*§ 48—2. Біём паўночных хвойных лясоў — тайга

Кансументы

Склад кансументаў хвойнага лесу ў цэлым адносна небагаты як у якасных, так і ў колькасных адносінах. Сярод драпежнікаў пераважаюць прадстаўнікі сямейства куніцавых, каціных і псовых: норка, гарнастай, рысь, тыгр усурыйскі, расамаха, собаль, лісіца, воўк, а таксама адзін з самых буйных наземных млекакормячых — мядзведзь буры. У некаторых рэгіёнах тайгі, дзе расце больш ліставых дрэў, з капытных сустракаюцца марал, казуля, алені паўночны і высакародны, лось. Даволі шматлікія зайцы, буразубкі, мышы палёўкі, вавёркі, палятухі, бурундукі. 

У тайгу на лета прылятае мноства насякомаедных птушак. Яны адлятаюць адразу ж, як заканчваецца перыяд гнездавання. Птушкі, якія кормяцца насеннем і ўсёедныя, жывуць у тайзе круглы год: уюрок, верабей, глушэц, цецярук, рабчык, кедраўка, крыжадзюб.

У таежным лесе ў параўнанні з лесатундрай больш спрыяльныя ўмовы для жыцця кансументаў. Тут больш аселых жывёл. Таму адрозненні ў зімовым і летнім складзе кансументаў у цёмнахваёвай тайзе менш рэзкія, чым у тундры і лесатундры. Шмат якія раслінаедныя віды зімой кормяцца не травяніста-хмызняковымі раслінамі, а галінамі дрэў: напрыклад, лось, заяц. У тайзе адзначаецца самая вялікая разнастайнасць пушных звяроў: собаль, куніца, ласка, вавёрка, андатра, гарнастай.

У зімовы перыяд пераважная колькасць відаў беспазваночных, усе земнаводныя і паўзуны, а таксама некаторыя віды млекакормячых упадаюць ў анабіёз, здранцвенне ці зімовую спячку.

Для некаторых жывёл незаменным кормам з’яўляецца ігліца, напрыклад, для шаўкапрада няпарнага, які прыносіць сапраўднае спусташэнне лясам на вялікіх тэрыторыях. У цёмнахваёвай тайзе вельмі шматлікія першасныя (якія пашкоджваюць здаровыя дрэвы) і другасныя (якія пашкоджваюць аслабленыя дрэвы) шкоднікі драўніны — жукі вусачы і іх лічынкі, караеды. Гэтыя насякомыя-шкоднікі ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для хвойных лясоў.

Паўторым галоўнае. Біём паўночных хвойных лясоў знаходзіцца на поўдзень ад тундры і на поўнач ад лістападных лясоў і стэпаў умеранай зоны. Глебы падзолістага тыпу. Клімат у тайзе халодны (сярэднегадавая тэмпература –5—+5 С). Колькасць ападкаў 200—750 мм у год. Вегетацыйны перыяд 3—4 месяцы. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць хвойныя вечназялёныя дрэвы (яліна, піхта, сасна і лістоўніца). Яны ствараюць моцнае зацяненне, таму хмызняковы і травяністы ярусы звычайна развіты слаба. Добра выяўлены мохавы ярус з мноствам грыбоў, якія ўтвараюць мікарызу з дрэвавымі раслінамі. Запас перагною невялікі, але назапашана шмат подсцілкі. Сярод кансументаў пераважаюць млекакормячыя (прадстаўнікі сямействаў куніцавых, каціных і псовых) і птушкі, якія кормяцца насеннем, ці ўсёедныя. Большасць беспазваночных, усе земнаводныя і паўзуны зімой упадаюць у анабіёз ці здранцвенне. Вялікую пагрозу для паўночных хвойных лясоў уяўляюць насякомыя-шкоднікі (шаўкапрад няпарны, жукі вусачы, караеды).