§ 45. Ланцугі і сеткі харчавання. Трафічныя ўзроўні

*Пашавыя і дэтрытныя ланцугі

У залежнасці ад віду крыніцы рэчыва і энергіі ланцугі харчавання падзяляюць на два тыпы: пашавыя (ланцугі выядання) і дэтрытныя (ланцугі раскладання).

Пашавыя ланцугі (ланцугі выядання) — харчовыя ланцугі, якія пачынаюцца з прадуцэнтаў і ўключаюць кансументаў розных парадкаў. У агульным выглядзе пашавы ланцуг можна паказаць наступнай схемай.

Напрыклад, харчовы ланцуг лугу: канюшына лугавая → матылёк → жаба → змяя; харчовы ланцуг вадаёма: хламідаманада → дафнія →  пячкур → судак. Стрэлкі ў схеме паказваюць напрамак пераносу рэчыва і энергіі ў ланцугу харчавання.

Гэта цікава

У прыродзе амаль усе арганізмы кормяцца не адным, а некалькімі відамі корму. Значыць, любы арганізм можа знаходзіцца на розных трафічных узроўнях у адным і тым жа харчовым ланцугу ў залежнасці ад характару корму. Напрыклад, ястраб, кормячыся мышамі, займае трэці трафічны ўзровень, а ядучы змей — чацвёрты. Акрамя таго, адзін і той жа арганізм можа быць звяном розных харчовых ланцугоў, звязваючы іх паміж сабой. Так, ястраб можа з’есці яшчарку, зайца ці змяю, якія ўваходзяць у склад розных ланцугоў харчавання.

Прыклады рашэння задач на складанне і аналіз пашавых ланцугоў харчавання прыведзены ў раздзеле «Методыка рашэння задач (А)».

Дэтрытныя ланцугі (ланцугі раскладання) — харчовыя ланцугі, якія пачынаюцца з адмерлых арганічных рэшткаў (дэтрыту), уключаюць дэтрытафагаў і рэдуцэнтаў і заканчваюцца ўтварэннем мінеральных рэчываў. У дэтрытных ланцугах адбываецца перанос рэчыва і энергіі дэтрыту паміж дэтрытафагамі і рэдуцэнтамі праз прадукты іх жыццядзейнасці. У агульным выглядзе дэтрытны ланцуг можна паказаць наступнай схемай.

Напрыклад: апалае лісце → дажджавыя чэрві і дробныя членістаногія → грыбы → гетэратрофныя пратысты → глебавыя бактэрыі, што ўтвараюць мінеральныя рэчывы. Рэдуцэнтамі I парадку з’яўляюцца грыбы, якія раскладаюць дэтрыт да перагною. Мінералізацыю перагною ажыццяўляюць гетэратрофныя пратысты і глебавыя бактэрыі, якія называюцца рэдуцэнтамі II парадку. Калі дэтрыт не патрабуе механічнага разбурэння, то ён адразу трапляе пад ўздзеянне рэдуцэнтаў і ператвараецца ў перагной (гумус) з наступнай мінералізацыяй. Дзякуючы дэтрытным ланцугам у прыродзе замыкаецца кругаварот рэчываў. Адмерлае арганічнае рэчыва ў дэтрытных ланцугах ператвараецца ў мінеральныя рэчывы, якія паступаюць у асяроддзе, а з яго паглынаюцца раслінамі (прадуцэнтамі). Пашавыя ланцугі пераважна размяшчаюцца ў надземных, а ланцугі раскладання — у падземных ярусах экасістэм.