§ 48. Дынаміка экасістэм. Паняцце экалагічнай сукцэсіі
- Успомніце, якія сезонныя змяненні адбываюцца ў жыцці раслін і жывёл, што насяляюць прыродныя экасістэмы.
- Як вы думаеце? Чаму адны экасістэмы доўга захоўваюць сваё зыходнае існаванне, а іншыя змяняюцца новымі экасістэмамі?
- Вы даведаецеся пра сезонную дынаміку экасістэм, пра паслядоўную і заканамерную змену экасістэм — сукцэсіі — пры аднанакіраваным змяненні ўмоў асяроддзя.
Прэамбула
Любая экасістэма дастаткова зменлівая, нягледзячы на адносную стабільнасць яе структуры. Змяненне стану экасістэмы ў адказ на змяненне ўмоў асяроддзя называецца дынамікай экасістэмы. Тып дынамікі залежыць ад характару змянення экалагічных фактараў асяроддзя. Пад іх уплывам адбываецца змяненне ўласцівасцей і структуры папуляцый, іх складу і ўзаемаадносін. Змяненне фактараў асяроддзя можа насіць цыклічны ці аднанакіраваны характар. З прычыны гэтага могуць узнікаць перыядычныя ці паступальныя змяненні экасістэмы.