§ 48. Дынаміка экасістэм. Паняцце экалагічнай сукцэсіі
Сезонная дынаміка экасістэм
Сезонная дынаміка экасістэм — перыядычныя змяненні экасістэм, звязаныя са зменай пор года. Вы ўжо ведаеце, што змена пор года адбываецца з прычыны кручэння Зямлі вакол Сонца і нахілу восі яе кручэння да плоскасці зямной арбіты. У залежнасці ад становішча Зямлі адносна Сонца на яе паверхню паступае розная колькасць сонечнага святла, цяпла, вільгаці. Найбольш рэзкія змяненні гэтых фактараў пры змене пор года назіраюцца ва ўмераных і высокіх шыротах. Менавіта ў напрамку ад экватара да полюсаў адзначаецца ўзмацненне выяўленасці сезоннай дынамікі экасістэм.
У раслінным згуртаванні ці ў асобных відаў на працягу года выразна прасочваецца чаргаванне пэўных перыядаў. Пасля зімовага спакою настае актыўная вегетацыя, цвіценне, плоданашэнне, затым лістапад і падрыхтоўка да зімы.
У жывёльным свеце размнажэнне асобін звязана з наяўнасцю кармавой базы для патомства, якая залежыць ад пары года. Напрыклад, крыжадзюбы выводзяць птушанят у лютаўскія маразы, калі раскрываюцца яловыя шышкі і маецца багата насення. Гракі выкормліваюць сваіх птушанят дажджавымі чарвямі ранняй вясной, калі іх лёгка здабываць на ўзараным полі.
Сезонныя змяненні забяспечваюцца выжываннем відаў на працягу года, калі кліматычныя ўмовы змяняюцца ў шырокіх межах. Напрыклад, пры надыходзе неспрыяльнага перыяду адбываюцца міграцыі і качаванні ў птушак. Некаторыя млекакормячыя ўпадаюць у спячку, у паўзуноў і земнаводных настае здранцвенне, у пратыстаў утвараюцца цысты. У выніку сезонных змяненняў назіраецца змяненне не толькі якасных, але і колькасных характарыстык экасістэмы. Некаторыя віды практычна цалкам выключаюцца з жыцця згуртавання ў пэўныя перыяды (спячка, здранцвенне, міграцыі). Да сезоннай зменлівасці схільныя і ярусы. Некаторыя ярусы могуць цалкам знікаць у пэўны сезон: напрыклад, расліны-адналетнікі зімой. Усе вышэйпералічаныя змяненні носяць перыядычны характар. Яны не змяняюць саму сутнасць экасістэмы, таму і не прыводзяць да яе змены. Напрыклад, летні лес моцна адрозніваецца ад зімовага, як якасна, так і колькасна. Але ён па-ранейшаму застаецца лесам, а не становіцца, напрыклад, лугам.