§ 32. Заключэнне. Свет у пачатку ХХІ ст.

6. Глабалізацыя і яе вынікі. Фарміраванне «новага сусветнага парадку»

Глабалізацыя — гэта працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай, культурнай інтэграцыі і ўніфікацыі.

Першы этап глабалізацыі звязваюць з Вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі і каланізацыяй, калі заходняя цывілізацыя стала распаўсюджвацца на ўвесь свет.

Пасля Крымскай вайны і другой опіумнай вайны сярэдзіны XIX ст. пад уплыў Захаду трапілі Расія і Кітай. Замацаванне ў рамках гэтай мадэлі сусветнага лідарства ЗША адбылося шляхам усталявання іх кантролю над сусветнымі фінансамі і энергетычнай вуглевадароднай сістэмай пасля Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, дзякуючы ваенна-марской перавазе ЗША паставілі пад свой кантроль сусветны марскі транспартны транзіт.

У сувязі з ростам уплыву ЗША ў свеце глабалізацыю нярэдка называюць амерыканізацыяй, або макданалізацыяй, што адлюстроўвае распаўсюджванне амерыканскага ладу жыцця на ўвесь свет.

Крызіс глабалізацыі амерыканскага ўзору прывёў да росту антыглабалізму. Асноўны тэзіс антыглабалізму заключаецца ў тым, што сённяшняя мадэль глабалізацыі сфарміравана пад пратэктаратам сусветнага капіталу і цягне за сабой вестэрнізацыю культуры незаходніх грамадстваў, іх прымус да заходняй мадэлі развіцця і пераўтварэнне ў сыравінныя прыдаткі Захаду, пазбаўленне іх права самастойнага развіцця, разрыў у даходах, узроўні спажывання, здароўі, адукацыі ў развітых дзяржавах і краінах, якія развіваюцца, а таксама спажывецкае і драпежніцкае стаўленне да прыроды, панаванне ідэалогіі неалібералізму і г. д.

Выйсце з сучаснага крызісу глабалізацыі пад эгідай ЗША многім экспертам бачыцца ў лічбавай трансфармацыі жыцця грамадства. Прычым цыфравізацыя прадстаўляецца як безальтэрнатыўны шлях развіцця глабалізацыі.

У 2015 г. на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе была прынята ініцыятыва «Лічбавае пераўтварэнне прамысловасці», якая ахапіла электраэнергію, здабычу энерганосьбітаў, аўтамабільную і хімічную прамысловасць, лагістыку, сферу спажывання і рэгулявання сацыяльных наступстваў цыфравізацыі ў сферы кіравання і палітыкі.

Аднак лічбавая трансфармацыя еўрапейскай прамысловасці, як мяркуюць многія спецыялісты, змяняе характар і арганізацыю не толькі вытворчага працэсу і спажывання, але і сістэму кіравання, і структуру грамадства ў рэчышчы знішчэння сацыяльных інстытутаў і гарантый.

У выніку сёння фарміруецца па сутнасці сеткавае кіраванне грамадствам, якое выціскае дзяржаву, чыя ўлада пад выглядам паслугі перадаецца транснацыянальным, рэгіянальным, мясцовым і нават прыватным структурам. Згодна з меркаваннем вядомага французскага глабаліста, былога прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Жака Аталі, замест сусветнай капіталістычнай сістэмы плануецца стварэнне сістэмы нашмат больш жорсткага сацыяльнага расслаення.