§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства
3. Супярэчлівы характар развіцця навукі
Ва ўмовах перыядычнага абвастрэння міжнароднай палітыкі многія навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы ўсё часцей выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах. З’явіліся новыя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкі і самалёты, падводныя лодкі і караблі-браняносцы. Сур’ёзныя поспехі, дасягнутыя ў 1920—1930-я гг. у сферы ядзернай фізікі, максімальна наблізілі навукоўцаў да атрымання атамнай энергіі. Крыху пазней вучоныя змаглі стварыць атамную бомбу.
Такім чынам, развіццё сучаснай навукі і тэхнікі ад самага пачатку набывала супярэчлівы характар. З аднаго боку, яно садзейнічала прагрэсу і вяло да рэзкага паляпшэння жыцця і побыту людзей, а з іншага — рабіла ўсё больш масавымі і разбуральнымі сродкі знішчэння. Гэтая тэндэнцыя праявілася ўжо ў час Першай сусветнай вайны.