Печатать книгуПечатать книгу

*§ 48—2. Біём паўночных хвойных лясоў — тайга

  • Успомніце, якія прычыны перашкаджалі росту высакарослых дрэў у тундры.
  • Як вы думаеце? Чаму ў тайзе шмат хвойных, але мала ліставых парод дрэў?
  • Вы даведаецеся пра асаблівасці клімату, разнастайнасць прадуцэнтаў і кансументаў у біёме паўночных хвойных лясоў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 48—2. Біём паўночных хвойных лясоў — тайга
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 02:51

Геаграфічнае становішча

Паўночныя хвойныя лясы — тайга — з’яўляюцца адным з найбуйнейшых лясных біёмаў сушы. Паласа хвойных лясоў размешчана ў высокіх паўночных шыротах паміж 50° і 70° паўночнай шыраты, на поўдзень ад тундры і на поўнач ад лістападных лясоў і стэпаў умеранай зоны. Такія лясы характэрны толькі для Паўночнага паўшар’я. Яны працягнуліся праз усю Паўночную Амерыку і Еўразію.

У Паўднёвым паўшар’і лясы такога тыпу практычна адсутнічаюць, верагодна, таму, што ў зонах з прыгодным кліматам вельмі мала зямель. У горных раёнах такія лясы сустракаюцца вышэй за ўзровень ліставых лясоў. 

Глебы

Для тайгі характэрны глебы падзолістага тыпу. Малая выяўленасць гумусавага слою, кіслае асяроддзе, назапашванне падсцілкі характэрныя рысы глебавага профілю таежных лясоў.

Клімат

Клімат у тайзе халодны, з сярэднегадавымі тэмпературамі ад +5 °С  да –5 °С. Узровень ападкаў вар’іруецца ад 200 да 750 мм у год. Вялікая частка ападкаў выпадае ў выглядзе снегу. Зімы ў хвойным лесе халодныя, працяглыя і сухія, з кароткім светлавым днём і невялікімі снегападамі. Лета ў тайзе адносна кароткае і халаднаватае з доўгім светлавым днём. Летам тэмпература паветра невысокая, таму вільгаць мала выпараецца, з прычыны чаго ў час вегетацыйнага перыяду зямля застаецца вельмі вільготнай.

Тэмпературныя ўмовы ў тайзе змяняюцца ад халаднаватых да выключна халодных. Самы цёплы месяц мае тэмпературу ад +10 °С да +19 °С, а самы халодны — ад –9 °С да –52 °С. Полюс холаду Паўночнага паўшар’я ляжыць у межах менавіта гэтай зоны. Вегетацыйны перыяд даволі кароткі, каля 3—4 месяцаў.

Прадуцэнты

Дамінуючая жыццёвая форма прадуцэнтаў прадстаўлена тут хвойнымі вечназялёнымі дрэвамі: ялінай, піхтай, сасной і лістоўніцай. На працягу ўсяго года для хвойных лясоў уласцівая моцная зацененасць, таму хмызняковы і травяністы ярусы звычайна развіты слаба.

Па экалагічных асаблівасцях і фларыстычным складзе адрозніваюць раслінныя згуртаванні цёмнахваёвых і светлахваёвых таежных лясоў. Больш характэрнай і распаўсюджанай з’яўляецца цёмнахваёвая тайга з яліны, піхты, сасны сібірскай кедравай (кедра сібірскага). У склад светлахваёвай тайгі ўваходзяць сасна звычайная, некаторыя амерыканскія віды сасны, лістоўніцы сібірская і даурская. Дрэвавыя пароды могуць утвараць чыстыя (яловыя, лістоўнічныя) ці мяшаныя (ялова-піхтавыя) згуртаванні. Карэнныя хвойныя лясы ў асобных месцах пасля пажараў і высечак змяняюцца вытворнымі, другаснымі драбналістымі (бярозавымі і асінавымі) лясамі.

Вертыкальная структура ў паўночных хвойных лясах адносна  простая і прадстаўлена наступнымі ярусамі:
1) дрэвавы;
2) травяністы ці травяніста-хмызняковы;
3) імховы.

У дрэвавым ярусе тайгі, як паказана вышэй, галоўную ролю адыгрываюць хвойныя дрэвы. Відавы склад дрэвастою асабліва бедны ў тайзе Еўропы і Заходняй Сібіры, багацейшы — ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе і адносна багаты ў Паўночнай Амерыцы, дзе маецца па некалькі відаў тых жа родаў цёмнахваёвых парод, што і ў Еўразіі (яліна, піхта). Акрамя таго, у Паўночнай Амерыцы шырока прадстаўлены тсуга і псеўдатсуга, якія адсутнічаюць у Еўразіі.

Травяніста-хмызняковы ярус у тайзе Еўразіі аднародны — чарніцы, брусніцы, кісліцы. У паўночна-амерыканскай тайзе ў склад гэтага яруса ўваходзіць шмат форм, блізкіх да еўраазіяцкіх, — кісліца, семачок і інш.

Мохавы ярус прадстаўлены імхамі і лішайнікамі і добра развіты ў цёмнахваёвай тайзе. Ён вельмі важны для харчавання шмат якіх жывёл. Гэты ярус валодае высокай вільгацяёмістасцю і добра праводзіць цяпло. Таму глебы цёмнахваёвых лясоў зімой могуць моцна прамярзаць.

У мохавым ярусе таксама багата прадстаўлены грыбы, напрыклад баравікі, сыраежкі, маслякі, якія растуць пад сасной і лістоўніцай, падбярозавікі і чырвонагаловікі, звязаныя з драбналістымі дрэвамі, што развіваюцца на месцы зведзеных цёмнахваёвых лясоў. Іх гіфы ўтвараюць мікарызу (грыбакорань) і дастаўляюць неабходныя мінеральныя рэчывы раслінам, а яны ў сваю чаргу забяспечваюць грыб прадуктамі фотасінтэзу — вугляводамі. З’ява мікарызы ў цёмнахваёвых таежных лясах сустракаецца асабліва часта. Пладовыя целы шмат якіх грыбоў, што ўтвараюць мікарызу, ядомыя для чалавека і жывёл.

У тайзе хвойныя дрэвы з’яўляюцца дамінантнай расліннай формай, бо яны найбольш прыстасаваны да халодных умоў. З іх пірамідальнай кроны лёгка скочваецца снег, не абломваючы галіны. Яны маюць ігольчастыя лісты, якія пакрыты тоўстым пластом кутыкулы, што дазваляе лепш пераносіць холад. Эпідэрміс лістоў складаецца з клетак з моцна патоўшчанымі сценкамі і змяшчаае вусцейкі, апушчаныя ў паглыбленні, што пры малой вонкавай паверхні лістоў істотна зніжае выпарэнне вады. Гэтыя прыстасаванні вельмі важныя нават для балоцістай тайгі, дзе вада можа быць у замарожаным стане большую частку года. Для шыракалістых дрэў вегетацыйны перыяд нашмат карацейшы, чым для хвойных, і гэта перавага дазваляе хвойным раслінам дамінаваць у халодным таежным клімаце. Ва ўсіх вышэйназваных дрэў утвараюцца шышкі. Насенне ў шышках застаецца захаваным датуль, пакуль шышкі не раскрыюцца і насенне не упадзе на зямлю. Некаторыя віды млекакормячых і птушак могуць раскрываць шышкі і ўжываць насенне як ежу.

Біямаса ў межах тайгі прыметна вагаецца ў залежнасці ад тыпу лесу, узрастаючы ад лясоў паўночнай тайгі да лясоў паўднёвай. У хвойніках паўночнай тайгі яна складае прыкладна 50—200 т/га, сярэдняй тайгі — да 260 т/га, у ельніках паўднёвай тайгі — каля 350—400 т/га.

Гадавая прадукцыя лясоў паўночнай тайгі таксама ніжэйшая — каля 4—6 т/га ў год, паўднёвай тайгі — да 8—10 т/га. 

Кансументы

Склад кансументаў хвойнага лесу ў цэлым адносна небагаты як у якасных, так і ў колькасных адносінах. Сярод драпежнікаў пераважаюць прадстаўнікі сямейства куніцавых, каціных і псовых: норка, гарнастай, рысь, тыгр усурыйскі, расамаха, собаль, лісіца, воўк, а таксама адзін з самых буйных наземных млекакормячых — мядзведзь буры. У некаторых рэгіёнах тайгі, дзе расце больш ліставых дрэў, з капытных сустракаюцца марал, казуля, алені паўночны і высакародны, лось. Даволі шматлікія зайцы, буразубкі, мышы палёўкі, вавёркі, палятухі, бурундукі. 

У тайгу на лета прылятае мноства насякомаедных птушак. Яны адлятаюць адразу ж, як заканчваецца перыяд гнездавання. Птушкі, якія кормяцца насеннем і ўсёедныя, жывуць у тайзе круглы год: уюрок, верабей, глушэц, цецярук, рабчык, кедраўка, крыжадзюб.

У таежным лесе ў параўнанні з лесатундрай больш спрыяльныя ўмовы для жыцця кансументаў. Тут больш аселых жывёл. Таму адрозненні ў зімовым і летнім складзе кансументаў у цёмнахваёвай тайзе менш рэзкія, чым у тундры і лесатундры. Шмат якія раслінаедныя віды зімой кормяцца не травяніста-хмызняковымі раслінамі, а галінамі дрэў: напрыклад, лось, заяц. У тайзе адзначаецца самая вялікая разнастайнасць пушных звяроў: собаль, куніца, ласка, вавёрка, андатра, гарнастай.

У зімовы перыяд пераважная колькасць відаў беспазваночных, усе земнаводныя і паўзуны, а таксама некаторыя віды млекакормячых упадаюць ў анабіёз, здранцвенне ці зімовую спячку.

Для некаторых жывёл незаменным кормам з’яўляецца ігліца, напрыклад, для шаўкапрада няпарнага, які прыносіць сапраўднае спусташэнне лясам на вялікіх тэрыторыях. У цёмнахваёвай тайзе вельмі шматлікія першасныя (якія пашкоджваюць здаровыя дрэвы) і другасныя (якія пашкоджваюць аслабленыя дрэвы) шкоднікі драўніны — жукі вусачы і іх лічынкі, караеды. Гэтыя насякомыя-шкоднікі ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для хвойных лясоў.

Паўторым галоўнае. Біём паўночных хвойных лясоў знаходзіцца на поўдзень ад тундры і на поўнач ад лістападных лясоў і стэпаў умеранай зоны. Глебы падзолістага тыпу. Клімат у тайзе халодны (сярэднегадавая тэмпература –5—+5 С). Колькасць ападкаў 200—750 мм у год. Вегетацыйны перыяд 3—4 месяцы. Сярод прадуцэнтаў дамінуюць хвойныя вечназялёныя дрэвы (яліна, піхта, сасна і лістоўніца). Яны ствараюць моцнае зацяненне, таму хмызняковы і травяністы ярусы звычайна развіты слаба. Добра выяўлены мохавы ярус з мноствам грыбоў, якія ўтвараюць мікарызу з дрэвавымі раслінамі. Запас перагною невялікі, але назапашана шмат подсцілкі. Сярод кансументаў пераважаюць млекакормячыя (прадстаўнікі сямействаў куніцавых, каціных і псовых) і птушкі, якія кормяцца насеннем, ці ўсёедныя. Большасць беспазваночных, усе земнаводныя і паўзуны зімой упадаюць у анабіёз ці здранцвенне. Вялікую пагрозу для паўночных хвойных лясоў уяўляюць насякомыя-шкоднікі (шаўкапрад няпарны, жукі вусачы, караеды).

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Ахарактарызуйце асаблівасці клімату ў біёме тайгі. Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі?
2. Да якой жыццёвай формы належаць асноўныя прадуцэнты хвойнага лесу? Назавіце прадстаўнікоў.
3. Як змяняецца біямаса тайгі з поўначы на поўдзень? Растлумачце прычыну.
4. Растлумачце з экалагічнага пункту гледжання перавагу ў тайзе хвойных дрэў.

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце, чаму ў тайзе вялікі запас дэтрыту, але малая выяўленасць перагнойнага пласта.
2. Як суадносяцца біялагічная прадукцыйнасць і біямаса тайгі? Растлумачце прычыну такіх суадносін з улікам асаблівасцей умоў асяроддзя.
3. Якія экалагічныя праблемы адчувае тайга ў наш час? Прапануйце шляхі іх рашэння.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы тэкст і малюнкі электроннага дадатку, а таксама дадатковыя крыніцы інфармацыі, размяркуйце тыповых жыхароў тайгі па трафічных узроўнях і складзіце сетку харчавання, якая ўключае як мінімум чатыры віды прадуцэнтаў.