§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.
5. Унёсак Расіі ў сусветную культуру
У рускай культуры першую палову XIX ст. прынята называць «залатым векам», калі навука Расіі выйшла на ўзровень сусветнага прызнання. М. І. Лабачэўскі стварыў неэўклідаву геаметрыю. В. У. Пятроў заклаў асновы электрахіміі і электраметалургіі. Хімік М. М. Зінін паклаў пачатак анілінафарбавай прамысловасці. М. І. Пірагоў стаў заснавальнікам анатама-эксперыментальнага кірунку ў хірургіі. Бацька і сын Я. А. і М. Я. Чарапанавы на Урале пабудавалі першы рухавік і першую чыгунку на паравай цязе.
У літаратуры адбывалася змена літаратурных кірункаў і стыляў. На змену класіцызму М. М. Хераскава, Г. Р. Дзяржавіна прыйшоў рамантызм М. М. Карамзіна, В. А. Жукоўскага. У другой чвэрці XIX ст. у еўрапейскай літаратуры пачаў замацоўвацца рэалізм. У Расіі яго заснавальнікам стаў вялікі рускі паэт А. С. Пушкін. У гэтым жа стылі стваралі такія вядомейшыя рускія пісьменнікі і паэты, як М. Ю. Лермантаў, М. В. Гогаль.
Для рускага выяўленчага мастацтва былі характэрныя рамантызм і рэалізм: А. А. Кіпрэнскі, В. А. Трапінін, К. П. Брулоў, А. А. Іваноў, А. Г. Венецыянаў. І. М. Крамскі, Р. Р. Мясаедаў, В. Р. Пяроў, М. М. Ге, якія заснавалі ў 1870 г. «Таварыства перасоўных мастацкіх выставак», імкнуліся развіваць нацыянальныя традыцыі і наблізіць мастацтва да народа. Яркімі фігурамі сярод «перадзвіжнікаў» былі І. Я. Рэпін, В. І. Сурыкаў, В. М. Васняцоў.
У другой палове XIX ст. у Расіі склаўся своеасаблівы гісторыка-мастацкі перыяд, які яго сучаснікі назвалі «сярэбраным векам» рускай культуры. Вялізнае значэнне мела адкрыццё Д. І. Мендзялеевым перыядычнага закона хімічных элементаў. Класічную тэорыю хімічнай будовы арганічных целаў стварыў А. М. Бутлераў. Фундаментальнае і прыкладное значэнне мелі даследаванні матэматыкаў П. Л. Чэбышава, А. М. Ляпунова, С. В. Кавалеўскай, адкрыцці ў фізіцы і механіцы А. Р. Сталетава, П. М. Яблачкава, А. М. Ладыгіна, вынаходніцтва радыё А. С. Паповым.
Мастацкая літаратура захоўвала традыцыі крытычнага рэалізму: І. С. Тургенеў, М. А. Някрасаў, Ф. М. Дастаеўскі, І. А. Ганчароў, М. Я. Салтыкоў-Шчадрын, А. П. Чэхаў, Л. М. Талстой.
Тэатральнае мастацтва фарміравалася ў асноўным на нацыянальнай драматургіі А. М. Астроўскага, А. П. Чэхава. У 1898 г. К. С. Станіслаўскі і У. І. Неміровіч-Данчанка заснавалі Мастацкі тэатр.
Канчаткова аформілася нацыянальная музычная руская школа. У Расіі склалася творчая група кампазітараў, якую крытік У. В. Стасаў назваў «Магутнай купкай». У яе ўваходзілі М. А. Балакіраў, Ц. А. Кюі, М. П. Мусаргскі, А. П. Барадзін, М. А. Рымскі-Корсакаў.
Дасягненні рускай культуры XIX ст. атрымалі сусветнае прызнанне. Многія расійскія вучоныя з’яўляліся ганаровымі членамі еўрапейскіх акадэмій і навуковых устаноў.