§ 13. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін

6. Рух за стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі

Ідэя адмовы ад вайны як інструмента нацыянальнай палітыкі знайшла адлюстраванне ў руху за стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. У 1928 г. па ініцыятыве Францыі і ЗША адбылося падпісанне пакта аб адмове ад вайны як сродку палітыкі і прызнанні міжнароднага арбітражу абавязковым спосабам урэгулявання міждзяржаўных канфліктаў. Другая назва гэтага міжнароднага дакумента — «пакт Брыяна — Келага», названага па імёнах міністра замежных спраў Францыі А. Брыяна і дзяржсакратара ЗША Ф. Келага. Пакт быў падпісаны прадстаўнікамі 15 дзяржаў.

Заключэнне дагавора азначала важны крок на шляху стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. У далейшым да пакта далучыліся яшчэ 48 дзяржаў. Дакумент стаў адной з прававых падстаў для Нюрнбергскага працэсу. Кіраўнікам нацысцкай Германіі былі прад’яўлены абвінавачванні ў парушэнні пакта Брыяна — Келага.

У маі 1930 г. урад Францыі разаслаў усім дзяржавам Еўропы, уключаючы СССР, «Мемарандум аб арганізацыі рэжыму Федэратыўнага еўрапейскага саюза». Такім чынам, французская дыпламатыя ўпершыню звязала вырашэнне праблемы міжнароднай бяспекі са стварэннем наднацыянальнай сістэмы палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Падобны падыход атрымаў ухвалу з боку Югаславіі, Румыніі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Грэцыі.

Супраць пан’еўрапейскага праекта выступілі Вялікабрытанія, Нідэрланды і Бельгія, якія баяліся страціць «асаблівыя адносіны» са сваімі калоніямі. Германская дыпламатыя ў цэлым падтрымала пан’еўрапейскую ідэю, але пры ўмове поўнай адмены «несправядлівых» артыкулаў Версальскага дагавора. Фашысцкая Італія ўвогуле заклікала да саюза «маладых нацый» супраць «старой Еўропы». Сітуацыя зноў зайшла ў тупік.

У 1932 г. па ініцыятыве Лігі Нацый прайшла Жэнеўская канферэнцыя, прысвечаная скарачэнню і абмежаванню ўзбраенняў. Ідэя стварэння «арганізацыі міру» ў Еўропе, аб’яднання еўрапейскіх краін пактамі аб ненападзенні і ўзаемадапамозе, якая прагучала на канферэнцыі, так і не рэалізавалася. Еўропа і ўвесь свет ужо стаялі на парозе новага вітка гонкі ўзбраенняў.

З’яўленне на міжнароднай арэне нацызму прывяло да канчатковага краху Лігі Нацый. У 1930-я гг. яна стала заложніцай палітыкі прымірэння, што праводзілася вядучымі заходнімі краінамі.

Вялізныя намаганні па прадухіленні вайны шляхам стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі прыклаў Савецкі Саюз. Пасля прыходу А. Гітлера да ўлады былі сфармуляваны новыя кірункі савецкай знешняй палітыкі. Яны ўключалі, у прыватнасці, ненападзенне і няўдзел у ваенных канфліктах; падтрыманне мірных адносін з усімі краінамі, у тым ліку з Германіяй і Японіяй, пры ўмове іх адмовы ад агрэсіўнай палітыкі; паляпшэнне адносін з краінамі Захаду, уключаючы ЗША. Такім чынам, СССР спыняў асаблівыя «сяброўскія» адносіны з Германіяй. Аднак усе намаганні, зробленыя ў гэтым кірунку, наткнуліся на эгаістычную палітыку «влікіх» і «малых» дзяржаў Еўропы.