§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы

8. Праблемы пераходнага перыяду

Новыя палітычныя сілы, якія прыйшлі да ўлады ў краінах Усходняй Еўропы, паставілі сваёй асноўнай мэтай паскораную «капіталізацыю» грамадства і збліжэнне з Захадам. У кожнай дзяржавы быў уласны вопыт трансфармацыі, у той жа час усе яны сутыкнуліся з падобнымі праблемамі.

Ва ўсіх былых краінах сацыялізму пачалося радыкальнае разбурэнне эканамічнага механізму, які існаваў раней: прыватызацыя, лібералізацыя рыначных адносін, дэмантаж ранейшай сістэмы дзяржаўнага рэгулявання. Дзяржава перастала падтрымліваць адносна нізкія цэны на асноўныя прадукты, спажывецкія тавары і паслугі. Да сярэдзіны 1990-х гг. былі ліквідаваны многія ранейшыя льготы, напрыклад, працяглыя дэкрэтныя адпачынкі або бясплатная адукацыя ў вышэйшых навучальных установах. Гэтыя рэформы, вядомыя таксама пад назвай «шокавай тэрапіі», прывялі да высокага ўзроўню беспрацоўя, росту коштаў і злачыннасці. Тавараў народнага спажывання стала больш, аднак значная частка насельніцтва не мела магчымасці іх набыць. Паскораная прыватызацыя і лібералізацыя цэн не прывялі да чаканай мадэрнізацыі эканомікі. Толькі ў Польшчы з 1992 г. назіраўся рост валавога нацыянальнага прадукту.

Расчараванне значнай часткі насельніцтва ў рэформах абумовіла рост уплыву левых партый сацыял-дэмакратычнага кірунку. У 1990-я гг. сацыялісты прыйшлі да ўлады ў Балгарыі, Румыніі, Венгрыі, Польшчы. Яны імкнуліся сумясціць ідэалы сацыяльнай справядлівасці з каштоўнасцямі рыначнай эканомікі, з палітычным плюралізмам. Такая палітыка шмат у чым садзейнічала аздараўленню эканомікі ў шэрагу постсацыялістычных краін Еўропы. Пры гэтым левыя сілы трымалі курс на збліжэнне з краінамі Заходняй Еўропы. У выніку ў 1999 г. Польшча, Чэхія і Венгрыя сталі паўнапраўнымі членамі НАТА. У пачатку ХХІ ст. большасць еўрапейскіх краін — былых членаў сацлагера ўвайшлі ў склад Еўрапейскага саюза.