§ 18. Ядавітыя жывёлы
Ядавітыя жывёлы Беларусі
Найбольш часта сустракаемыя ў Беларусі ядавітыя жывёлы паказаны ў табліцы.
Табліца. Ядавітыя жывёлы Беларусі
Жывёлы |
Уздзеянне на арганізм чалавека |
Сляпень бычыны
|
Таксічныя рэчывы сліны прыводзяць да пачырванення і балючага ацёку скуры. Пасля ўкусу раны доўга краваточаць і не загойваюцца. З’яўляецца пераносчыкам шэрага захворванняў, напрыклад сібірскай язвы |
Пчала меданосная
|
Калі ўкус будзе нанесены ў вобласць языка, глоткі або паднябення, ацёк, што пры гэтым узнікне, можа заблакіраваць паступленне паветра і прывесці да асфіксіі (удушша). Шматлікія ўкусы і алергія да яду пчол могуць прывесці да лятальнага канца |
Аса звычайная |
Аса можа джаліць шматразова пры сур’ёзнай пагрозе, напрыклад калі чалавек спрабуе разбурыць гняздо. Укус балючы, выклікае пачырваненне, ацёк, пякоту і сверб. Асабліва небяспечныя ўкусы для чалавека з алергіяй |
Чмель палявы |
Укус вельмі балючы, выклікае раздражненне і сверб, ацёк і млоснасць, парушэнне сардэчнага рытму, пры мностве ўкусаў магчымы лятальны канец. Укус у вобласць рота або шыі можа выклікаць удушша з прычыны ацёку гартані і спазмы дыхальных шляхоў |
Шэршань звычайны
|
Укус надзвычай балючы і выклікае ацёк, запаленне, млоснасць, галавакружэнне і алергічныя рэакцыі, якія часам прыводзяць да лятальнага канца |
Жук нарыўнік
|
Укус пакідае на целе нарывы і пухіры. Робіць негатыўнае ўздзеянне на работу мочавыводзячых шляхоў і нырак. Асабліва небяспечна пападанне яду ў кроў. Засцерагчы сябе можна, толькі выключыўшы кантакт з нарыўнікамі |
Гадзюка звычайная
|
Укус суправаджаецца болем у месцы пашкоджання, слабасцю, млоснасцю, галавакружэннем. Магчыма парушэнне сардэчнай дзейнасці і развіццё нырачнай недастатковасці |
Паводле разлікаў вучоных, 1 г сухога яду кобры можа прывесці да гібелі 167 чалавек, масай 60 кг кожны. Адной і той жа колькасці яду грымучай змяі дастаткова для смяротнага атручэння 24 сабак або 300 000 галубоў. Свіння, напрыклад, неадчувальная да ўкусаў грымучай змяі, а вожык — да яду гадзюкі. Неўспрымальныя да яду некаторыя птушкі (буслы, вароны), якія ядуць ядавітых змей, куры, што здзёўбваюць ядавітых павукоў каракуртаў.