§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны
5. Праблема стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі
Сусветны эканамічны крызіс парушыў нетрывалы Версальскі мір і разбурыў мары аб калектыўнай бяспецы, заснаванай на дамоўленасцях. Агрэсіўны курс фашысцкіх дзяржаў прымусіў Францыю ў лістападзе 1932 г. заключыць дагавор аб ненападзенні з СССР. Савецкае кіраўніцтва прапанавала Францыі заключыць дагавор аб узаемнай дапамозе з удзелам іншых еўрапейскіх дзяржаў. Быў распрацаваны праект Усходняга пакта, які прадугледжваў стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Аднак Германія, Польшча і некаторыя іншыя краіны адмовіліся ад падпісання гэтага дагавора.
У красавіку 1935 г. у Стрэзе (Італія) адбылася франка-англа-італьянская канферэнцыя як рэакцыя на ўвядзенне ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці ў парушэнне Версальскага дагавора. Аднак так званы «Фронт Стрэзы» разваліўся ўжо ў год яго стварэння ў сувязі з падпісаннем марскога пагаднення паміж Англіяй і Германіяй і нападам Італіі на Эфіопію.
У маі 1935 г. у Парыжы быў заключаны дагавор аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Францыяй. Пасля гэтага 16 мая 1935 г. адбылося падпісанне дагавора аб узаемадапамозе з Чэхаславакіяй.
Пятага лістапада 1937 г. прайшло пасяджэнне ваеннага і знешнепалітычнага кіраўніцтва Трэцяга рэйху з удзелам Гітлера, па выніках якога быў складзены так званы пратакол Хосбаха. З гэтага дакумента вынікае, што Гітлер у той час планаваў вайну з Англіяй і Францыяй не на 1939 г., а на больш позні перыяд. Ён меў намер спачатку правесці так званыя малыя войны з мэтай атрымання доступу да крыніц сыравіны для германскай эканомікі.
Шостага снежня 1938 г. у Парыжы міністрамі замежных спраў Францыі і Германіі Ж. Банэ і І. Рыбентропам была падпісана франка-германская дэкларацыя аб узаемных кансультацыях па асноўных пытаннях заходняй палітыкі. Германія заявіла аб імкненні да экспансіі ва ўсходнім накірунку. Паміж радкоў чыталася, што Францыю папрасілі абмежаваць сферу яе інтарэсаў у Цэнтральнай Еўропе, якая, у адпаведнасці з Версальскім дагаворам, знаходзілася пад яе абаронай.
22 сакавіка 1939 г. была падпісана англа-французская дэкларацыя: у выпадку нападу на іх альбо на Галандыю, Швейцарыю і Бельгію Англія і Францыя давалі гарантыі абароны. У жніўні 1939 г. быў заключаны англа-польскі альянс. Неўзабаве такія ж гарантыі былі дадзены Румыніі, Грэцыі і Турцыі.