамі прадстаўлены прадуцэнты ў стэпах умеранай зоны і саваннах.
  • Як вы думаеце? Чаму ў біёме пустынь рэзка зніжана разнастайнасць прадуцэнтаў?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме пустынь.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 48—6. Біём пустынь
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 22 Ноябрь 2024, 04:25

Геаграфічнае становішча

Пустынныя экасістэмы займаюць каля 16 % паверхні сушы і размешчаны практычна ва ўсіх шыротах Зямлі. Найбольшыя плошчы пустыні займаюць у Азіі, Афрыцы, Аўстраліі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, сустракаюцца яны і ў Еўропе (напрыклад, пустыня Табернас у Іспаніі, Аляшкоўскія пяскі ва Украіне). 

Глебы

Пустыні звычайна падзяляюцца па пародах, на якіх яны сфарміраваліся: гліністыя, саланчаковыя, пясчаныя, камяністыя. Там, дзе пяскі замацаваны расліннасцю, у верхніх пластах пачынаецца ўтварэнне драбназёму, у выніку пясок некалькі цэментуецца, аднак назапашвання гумусу не адбываецца. На перадгорных раўнінах найбольш распаўсюджаны тып — шэразёмы. Для гэтых глеб характэрна ўтрыманне буйнога пылу, гумусавы гарызонт мае таўшчыню 10—15 см.

Клімат

Пустыня — гэта тэрыторыя, дзе магчымае выпарэнне перавышае колькасць ападкаў. Гадавая колькасць ападкаў у пустынях звычайна не перавышае 200 мм. Характар рэжыму ападкаў розны. У пустынях міжземнаморскага тыпу пераважаюць зімовыя ападкі, а ў пустынях кантынентальнага тыпу значная доля ападкаў даводзіцца на лета. Аднак у любым выпадку магчымае выпарэнне ў некалькі разоў перавышае гадавую колькасць ападкаў і складае 900—1500 мм у год. Найбольшай сухасцю адрозніваюцца міжгорныя ўпадзіны, дзе гадавая колькасць ападкаў не перавышае 100—150 мм.

Воблачнасць нязначная, з прычыны чаго прыток сонечнай радыяцыі найбольшы, што прыводзіць да крайняй сухасці паветра (вільготнасць летам каля 30 %) і выключна высокім летнім тэмпературам у трапічных шыротах. Сярэдняя тэмпература ў летнія месяцы складае +30 °C, максімальная — +50 °C. Паверхня глебы можа награвацца да +60 °С. Для пустынь характэрны надзвычай шырокія ваганні тэмпературы на працягу сутак і на працягу года.

У залежнасці ад кліматычных умоў вылучаюць тры тыпы пустынь: 1) трапічныя — высокія тэмпературы круглы год, а колькасць ападкаў мінімальная; 2) пустыні ўмеранай зоны — высокія дзённыя тэмпературы летам і нізкія — зімой; 3) арктычныя — сярэднесутачныя тэмпературы каля 0 °C летам і вельмі нізкія — зімой.

Прадуцэнты

Прадуцэнты пустынь у цэлым прадстаўлены беднай, разрэджанай і звычайна нізкарослай расліннасцю, прыстасаванай да дэфіцыту вільгаці. Расліны растуць павольна, маюць малую відавую разнастайнасць. Расліннае покрыва ніколі не смыкаецца сваімі надземнымі часткамі.

У пустынях Еўразіі пераважаюць разрозненыя кусцікі палыну, пальчатай травы, зараснікі вярблюджай калючкі, саксаула і тамарыкса. У пустынях Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі галоўнымі прадуцэнтамі з’яўляецца трава і рэдкія хмызнякі, у аазісах растуць фінікавыя пальмы. На поўдні сустракаюцца малачай і расліны з клубнямі на каранях. Для ўнутрымацерыковых пустынь умеранай зоны тыповыя віды раслін склерафітнага тыпу, у тым ліку бязлістыя хмызнякі і паўхмызнякі (саксаул, джузгун, эфедра, салянка, палын). Важнае месца ў фітацэнозах пустынь гэтага тыпу займаюць травяністыя расліны — эфемеры і эфемероіды. Вы з імі пазнаёміліся пры вывучэнні біёма стэпаў умеранай зоны.

У трапічных унутрымацерыковых пустынях Афрыкі і Азіі таксама пераважаюць склерафітныя хмызнякі і шматгадовая трава, але тут з’яўляюцца і сукуленты. Да сукулентаў належаць кактусы і агавы Амерыкі, малачай і алоэ Афрыкі і Азіі. Шырока распаўсюджаны дрэвападобныя юкі, палын і хмызнякі. Зусім пазбаўлены расліннасці масівы барханных пяскоў і плошчы, пакрытыя солевай скарынкай.

Значна адрозніваюцца ад асноўнай расліннасці пустынь фітацэнозы аазісаў, буйных рачных далін і дэльт. Для далін умеранай зоны Азіі характэрны зараснікі лістападных дрэў — таполя турангавая, джыда, вярба, карагач; для далін рэк субтрапічнай і трапічнай зон — вечназялёныя расліны (пальма, алеандр).

Для прадуцэнтаў пясчаных пустынь характэрны наступныя прыстасавальныя асаблівасці: здольнасць фарміраваць прыдатачныя карані пры засыпанні асноў ствалоў пяском, здольнасць каранёвых сістэм не адміраць пры іх агаленні ў выніку выдзімання пяску, бязлістасць шматгадовых раслін, наяўнасць доўгіх (часам да 18 м) каранёў, якія дасягаюць узроўню грунтавых вод.

Біямаса ў пустыні ў залежнасці ад тыпу расліннасці вагаецца ад 1 т/га да 15 т/га. Для пустынь з дрэвавым покрывам яна складае больш за 5 т/га, для эфемерна-кусцікавых пустынь — да 1,25 т/га. Сярэдняе значэнне біямасы — прыкладна 7 т/га.

Прадукцыйнасць пустынных экасістэм вельмі нізкая. Чыстая гадавая першасная прадукцыя складае менш за 1 т/га сухога рэчыва. 

Кансументы

Умовы існавання ў пустынях вельмі суровыя: адсутнасць вады, сухасць паветра, недахоп корму, моцныя маразы пры вельмі малым снежным покрыве ці яго адсутнасці. Таму для пустынь характэрны жывёлы, якія  хутка перамяшчаюцца, што звязана з пошукамі вады (вадапоі звычайна аддалены) і корму (травяное покрыва разрэджанае), a таксама з абаронай ад праследавання драпежнікамі (сховішчы адсутнічаюць).

Кансументы пустынь прадстаўлены пераважна спецыялізаванымі відамі млекакормячых (галоўным чынам грызунамі, капытнымі), паўзуноў (лускаватымі), насякомых (двухкрылымі, перапончатакрылымі, прамакрылымі) і павукападобнымі. Тыповымі прадстаўнікамі кансументаў біёма пустынь сярод млекакормячых з’яўляюцца: вярблюды, каракалы, сайгакі, суслікі, куланы, сурыкаты, пустынныя лісіцы (фенекі), тушканчыкі, шакалы, гіены, дзікія трусы. Траваедныя жывёлы жывуць невялікімі групамі, парамі і ў адзіночку. Статкі ўтвараюць толькі жывёлы, здольныя хутка знаходзіць новыя ўчасткі з кормам (антылопы). Паўзуны прадстаўлены ў асноўным яшчаркамі, варанамі, змеямі; членістаногія — жукамі, тарантуламі, скарпіёнамі. З птушак у пустыні жывуць арлы, пугачы, сокалы, совы, рабкі.

Дэфіцыт вільгаці, асабліва пітной вады, — адна з галоўных цяжкасцей у жыцці жыхароў пустыні. Асноўнымі прыстасаваннямі кансументаў да недахопу вільгаці з’яўляюцца: непранікальнае покрыва (паўзуны і некаторыя насякомыя), выдзяленне сухіх экскрэментаў, выдзяленне канцэнтраванай мачы, здольнасць да ўзмоцненага ўтварэння метабалічнай вады, адаптыўныя паводзіны (днём хаваюцца ў норах, ноччу больш актыўныя).

Значную ролю ў водным балансе шмат якіх жыхароў пустынь адыгрывае метабалічная вада, якая ўтвараецца ў працэсе расшчаплення назапашанага тлушчу. Менавіта для гэтай мэты шматлікія раслінаедныя жыхары пустынь маюць своеасаблівыя тлушчавыя дэпо, часта лакалізаваныя ў хвастах (тлушчахвостыя тушканчыкі, тлушчахвостыя пясчанкі).

!  Гэта цікава

Пустынныя грызуны не здольныя да потавыдзялення, але маюць «аварыйны» тэрмарегулятарны механізм і ў адказ на цеплавы стрэс выдзяляюць багатую сліну. Яна змочвае шэрсць на ніжняй сківіцы і горле, прыносячы часовае палягчэнне, калі тэмпература цела набліжаецца да крытычнай. Некаторыя рэптыліі, асабліва чарапахі, таксама выдзяляюць сліну для тэрмарэгуляцыі. Акрамя гэтага, калі тэмпература цела становіцца занадта высокай, чарапахі выдзяляюць мачу, якая сцякае на заднія ногі. Вучоныя доўга не маглі зразумець прызначэнне вялізнага мачавога пузыра ў пустынных чарапах. Зараз адказ вядомы: мача запасіцца не толькі для выдзялення прадуктаў абмену, але і для экстраннага ахаладжэння цела.

Жывёлам пустынь уласцівая ахоўная «пустынная» афарбоўка — жоўтыя, светла-бурыя і шэрыя тоны, што робіць іх малапрыметнымі для драпежнікаў.

Экалагічныя праблемы

Адной з самых сур’ёзных экалагічных праблем сучаснасці з’яўляецца глабальная праблема апустыньвання. Пустыні — натуральныя прыродныя экасістэмы, якія маюць пэўнае значэнне для агульнага экалагічнага балансу планеты. Аднак у выніку інтэнсіўнай антрапагеннай дзейнасці ў канцы XX ст. тэрытарыяльныя межы пустынь сталі пашырацца. Асабліва хутка апустыньванне адбываецца ў засушлівых раёнах. Бедная расліннасць знішчаецца з прычыны масавага выпасу жывёлы, інтэнсіўнай высечкі дрэў, хмызнякоў, узворвання малапрыдатных для земляробства глеб. Усё гэта ўзмацняе дзеянне ветравой і воднай эрозіі. Пры гэтым значна парушаецца водны баланс, паніжаецца ўзровень грунтавых вод, перасыхаюць вадаёмы. Па гэтай прычыне з кожным годам у свеце павялічваецца колькасць экалагічных бежанцаў. Людзі, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях, перасяляюцца ў іншыя, больш прыдатныя для жыцця раёны. Апустыньванне назіраецца ў розных кліматычных умовах, але асабліва хутка яно адбываецца ў засушлівых раёнах.

Яшчэ ў XX ст. сталі прадпрымацца спробы спыніць апустыньванне метадам азелянення, будаўніцтва водаправодаў і каналаў. Тым не менш апустыньванне застаецца адной з найбольш вострых экалагічных праблем у свеце.

Паўторым галоўнае. Біём пустынь знаходзіцца ў Азіі, Афрыцы, Аўстраліі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, сустракаецца і ў Еўропе. Сухі і гарачы клімат. Гадавая колькасць ападкаў звычайна не перавышае 200 мм. Магчымае выпарэнне ў шмат разоў перавышае гадавую колькасць ападкаў. Для пустынь характэрны надзвычай шырокія ваганні тэмпературы на працягу сутак і на працягу года. У залежнасці ад кліматычных умоў вылучаюць тры тыпы пустынь: трапічныя, пустыні ўмеранай зоны, арктычныя. Для прадуцэнтаў характэрна малая відавая разнастайнасць, прыстасаванасць да дэфіцыту вільгаці. Тыповымі прадстаўнікамі прадуцэнтаў з’яўляюцца расліны ксерафітнага (склерафіты і сукуленты) тыпу. На шырокіх тэрыторыях расліннасць адсутнічае. Кансументы пустынь прадстаўлены пераважна спецыялізаванымі відамі млекакормячых (грызуны, капытныя), паўзуноў (лускаватыя), насякомых (двухкрылыя, перапончатакрылыя, прамакрылыя) і павукападобных. Дэфіцыт пітной вады вызначае напрамкі фарміравання адаптацый: непранікальнае покрыва, сухія экскрэменты, утварэнне метабалічнай вады, адаптыўныя паводзіны. Біём пустынь моцна павялічыўся па плошчы за кошт іншых біёмаў пад уплывам гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме пустынь. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
2. Да якой жыццёвай формы належаць асноўныя прадуцэнты пустынь? Назавіце прадстаўнікоў.
3. Назавіце асноўныя адаптацыі жывёл пустынь да дэфіцыту вільгаці ў асяроддзі.

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання прычыну поўнай адсутнасці земнаводных у біёме пустынь.
2. Чаму некаторыя жыхары пустынь акумуліруюць запасы тлушчу не раўнамерна па ўсім целе, а толькі ў пэўных месцах?
3. Назавіце прычыны паступовага пашырэння тэрытарыяльных меж біёма пустынь. Якія меры трэба прымаць, каб спыніць гэты працэс?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых прадстаўнікоў біёма пустынь па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае максімальна магчымую колькасць відаў прадуцэнтаў.