§ 45. Ланцугі і сеткі харчавання. Трафічныя ўзроўні

*Сеткі харчавання

У прыродзе пашавыя ланцугі ў чыстым выглядзе не сустракаюцца. Яны звязаны паміж сабой і з дэтрытнымі ланцугамі агульнымі харчовымі звёнамі і ўтвараюць харчовую сетку, або сетку харчавання.

Узаемасувязь пашавых ланцугоў з дэтрытнымі ажыццяўляецца праз дэтрыт, які ўтвараецца ў выніку адмірання прадуцэнтаў і кансументаў. Дэтрытафагі і рэдуцэнты пасля адмірання таксама папаўняюць запас дэтрыту ў экасістэме. У дэтрытных ланцугах адбываецца раскладанне дэтрыту да мінеральных рэчываў, што паглынаюцца з глебы прадуцэнтамі, дзякуючы чаму замыкаецца кругаварот рэчываў у экасістэме. Пры гэтым уся энергія, якая змяшчалася ў дэтрыце, вызваляецца і рассейваецца ў выглядзе цяпла, што стварае паток энергіі ў экасістэме. Такім чынам, дэтрытныя ланцугі звязаны з пашавымі праз мінеральныя рэчывы. Акрамя таго, кансументы пашавых ланцугоў могуць з’ядаць дэтрытафагаў (напрыклад, птушкі з'ядаюць дажджавых чарвей) і буйных рэдуцэнтаў, за кошт чаго паміж пашавымі і дэтрытнымі ланцугамі ўзнікаюць дадатковыя сувязі. Дзякуючы ўзаемасувязі пашавых і дэтрытных ланцугоў у экасістэме фарміруецца складаная харчовая сетка, якая забяспечвае пастаянства працэсаў ператварэння рэчыва і энергіі.

Наяўнасць у экасістэме харчовай сеткі спрыяе выжыванню арганізмаў пры недахопе пэўнага віду корму дзякуючы магчымасці выкарыстоўваць іншы корм. І чым шырэйшая відавая разнастайнасць асобін у экасістэме, тым больш харчовых ланцугоў у складзе харчовай сеткі і тым устойлівей экасістэма. Выпадзенне аднаго звяна з ланцуга харчавання не парушыць усёй экасістэмы, бо могуць быць выкарыстаны крыніцы харчавання з іншых харчовых ланцугоў.

Паўторым галоўнае. У экасістэме прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты звязаны трафічнымі сувязямі і ўтвараюць ланцугі харчавання. Сукупнасць арганізмаў, якія складаюць пэўнае звяно харчовага ланцуга, называецца трафічным узроўнем. Трафічныя ўзроўні прынята нумараваць рымскімі лічбамі. Адрозніваюць два тыпы ланцугоў харчавання: пашавыя і дэтрытныя. У прыроднай экасістэме ланцугі харчавання звязаны паміж сабой агульнымі харчовымі звёнамі і ўтвараюць адзіную сетку харчавання, у якой адбываецца кругаварот рэчываў і паток энергіі.