§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны

6. Палітыка «прымірэння»

Пасля фактычнага захопу Германіяй Аўстрыі ў Еўропе ўзрасла пагроза буйнамаштабнай вайны. Вядучыя краіны свету — Англія, Францыя, ЗША і СССР — асудзілі агрэсара, але ніводная з іх не пажадала адкрыта выступіць у ролі праціўніка нацысцкай Германіі. Замест гэтага кіруючыя колы Англіі і Францыі ўзялі курс на «прымірэнне» Гітлера, безагаворачна задавальняючы яго прэтэнзіі, якія пастаянна ўзрасталі. Вышэйшай мэтай гэтай блізарукай і надзвычай небяспечнай палітыкі лідары абедзвюх краін абвясцілі падтрыманне міру любой цаной, вытлумачваючы такую пазіцыю патрабаваннем сваіх народаў. Акрамя таго, яны ўпотай спадзяваліся накіраваць вастрыё нямецкай агрэсіі на ўсход, супраць Савецкага Саюза.

Рэалізуючы планы заваявання «жыццёвай прасторы» для арыйскай расы, Гітлер пачаў выстаўляць прэтэнзіі на далучэнне тэрыторый, населеных пераважна немцамі. Адным з такіх раёнаў была прамыслова развітая Судэцкая вобласць Чэхаславакіі. Спачатку Гітлер запатрабаваў для яе аўтаноміі, а затым далучэння да Германіі. На працягу лета 1938 г. ён пагражаў Чэхаславакіі вайной. У гэты перыяд Савецкі Саюз зрабіў прапанову аказаць дапамогу Чэхаславакіі, але яна была адкінута з-за страху «чырвонай небяспекі». У верасні 1938 г. на канферэнцыі ў Мюнхене Гітлер і Мусаліні сустрэліся з кіраўнікамі ўрадаў Англіі і Францыі Н. Чэмберленам і Э. Даладзье, якія пагадзіліся з усімі патрабаваннямі Гітлера без кансультацыі з урадам Чэхаславакіі. Судэты перадаваліся Германіі ў 10-дзённы тэрмін, а Гітлер «абяцаў» вырашаць усе спрэчныя пытанні мірным шляхам.

Аднак Гітлер не спыніўся на гэтым. Пад ціскам Германіі чэхаславацкі ўрад спачатку прадаставіў аўтаномію, а затым і незалежнасць Славакіі. Насуперак Мюнхенскаму пагадненню 15 сакавіка 1939 г. нямецкія войскі акупіравалі Багемію і Маравію.

Так Англія і Францыя здрадзілі краіне, якую былі абавязаныя абараняць. Лідары фашысцкіх дзяржаў упэўніліся ў тым, што дэмакратычныя краіны не гатовыя даць ім адпор.

Пасля акупацыі Чэхіі ў Еўропе ўзнікла сур’ёзная пагроза агрэсіі з боку Германіі. Савецкі ўрад не выключаў магчымасці пагаднення нямецкага боку з Англіяй і Францыяй супраць СССР. У гэтай няпростай сітуацыі ўвесну 1939 г. савецкі лідар І. В. Сталін стаў шукаць магчымасці заключэння саюзу з Англіяй і Францыяй на выпадак нямецкай агрэсіі ў Еўропе.

Аднак было відавочна, што англа-французская дыпламатыя па-ранейшаму прытрымлівалася палітыкі «прымірэння» агрэсара. Пра гэта красамоўна сведчыў той факт, што на адказныя перамовы, якія праходзілі летам 1939 г., у Маскву прыбылі другарадныя брытанскія і французскія чыноўнікі, якія не мелі неабходных паўнамоцтваў для заключэння пагаднення. Англа-франка-савецкія перамовы, якія пачаліся ў Маскве, праходзілі ў атмасферы ўзаемнага недаверу. Пры гэтым міністр замежных спраў Н. Чэмберлен сказаў, што ён «хутчэй падасць у адстаўку, чым падпіша саюз з Саветамі». На гэтых перамовах СССР настойваў на тым, каб Англія і Францыя выставілі дастатковую колькасць узброеных сіл для адпору фашысцкай агрэсіі. Польшча і Румынія адмаўляліся прадаставіць сваю тэрыторыю для праходу савецкіх войскаў. Гэтым жа летам Вялікабрытанія ўступіла ў прамовы з Германіяй аб наладжванні шырокага супрацоўніцтва.

Між тым Гітлер, які на той час прыняў рашэнне аб пачатку вайны супраць Польшчы, настойліва прапаноўваў Сталіну заключыць пакт аб ненападзенні. Нямецкае кіраўніцтва дало зразумець, што ў выпадку адмовы СССР ад дагавора Германія будзе гатовая дамовіцца з Англіяй аб магчымых сумесных дзеяннях супраць Савецкага Саюза. Такім чынам, палітыка «прымірэння» падштурхоўвала Сталіна да падпісання дагавора з Германіяй. Гітлер перамог Францыю і Вялікабрытанію ў іх уласнай дыпламатычнай гульні. Ён прапанаваў падзяліць Польшчу і астатнюю Усходнюю Еўропу паміж Германіяй і СССР.

23 жніўня 1939 г. міністр замежных спраў Германіі І. фон Рыбентроп і народны камісар замежных спраў СССР В. М. Молатаў падпісалі ў Маскве Дагавор аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй і сакрэтны пратакол да яго. Бакі дамаўляліся не дапусціць ваеннага сутыкнення і размяжоўвалі «сферы дзяржаўных інтарэсаў» паміж Германіяй і СССР. «Сферай інтарэсаў» Германіі былі прызнаныя Заходняя і Цэнтральная Польшча, Літва, а СССР — тэрыторыі, якія Расія страціла ў гады Першай сусветнай вайны (Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Бесарабія). Пасля пачатку Другой сусветнай вайны паміж Германіяй і заходнімі дзяржавамі Рыбентроп і Молатаў падпісалі 28 верасня 1939 г. Дагавор аб дружбе і граніцы і новыя сакрэтныя пратаколы, якія ўдакладнялі «сферы інтарэсаў» дзвюх краін.

Значэнне дагавораў з Германіяй заключаецца ў тым, што савецкае кіраўніцтва, а яно не сумнявалася ў будучым ваенным сутыкненні з гэтай краінай, атрымала амаль два гады перадышкі, якую імкнулася з максімальнай выгадай выкарыстаць для падрыхтоўкі да вайны. У выніку заходнія дэмакратыі сталі ахвярай уласнай палітыкі «прымірэння» і заахвочвання фашысцкага агрэсара.