§ 48. Дынаміка экасістэм. Паняцце экалагічнай сукцэсіі
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Чым сезонная дынаміка экасістэмы адрозніваецца ад сукцэсіі?
2. Дайце азначэнне сукцэсіі. Якія бываюць тыпы сукцэсій? У чым іх адрозненне?
3. Што такое клімаксавая стадыя сукцэсіі? Чым яна адрозніваецца ад серыяльнай стадыі?
4. Пакажыце, якія з пералічаных ніжэй сукцэсій з’яўляюцца першаснымі, а якія — другаснымі: аднаўленне лугу пасля пажару, ператварэнне вадаёму ў балота, з’яўленне лесу на месцы вулканічнай лавы, ператварэнне лесу ў пустку, зарастанне пясчанай дзюны.
Складаныя пытанні
1. Складзіце экалагічны прагноз працякання сукцэсіі на месцы палігона бытавых адходаў у вашай мясцовасці. Як вы лічыце, колькі гадоў спатрэбіцца для дасягнення клімаксавой стадыі і ад чаго залежыць хуткасць яе дасягнення?
2. Устанавіце паслядоўнасць працэсаў пры праходжанні першаснай сукцэсіі на голых скалах:
1) утварэнне глебы ў выніку эрозіі мацярынскай пароды і адмірання лішайнікаў;
2) фарміраванне драбналісцевага лесу;
3) прарастанне насення травяністых раслін;
4) развіццё маладых ялін пад полагам ліставых дрэў;
5) засяленне тэрыторыі імхамі і кусцістымі лішайнікамі;
6) утварэнне травяніста-хмызняковага згуртавання;
7) утварэнне верхняга яруса дарослымі ялінамі;
8) засяленне накіпнымі лішайнікамі і бактэрыямі.
3. Устанавіце паслядоўнасць працэсаў пры праходжанні другаснай сукцэсіі пасля высечкі яловага лесу, пашкоджанага жуком-тыпографам:
1) рост хмызнякоў з бярозавым і асінавым падростам;
2) фарміраванне яловага лесу;
3) развіццё ліставога лесу з яловым падростам;
4) зарастанне высечкі шматгадовымі святлолюбівымі травамі;
5) утварэнне мяшанага лесу.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Параўнаеце паміж сабой экасістэмы вашай мясцовасці. Зыходзячы з заканамернасцяў сукцэсіі, вызначыце, якія з іх больш маладыя, а якія — набліжаюцца да клімаксавай стадыі.