§ 22. Тэхнагенныя шум і вібрацыя — сучасныя крыніцы небяспекі для здароўя чалавека

Вібрацыя

Вытворчае абсталяванне і транспартныя сродкі ствараюць механічныя ваганні, якія перадаюцца чалавеку. Гэтыя ваганні атрымалі назву вібрацыя.

Ва ўмовах жылога асяроддзя вібрацыя можа дзейнічаць кругласутачна, выклікаючы раздражненне, перашкаджаючы адпачынку і сну чалавека. Яе крыніцамі з’яўляюцца чыгуначныя саставы, трамваі, якія праходзяць недалёка ад жылых дамоў, а ў буйных гарадах — цягнікі метрапалітэна.

У чалавека, які ўвесь час падвяргаецца вібрацыі, узнікаюць расстройствы здароўя — захворванні ЦНС, сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, органаў раўнавагі. Адбываецца зрушэнне ўнутраных органаў, дыстрафічныя змяненні ў тканках.

Працяглае ўздзеянне вібрацыі прыводзіць да прафесійнага захворвання — вібрацыйнай хваробы. Гэта захворванне выклікана паталагічнымі змяненнямі ў рабоце цэнтральнай нервовай сістэмы. Да прафесій, якія ўваходзяць у групу рызыкі па развіцці вібрацыйнай хваробы, належаць: свідравальшчыкі, паліроўшчыкі, каменярэзчыкі, шліфоўшчыкі, асфальтаўкладчыкі, вадзіцелі трамваяў і інш. Меры прафілактыкі вібрацыйнай хваробы прадугледжваюць выкарыстанне спецвопраткі і прыстасаванняў, якія гасяць вібрацыю, скарачэнне часу кантакту з вібраінструментам, своечасовае праходжанне медаглядаў, а таксама перыядычны самамасаж канечнасцей.

Паўторым галоўнае. Павышаны ўзровень шуму выклікае пагаршэнне слыху, нервовае напружанне, зніжэнне працаздольнасці, ператамленне, спрыяе развіццю гіпертаніі. Вібрацыя адмоўна ўздзейнічае на ЦНС і сардэчна-сасудзістую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, органы раўнавагі.