§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны
Ключавая ідэя: палітыка «прымірэння» агрэсара прывяла да радыкальнага змянення балансу сіл у Еўропе, аслаблення геапалітычных пазіцый Вялікабрытаніі і Францыі. Вайна стала непазбежнай.
Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін, створаная пасля Першай сусветнай вайны, задавальняла многія краіны, акрамя Германіі, Японіі і Італіі. Гэтыя тры дзяржавы ў далейшым і стварылі ачагі новай сусветнай вайны. З усталяваннем таталітарных рэжымаў у Італіі, а затым і ў Германіі ўсё больш выразна абазначаліся іх агрэсіўныя памкненні. Фашысцкія ўрады гэтых краін ставілі сваёй мэтай перагледзець Версальскі і іншыя мірныя дагаворы і стварыць «новы сусветны парадак». Ліга Нацый, у статуце якой былі прадугледжаны і калектыўныя меры супраць агрэсара для вырашэння канфліктных сітуацый, на жаль, не змагла забяспечыць жаданай стабільнасці ў Еўропе.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:43 |
Оглавление
- 1. Эпоха пацыфызму і адноснай стабілізацыі ў Еўропе
- 2. Крах Версальскай сістэмы
- 3. Агрэсіўная палітыка фашысцкіх дзяржаў
- 4. Фарміраванне блока агрэсіўных дзяржаў
- 5. Праблема стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі
- 6. Палітыка «прымірэння»
- 7. Прычыны палітыкі «прымірэння»
- Пытанні
- Прапануем абмеркаваць
- Асаблівае меркаванне
1. Эпоха пацыфызму і адноснай стабілізацыі ў Еўропе
1920-я гг. у еўрапейскай гісторыі лічацца «эрай пацыфызму». Пацыфізм — ідэалогія непрыняцця гвалту.
У гэты перыяд удалося ўрэгуляваць складаныя палітычныя супярэчнасці шляхам падпісання шэрагу важных міжнародных пагадненняў і ўсталявання ў 1919—1922 гг. новай сістэмы міжнародных адносін — Версальска-Вашынгтонскай. Надышоў перыяд адносна мірнага суіснавання і часовай стабільнасці. Людзі памяталі нядаўнія жахі вайны і ні ў якім выпадку не хацелі яе паўтарэння. Паўсюль гучалі лозунгі з заклікамі да міру і раззбраення.
Гэты перыяд таксама называюць перыядам росквіту, паколькі ва ўмовах міру ў многіх краінах заходняга свету назіраліся ўздым прамысловасці, развіццё новых галін эканомікі і сродкаў камунікацыі.
Аднак «эпоху пацыфызму» можна назваць і часам «зацішша перад бурай». Пераможаныя краіны яшчэ не аднавіліся пасля сусветнай вайны і папросту не маглі ваенным шляхам супрацьстаяць парадкам, усталяваным Версальска-Вашынгтонскай сістэмай. «Эра пацыфызму» дала ім магчымасць аднавіць эканоміку і ўмацаваць ваенны патэнцыял. Менавіта ў 1920-я гг. у Італіі і Германіі пачала фарміравацца ідэалогія фашызму.
2. Крах Версальскай сістэмы
Кволы мір, усталяваны Версальска-Вашынгтонскай сістэмай, пачаў разбурацца пад уздзеяннем рэзкага абвастрэння міжнародных супярэчнасцей у час сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гг. Веймарскі ўрад настойліва патрабаваў поўнай адмены рэпарацыйных плацяжоў, аргументуючы такую неабходнасць магчымым крахам нацыянальнай эканомікі і немінучай рэвалюцыяй пазней. Вялікія дзяржавы пагадзіліся з гэтымі аргументамі, аб’явіўшы мараторый на германскія рэпарацыйныя плацяжы.
У 1932 г. на канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе Германія дабілася прызнання прынцыпу «роўнасці ва ўзбраеннях», што адкрыла для яе магчымасць перагляду ваенных абмежаванняў Версаля. У 1935 г. пачалася мадэрнізацыя германскіх узброеных сіл, для павелічэння арміі да 500 тыс. чалавек у краіне была ўведзена ўсеагульная воінская павіннасць. 21 мая 1935 г. быў прыняты сакрэтны закон «Аб абароне імперыі», згодна з якім усе эканамічныя сілы Германіі павінны былі служыць ваенным мэтам.
Пачаўшы ствараць рэгулярныя ўзброеныя сілы, Гітлер стаў правяраць рэакцыю на гэта астатніх дзяржаў пры дапамозе серыі нечаканых акцый, якія суправаджаліся абавязковымі запэўніваннямі аб мірных намерах. У кастрычніку 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый. Францыя і Вялікабрытанія асудзілі гэтую акцыю, але так і не вырашылі, якія меры супрацьдзеяння прыняць — блакаду альбо ўварванне. Пазней Гітлер абвясціў, што Германія ўводзіць усеагульную воінскую павіннасць, аднаўляе сваю армію і стварае ваенна-паветраныя сілы ў парушэнне Версальскага дагавора. Замест пратэсту Вялікабрытанія падпісала ваенна-марское пагадненне з Германіяй, таму што яна, як і Францыя, баялася магчымай вайны ў выпадку рознагалоссяў з Германіяй. ЗША, у той час занятыя ўнутранымі эканамічнымі праблемамі, вярнуліся да ізаляцыянізму і перасталі ўмешвацца ў справы Еўропы, у пасляваенным пераўладкаванні якой прынялі актыўны ўдзел адразу пасля завяршэння Першай сусветнай вайны.
Пасля таго як у Германіі зацвердзіўся агрэсіўны нацыянал-сацыялістычны рэжым, яго канчатковай мэтай было абвешчана заваяванне «жыццёвай прасторы» для нямецкай нацыі.
3. Агрэсіўная палітыка фашысцкіх дзяржаў
З 1935 г. Германія пачала рэалізоўваць палітыку далучэння да яе тэрыторый, населеных немцамі. Першай на падставе рэферэндуму была далучана Саарская вобласць. Неўзабаве фашызм перайшоў у наступленне ў міжнародным маштабе. У 1935 г., бачачы пасіўнасць дэмакратычных дзяржаў у адносінах да Японіі і Германіі, Італія акупіравала Абісінію (Эфіопію) — апошнюю незалежную дзяржаву ў Афрыцы, якая ўваходзіла ў Лігу Нацый. Ліга і дэмакратычныя дзяржавы выразілі слабы пратэст, але адмовіліся прыпыніць італьянскую кампанію шляхам закрыцця Суэцкага канала для італьянскіх караблёў і ўвядзення нафтавага эмбарга. У наступным годзе Гітлер увёў войскі ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону на мяжы з Францыяй і Бельгіяй. Вядучыя еўрапейскія дзяржавы зноў абмежаваліся ўсяго толькі пратэстамі. Такім чынам, у 1930-я гг. Германіі ўдалося дабіцца фактычнай адмены ўмоў Версальскага дагавора, у Еўропе разгараўся першы ачаг ваеннай небяспекі.
У ліпені 1936 г. частка іспанскай арміі на чале з Ф. Франка ўзняла мяцеж супраць урада рэспубліканскай Іспаніі, які мяцежнікі лічылі празмерна левым і антыкаталіцкім. У грамадзянскай вайне ў Іспаніі Італія і Германія дапамагалі нацыяналістам — так называлі сябе прыхільнікі Ф. Франка, а СССР падтрымліваў рэспубліканцаў.
У 1938 г. Гітлер вырашыў, што пераўзбраенне нямецкай арміі прасунулася дастаткова далёка, і гэта цалкам дазваляе задаволіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У лютым 1938 г. нацысты ўзмацнілі ціск на Аўстрыю, запатрабаваўшы рэфармаваць аўстрыйскі ўрад і прызначыць яго кіраўніком нацыянал-сацыяліста. Было пастаўлена пытанне аб аншлюсе Аўстрыі. Аўстрыйскія ўлады прызначылі на 13 сакавіка рэферэндум па гэтай праблеме. Аднак на досвітку 12 сакавіка 1938 г. 300-тысячная нямецкая армія рынулася ў Аўстрыю. Большасць яе жыхароў былі германамоўнымі, і на рэферэндуме ў красавіку 1938 г. пад ціскам нацыстаў больш як 99 % аўстрыйцаў ухвалілі аншлюс.
На Далёкім Усходзе Японія прыступіла да рэалізацыі сваіх паназіяцкіх планаў экспансіі. У 1931—1932 гг. яна акупіравала Маньчжурыю і стварыла там марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. Яе тэрыторыя была ператворана ў плацдарм для вядзення вайны ў Кітаі і падрыхтоўкі нападу на СССР з мэтай адарвання ад яго тэрыторыі на ўсход ад возера Байкал.
У 1933 г. Японія пакінула Лігу Нацый, а ў ліпені 1937 г. пачала буйнамаштабную вайну, захапіўшы цэнтральны Кітай. Такім чынам, у Азіі таксама ўзнік ачаг вайны.
4. Фарміраванне блока агрэсіўных дзяржаў
У 1936 г. А. Гітлер і Б. Мусаліні, бачачы, што дэмакратычныя дзяржавы фактычна адмовіліся дапамагаць іспанскаму ўраду, вырашылі сфарміраваць альянс, які атрымаў назву «Вось Берлін — Рым» і меў на мэце задавальненне тэрытарыяльных амбіцый фашысцкіх дыктатараў.
25 лістапада 1936 г. у Берліне адбылося падпісанне Германіяй і Японіяй Антыкамінтэрнаўскага пакта, па якім яны абавязаліся весці сумесную барацьбу супраць дзейнасці Камінтэрна. У дадатак быў складзены сакрэтны пратакол, згодна з якім у выпадку вайны аднаго з бакоў з СССР другі будзе ствараць спрыяльныя ўмовы для яе вядзення. Праз год да Антыкамінтэрнаўскага пакта далучылася Італія.
22 мая 1939 г. Германія і Італія заключылі дагавор аб саюзе і дружбе, вядомы як «Стальны пакт». У выпадку вайны бакі абавязваліся аказваць адзін аднаму ўсебаковую ваенную і эканамічную дапамогу. Германія саступала Італіі Паўднёвы Ціроль. Японія да «Стальнога пакта» не далучылася. Палітычны саюз трох агрэсіўных дзяржаў — «Вось (трохвугольнік) Берлін — Рым — Токіа» — не стаў рэальным саюзам.
5. Праблема стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі
Сусветны эканамічны крызіс парушыў нетрывалы Версальскі мір і разбурыў мары аб калектыўнай бяспецы, заснаванай на дамоўленасцях. Агрэсіўны курс фашысцкіх дзяржаў прымусіў Францыю ў лістападзе 1932 г. заключыць дагавор аб ненападзенні з СССР. Савецкае кіраўніцтва прапанавала Францыі заключыць дагавор аб узаемнай дапамозе з удзелам іншых еўрапейскіх дзяржаў. Быў распрацаваны праект Усходняга пакта, які прадугледжваў стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Аднак Германія, Польшча і некаторыя іншыя краіны адмовіліся ад падпісання гэтага дагавора.
У красавіку 1935 г. у Стрэзе (Італія) адбылася франка-англа-італьянская канферэнцыя як рэакцыя на ўвядзенне ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці ў парушэнне Версальскага дагавора. Аднак так званы «Фронт Стрэзы» разваліўся ўжо ў год яго стварэння ў сувязі з падпісаннем марскога пагаднення паміж Англіяй і Германіяй і нападам Італіі на Эфіопію.
У маі 1935 г. у Парыжы быў заключаны дагавор аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Францыяй. Пасля гэтага 16 мая 1935 г. адбылося падпісанне дагавора аб узаемадапамозе з Чэхаславакіяй.
Пятага лістапада 1937 г. прайшло пасяджэнне ваеннага і знешнепалітычнага кіраўніцтва Трэцяга рэйху з удзелам Гітлера, па выніках якога быў складзены так званы пратакол Хосбаха. З гэтага дакумента вынікае, што Гітлер у той час планаваў вайну з Англіяй і Францыяй не на 1939 г., а на больш позні перыяд. Ён меў намер спачатку правесці так званыя малыя войны з мэтай атрымання доступу да крыніц сыравіны для германскай эканомікі.
Шостага снежня 1938 г. у Парыжы міністрамі замежных спраў Францыі і Германіі Ж. Банэ і І. Рыбентропам была падпісана франка-германская дэкларацыя аб узаемных кансультацыях па асноўных пытаннях заходняй палітыкі. Германія заявіла аб імкненні да экспансіі ва ўсходнім накірунку. Паміж радкоў чыталася, што Францыю папрасілі абмежаваць сферу яе інтарэсаў у Цэнтральнай Еўропе, якая, у адпаведнасці з Версальскім дагаворам, знаходзілася пад яе абаронай.
22 сакавіка 1939 г. была падпісана англа-французская дэкларацыя: у выпадку нападу на іх альбо на Галандыю, Швейцарыю і Бельгію Англія і Францыя давалі гарантыі абароны. У жніўні 1939 г. быў заключаны англа-польскі альянс. Неўзабаве такія ж гарантыі былі дадзены Румыніі, Грэцыі і Турцыі.
6. Палітыка «прымірэння»
Пасля фактычнага захопу Германіяй Аўстрыі ў Еўропе ўзрасла пагроза буйнамаштабнай вайны. Вядучыя краіны свету — Англія, Францыя, ЗША і СССР — асудзілі агрэсара, але ніводная з іх не пажадала адкрыта выступіць у ролі праціўніка нацысцкай Германіі. Замест гэтага кіруючыя колы Англіі і Францыі ўзялі курс на «прымірэнне» Гітлера, безагаворачна задавальняючы яго прэтэнзіі, якія пастаянна ўзрасталі. Вышэйшай мэтай гэтай блізарукай і надзвычай небяспечнай палітыкі лідары абедзвюх краін абвясцілі падтрыманне міру любой цаной, вытлумачваючы такую пазіцыю патрабаваннем сваіх народаў. Акрамя таго, яны ўпотай спадзяваліся накіраваць вастрыё нямецкай агрэсіі на ўсход, супраць Савецкага Саюза.
Рэалізуючы планы заваявання «жыццёвай прасторы» для арыйскай расы, Гітлер пачаў выстаўляць прэтэнзіі на далучэнне тэрыторый, населеных пераважна немцамі. Адным з такіх раёнаў была прамыслова развітая Судэцкая вобласць Чэхаславакіі. Спачатку Гітлер запатрабаваў для яе аўтаноміі, а затым далучэння да Германіі. На працягу лета 1938 г. ён пагражаў Чэхаславакіі вайной. У гэты перыяд Савецкі Саюз зрабіў прапанову аказаць дапамогу Чэхаславакіі, але яна была адкінута з-за страху «чырвонай небяспекі». У верасні 1938 г. на канферэнцыі ў Мюнхене Гітлер і Мусаліні сустрэліся з кіраўнікамі ўрадаў Англіі і Францыі Н. Чэмберленам і Э. Даладзье, якія пагадзіліся з усімі патрабаваннямі Гітлера без кансультацыі з урадам Чэхаславакіі. Судэты перадаваліся Германіі ў 10-дзённы тэрмін, а Гітлер «абяцаў» вырашаць усе спрэчныя пытанні мірным шляхам.
Аднак Гітлер не спыніўся на гэтым. Пад ціскам Германіі чэхаславацкі ўрад спачатку прадаставіў аўтаномію, а затым і незалежнасць Славакіі. Насуперак Мюнхенскаму пагадненню 15 сакавіка 1939 г. нямецкія войскі акупіравалі Багемію і Маравію.
Так Англія і Францыя здрадзілі краіне, якую былі абавязаныя абараняць. Лідары фашысцкіх дзяржаў упэўніліся ў тым, што дэмакратычныя краіны не гатовыя даць ім адпор.
Пасля акупацыі Чэхіі ў Еўропе ўзнікла сур’ёзная пагроза агрэсіі з боку Германіі. Савецкі ўрад не выключаў магчымасці пагаднення нямецкага боку з Англіяй і Францыяй супраць СССР. У гэтай няпростай сітуацыі ўвесну 1939 г. савецкі лідар І. В. Сталін стаў шукаць магчымасці заключэння саюзу з Англіяй і Францыяй на выпадак нямецкай агрэсіі ў Еўропе.
Аднак было відавочна, што англа-французская дыпламатыя па-ранейшаму прытрымлівалася палітыкі «прымірэння» агрэсара. Пра гэта красамоўна сведчыў той факт, што на адказныя перамовы, якія праходзілі летам 1939 г., у Маскву прыбылі другарадныя брытанскія і французскія чыноўнікі, якія не мелі неабходных паўнамоцтваў для заключэння пагаднення. Англа-франка-савецкія перамовы, якія пачаліся ў Маскве, праходзілі ў атмасферы ўзаемнага недаверу. Пры гэтым міністр замежных спраў Н. Чэмберлен сказаў, што ён «хутчэй падасць у адстаўку, чым падпіша саюз з Саветамі». На гэтых перамовах СССР настойваў на тым, каб Англія і Францыя выставілі дастатковую колькасць узброеных сіл для адпору фашысцкай агрэсіі. Польшча і Румынія адмаўляліся прадаставіць сваю тэрыторыю для праходу савецкіх войскаў. Гэтым жа летам Вялікабрытанія ўступіла ў прамовы з Германіяй аб наладжванні шырокага супрацоўніцтва.
Між тым Гітлер, які на той час прыняў рашэнне аб пачатку вайны супраць Польшчы, настойліва прапаноўваў Сталіну заключыць пакт аб ненападзенні. Нямецкае кіраўніцтва дало зразумець, што ў выпадку адмовы СССР ад дагавора Германія будзе гатовая дамовіцца з Англіяй аб магчымых сумесных дзеяннях супраць Савецкага Саюза. Такім чынам, палітыка «прымірэння» падштурхоўвала Сталіна да падпісання дагавора з Германіяй. Гітлер перамог Францыю і Вялікабрытанію ў іх уласнай дыпламатычнай гульні. Ён прапанаваў падзяліць Польшчу і астатнюю Усходнюю Еўропу паміж Германіяй і СССР.
23 жніўня 1939 г. міністр замежных спраў Германіі І. фон Рыбентроп і народны камісар замежных спраў СССР В. М. Молатаў падпісалі ў Маскве Дагавор аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй і сакрэтны пратакол да яго. Бакі дамаўляліся не дапусціць ваеннага сутыкнення і размяжоўвалі «сферы дзяржаўных інтарэсаў» паміж Германіяй і СССР. «Сферай інтарэсаў» Германіі былі прызнаныя Заходняя і Цэнтральная Польшча, Літва, а СССР — тэрыторыі, якія Расія страціла ў гады Першай сусветнай вайны (Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Бесарабія). Пасля пачатку Другой сусветнай вайны паміж Германіяй і заходнімі дзяржавамі Рыбентроп і Молатаў падпісалі 28 верасня 1939 г. Дагавор аб дружбе і граніцы і новыя сакрэтныя пратаколы, якія ўдакладнялі «сферы інтарэсаў» дзвюх краін.
Значэнне дагавораў з Германіяй заключаецца ў тым, што савецкае кіраўніцтва, а яно не сумнявалася ў будучым ваенным сутыкненні з гэтай краінай, атрымала амаль два гады перадышкі, якую імкнулася з максімальнай выгадай выкарыстаць для падрыхтоўкі да вайны. У выніку заходнія дэмакратыі сталі ахвярай уласнай палітыкі «прымірэння» і заахвочвання фашысцкага агрэсара.
7. Прычыны палітыкі «прымірэння»
Палітыка «прымірэння», якая праводзілася дэмакратычнымі краінамі Еўропы, да гэтага часу выклікае пытанні, паколькі яна супярэчыла адвечнай традыцыі балансу ўлады і сіл у Еўропе. Гісторыкі называюць тры галоўныя прычыны правядзення гэтай палітыкі.
Першая — імкненне еўрапейцаў, якія толькі перажылі сусветную вайну, не дапусціць новай маштабнай вайны. Палітычныя лідары дэмакратычных краін не маглі ігнараваць імкненне да міру сваіх народаў. Усе ў аднолькавай ступені спадзяваліся, што дастаткова аднаго жадання міру любой цаной, каб рассеяць пагрозу вайны.
Другая прычына — гэта глыбока ўтоенае пачуццё страху перад камунізмам сярод кансерватыўных палітыкаў, якія кіравалі Францыяй і Вялікабрытаніяй. Практычна да апошняга дня яны больш баяліся Сталіна, чым Гітлера, які фармальна заяўляў аб павазе да хрысціянства і прыватнай уласнасці. Недавер да СССР быў псіхалагічнай перашкодай для стварэння сапраўднай процівагі Германіі — перадваеннага саюзу Вялікабрытаніі, Францыі і Савецкага Саюза.
Трэцяя прычына — «навізна» фашысцкай тактыкі, якая заключалася ў адкрытым ігнараванні агульнапрынятых правіл міжнароднай дыпламатыі. Цягам доўгага часу еўрапейскія палітыкі традыцыйна кіраваліся тым, што праблемныя пытанні ў адносінах паміж краінамі абмяркоўваюцца на перамовах і дасягнутыя дамоўленасці, змацаваныя аўтарытэтнымі подпісамі, няўхільна выконваюцца. Да сілавога вырашэння праблем палітыкі звярталіся толькі тады, калі рознагалоссі не маглі быць уладжаны шляхам узаемных саступак і кампрамісаў. Брытанскі прэм’ер-міністр Н. Чэмберлен, напрыклад, лічыў, што палітычныя лідары Еўропы былі ў цэлым шчырымі людзьмі. Ён меркаваў, што іх подпісам пад дакументамі можна давяраць гэтак жа, як подпісу дзелавога чалавека пад кантрактам. Таму, калі Гітлер абвясціў, што ён хоча інкарпараваць у склад Германіі толькі тэрыторыі з нямецкамоўным насельніцтвам і не мае «іншых тэрытарыяльных прэтэнзій», Чэмберлен паверыў яму. Толькі пасля акупацыі Чэхаславакіі брытанскі палітык зразумеў, што Гітлеру давяраць нельга. Англія і Францыя звярнуліся па дапамогу да СССР. Аднак Сталін не давяраў «капіталістам» гэтак жа моцна, як яны не давяралі «камуністам».
Такім чынам, з-за відавочнай несправядлівасці Версальскага дагавора палітычныя лідары дэмакратычнай Еўропы накіроўвалі палітыку «прымірэння» на засцярогу Захаду ад гітлераўскіх прэтэнзій, але яе працяг патэнцыйна дапускаў фашысцкую агрэсію супраць Савецкага Саюза.
Версальска-Вашынгтонская сістэма не толькі не змякчыла супярэчнасці паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі, але, наадварот, узмацніла іх, што з’явілася адным з паказчыкаў крызісу заходняй цывілізацыі, які прывёў да Другой сусветнай вайны.
Пытанні
1. Якія дзяржавы імкнуліся да рэвізіі Версальска-Вашынгтонскіх дамоўленасцяў? Чаму?
2. Складзіце табліцу «Ачагі міжнароднай напружанасці ў 1930-я гг.».
3. У міжнародных адносінах 1930-х гг. можна вылучыць тры асноўныя тэндэнцыі: а) агрэсіўная палітыка, накіраваная на пашырэнне тэрыторый і ўзмацненне палітычнага ўплыву; б) палітыка «прымірэння» агрэсара; в) спробы стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі. Ахарактарызуйце іх. Якія дзяржавы выступалі праваднікамі гэтых палітычных тэндэнцый?
4. Як Мюнхенская канферэнцыя паўплывала на змяненне геапалітычнага становішча ў Еўропе?
5. Прааналізуйце табліцу «Дагаворы, заключаныя з Германіяй у 1930-я гг.». Чаму стала магчымым падпісанне Дагавора аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй?
6. Акрэсліце значэнне паняцця «палітыка “прымірэння” агрэсара». Ці можна было «прымірыць» Гітлера?