§ 12. Першая сусветная вайна і яе вынікі

6. Вынікі вайны

Першая сусветная вайна доўжылася з 1 жніўня 1914 г. да 11 лістапада 1918 г. Падпісанне Камп’енскага перамір’я Германіі з Антантай адбылося ў чыгуначным вагоне маршала Францыі Ф. Фоша ў Камп’енскім лесе (Пікардыя, поўнач Францыі). Па ўмовах перамір’я Германія выводзіла войскі з усіх ненямецкіх тэрыторый, а таксама з левага берага Рэйна. На яго правым беразе стваралася нейтральная зона. Германія абавязвалася паставіць пераможцам значную частку ваеннай маёмасці і вярнуць ваеннапалонных. Разам з тым у супрацьвагу Савецкай Расіі нямецкія войскі заставаліся ў Прыбалтыцы і Украіне. Камп’енскае перамір’е анулявала Брэсцкі мірны дагавор ад 3 сакавіка 1918 г.

Пераўладкаванне свету пасля Першай сусветнай вайны было заснавана на «14 пунктах» прэзідэнта Вільсана. Фактычна гэта стала платай за ўдзел ЗША ў вайне на баку Антанты, а не Германіі. Вільсан прапанаваў таксама ідэю самавызначэння нацый, згодна з якой кожная нацыя павінна была сама вырашаць свой лёс і мець безумоўнае права на стварэнне ўласнай дзяржавы.

У ходзе Першай сусветнай вайны ЗША з даўжніка ператварыліся ў крэдытора краін Антанты, распаўсюдзілі свой уплыў на Еўропу. Імперыі, здольныя супрацьстаяць амерыканскай экспансіі планетарнага маштабу, былі ліквідаваны.

Па меркаванні некаторых даследчыкаў, прыярытэтнымі для ЗША задачамі пасля вайны сталі спыненне інтэрвенцыі ў Расію і ўзмацненне Германіі. Першае супярэчыла англійскім інтарэсам, другое — французскім. ЗША зрабілі стаўку на Савецкую Расію, а затым і СССР як саперніка еўрапейскіх звышдзяржаў, які павінен быў адцягваць іх сілы і ўвагу ад ЗША.

Распад імперый быў абгрунтаваны правам народаў на самавызначэнне. Гэтае палажэнне стала асновай раздзялення Аўстра-Венгрыі, гэтае ж палажэнне стала юрыдычным апраўданнем адраджэння Польшчы і далучэння да Францыі Эльзаса і Латарынгіі. Але гэтае ж права народаў на самавызначэнне па сутнасці абараніла адзінства немцаў як найбольш шматлікага народа, што жыў у цэнтры Еўропы. Паколькі Германія не магла быць раздзелена, аўтары мірных дагавораў пастараліся максімальна абмежаваць і аслабіць немцаў, у прыватнасці, шляхам дэмілітарызацыі левага берага Рэйна, а таксама забароны саюза Германіі з іншай нямецкай дзяржавай — Аўстрыяй.

Імкненне забяспечыць Польшчы выхад да мора — знакаміты «польскі калідор» — прывяло да аддзялення Усходняй Прусіі ад астатняй Германіі і да ператварэння Данцыга ў «вольны горад», што стала для Гітлера адной з нагод для развязвання вайны ў 1939 г.