§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны

7. Прычыны палітыкі «прымірэння»

Палітыка «прымірэння», якая праводзілася дэмакратычнымі краінамі Еўропы, да гэтага часу выклікае пытанні, паколькі яна супярэчыла адвечнай традыцыі балансу ўлады і сіл у Еўропе. Гісторыкі называюць тры галоўныя прычыны правядзення гэтай палітыкі.

Першая — імкненне еўрапейцаў, якія толькі перажылі сусветную вайну, не дапусціць новай маштабнай вайны. Палітычныя лідары дэмакратычных краін не маглі ігнараваць імкненне да міру сваіх народаў. Усе ў аднолькавай ступені спадзяваліся, што дастаткова аднаго жадання міру любой цаной, каб рассеяць пагрозу вайны.

Другая прычына — гэта глыбока ўтоенае пачуццё страху перад камунізмам сярод кансерватыўных палітыкаў, якія кіравалі Францыяй і Вялікабрытаніяй. Практычна да апошняга дня яны больш баяліся Сталіна, чым Гітлера, які фармальна заяўляў аб павазе да хрысціянства і прыватнай уласнасці. Недавер да СССР быў псіхалагічнай перашкодай для стварэння сапраўднай процівагі Германіі — перадваеннага саюзу Вялікабрытаніі, Францыі і Савецкага Саюза.

Трэцяя прычына — «навізна» фашысцкай тактыкі, якая заключалася ў адкрытым ігнараванні агульнапрынятых правіл міжнароднай дыпламатыі. Цягам доўгага часу еўрапейскія палітыкі традыцыйна кіраваліся тым, што праблемныя пытанні ў адносінах паміж краінамі абмяркоўваюцца на перамовах і дасягнутыя дамоўленасці, змацаваныя аўтарытэтнымі подпісамі, няўхільна выконваюцца. Да сілавога вырашэння праблем палітыкі звярталіся толькі тады, калі рознагалоссі не маглі быць уладжаны шляхам узаемных саступак і кампрамісаў. Брытанскі прэм’ер-міністр Н. Чэмберлен, напрыклад, лічыў, што палітычныя лідары Еўропы былі ў цэлым шчырымі людзьмі. Ён меркаваў, што іх подпісам пад дакументамі можна давяраць гэтак жа, як подпісу дзелавога чалавека пад кантрактам. Таму, калі Гітлер абвясціў, што ён хоча інкарпараваць у склад Германіі толькі тэрыторыі з нямецкамоўным насельніцтвам і не мае «іншых тэрытарыяльных прэтэнзій», Чэмберлен паверыў яму. Толькі пасля акупацыі Чэхаславакіі брытанскі палітык зразумеў, што Гітлеру давяраць нельга. Англія і Францыя звярнуліся па дапамогу да СССР. Аднак Сталін не давяраў «капіталістам» гэтак жа моцна, як яны не давяралі «камуністам».

Такім чынам, з-за відавочнай несправядлівасці Версальскага дагавора палітычныя лідары дэмакратычнай Еўропы накіроўвалі палітыку «прымірэння» на засцярогу Захаду ад гітлераўскіх прэтэнзій, але яе працяг патэнцыйна дапускаў фашысцкую агрэсію супраць Савецкага Саюза.

Версальска-Вашынгтонская сістэма не толькі не змякчыла супярэчнасці паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі, але, наадварот, узмацніла іх, што з’явілася адным з паказчыкаў крызісу заходняй цывілізацыі, які прывёў да Другой сусветнай вайны.