*§ 48—2. Біём паўночных хвойных лясоў — тайга

Прадуцэнты

Дамінуючая жыццёвая форма прадуцэнтаў прадстаўлена тут хвойнымі вечназялёнымі дрэвамі: ялінай, піхтай, сасной і лістоўніцай. На працягу ўсяго года для хвойных лясоў уласцівая моцная зацененасць, таму хмызняковы і травяністы ярусы звычайна развіты слаба.

Па экалагічных асаблівасцях і фларыстычным складзе адрозніваюць раслінныя згуртаванні цёмнахваёвых і светлахваёвых таежных лясоў. Больш характэрнай і распаўсюджанай з’яўляецца цёмнахваёвая тайга з яліны, піхты, сасны сібірскай кедравай (кедра сібірскага). У склад светлахваёвай тайгі ўваходзяць сасна звычайная, некаторыя амерыканскія віды сасны, лістоўніцы сібірская і даурская. Дрэвавыя пароды могуць утвараць чыстыя (яловыя, лістоўнічныя) ці мяшаныя (ялова-піхтавыя) згуртаванні. Карэнныя хвойныя лясы ў асобных месцах пасля пажараў і высечак змяняюцца вытворнымі, другаснымі драбналістымі (бярозавымі і асінавымі) лясамі.

Вертыкальная структура ў паўночных хвойных лясах адносна  простая і прадстаўлена наступнымі ярусамі:
1) дрэвавы;
2) травяністы ці травяніста-хмызняковы;
3) імховы.

У дрэвавым ярусе тайгі, як паказана вышэй, галоўную ролю адыгрываюць хвойныя дрэвы. Відавы склад дрэвастою асабліва бедны ў тайзе Еўропы і Заходняй Сібіры, багацейшы — ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе і адносна багаты ў Паўночнай Амерыцы, дзе маецца па некалькі відаў тых жа родаў цёмнахваёвых парод, што і ў Еўразіі (яліна, піхта). Акрамя таго, у Паўночнай Амерыцы шырока прадстаўлены тсуга і псеўдатсуга, якія адсутнічаюць у Еўразіі.

Травяніста-хмызняковы ярус у тайзе Еўразіі аднародны — чарніцы, брусніцы, кісліцы. У паўночна-амерыканскай тайзе ў склад гэтага яруса ўваходзіць шмат форм, блізкіх да еўраазіяцкіх, — кісліца, семачок і інш.

Мохавы ярус прадстаўлены імхамі і лішайнікамі і добра развіты ў цёмнахваёвай тайзе. Ён вельмі важны для харчавання шмат якіх жывёл. Гэты ярус валодае высокай вільгацяёмістасцю і добра праводзіць цяпло. Таму глебы цёмнахваёвых лясоў зімой могуць моцна прамярзаць.

У мохавым ярусе таксама багата прадстаўлены грыбы, напрыклад баравікі, сыраежкі, маслякі, якія растуць пад сасной і лістоўніцай, падбярозавікі і чырвонагаловікі, звязаныя з драбналістымі дрэвамі, што развіваюцца на месцы зведзеных цёмнахваёвых лясоў. Іх гіфы ўтвараюць мікарызу (грыбакорань) і дастаўляюць неабходныя мінеральныя рэчывы раслінам, а яны ў сваю чаргу забяспечваюць грыб прадуктамі фотасінтэзу — вугляводамі. З’ява мікарызы ў цёмнахваёвых таежных лясах сустракаецца асабліва часта. Пладовыя целы шмат якіх грыбоў, што ўтвараюць мікарызу, ядомыя для чалавека і жывёл.

У тайзе хвойныя дрэвы з’яўляюцца дамінантнай расліннай формай, бо яны найбольш прыстасаваны да халодных умоў. З іх пірамідальнай кроны лёгка скочваецца снег, не абломваючы галіны. Яны маюць ігольчастыя лісты, якія пакрыты тоўстым пластом кутыкулы, што дазваляе лепш пераносіць холад. Эпідэрміс лістоў складаецца з клетак з моцна патоўшчанымі сценкамі і змяшчаае вусцейкі, апушчаныя ў паглыбленні, што пры малой вонкавай паверхні лістоў істотна зніжае выпарэнне вады. Гэтыя прыстасаванні вельмі важныя нават для балоцістай тайгі, дзе вада можа быць у замарожаным стане большую частку года. Для шыракалістых дрэў вегетацыйны перыяд нашмат карацейшы, чым для хвойных, і гэта перавага дазваляе хвойным раслінам дамінаваць у халодным таежным клімаце. Ва ўсіх вышэйназваных дрэў утвараюцца шышкі. Насенне ў шышках застаецца захаваным датуль, пакуль шышкі не раскрыюцца і насенне не упадзе на зямлю. Некаторыя віды млекакормячых і птушак могуць раскрываць шышкі і ўжываць насенне як ежу.

Біямаса ў межах тайгі прыметна вагаецца ў залежнасці ад тыпу лесу, узрастаючы ад лясоў паўночнай тайгі да лясоў паўднёвай. У хвойніках паўночнай тайгі яна складае прыкладна 50—200 т/га, сярэдняй тайгі — да 260 т/га, у ельніках паўднёвай тайгі — каля 350—400 т/га.

Гадавая прадукцыя лясоў паўночнай тайгі таксама ніжэйшая — каля 4—6 т/га ў год, паўднёвай тайгі — да 8—10 т/га.