§ 48. Дынаміка экасістэм. Паняцце экалагічнай сукцэсіі

Прэамбула

Любая экасістэма дастаткова зменлівая, нягледзячы на адносную стабільнасць яе структуры. Змяненне стану экасістэмы ў адказ на змяненне ўмоў асяроддзя называецца дынамікай экасістэмы. Тып дынамікі залежыць ад характару змянення экалагічных фактараў асяроддзя. Пад іх уплывам адбываецца змяненне ўласцівасцей і структуры папуляцый, іх складу і ўзаемаадносін. Змяненне фактараў асяроддзя можа насіць цыклічны ці аднанакіраваны характар. З прычыны гэтага могуць узнікаць перыядычныя ці паступальныя змяненні экасістэмы.