§ 10-3. Утварэнне незалежных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы
4. Палітычнае развіццё Лацінскай Амерыкі
Барацьба за незалежнасць спарадзіла ў Лацінскай Амерыцы (акрамя Бразіліі) сацыяльна-палітычны феномен каўдылізму (ад іспанскага слова caudillo — «кіраўнік» або «правадыр»). Каўдылізм азначае рэжым асабістай улады дыктатараў у шэрагу краін Лацінскай Амерыкі, які быў усталяваны ў выніку ваеннага перавароту і абапіраўся непасрэдна на ваенную сілу.
З разбурэннем каланіяльнай формы праўлення вакуум, што ўтварыўся ў незалежных краінах, запоўнілі сепаратысцкія крэольскія групоўкі, якія сапернічалі паміж сабой. Кожная з іх фарміравала свае арміі. Сямейныя сувязі, адданасць каўдылья азначалі больш, чым дзяржаўная прыналежнасць.
На аснове кланавай прыналежнасці фарміраваліся і партыі, якія ўмоўна можна падзяліць на ліберальныя, што імкнуліся да рэформ на еўрапейскі ўзор, і кансерватыўныя, што настойвалі на захаванні дарэвалюцыйных парадкаў і іберыйскай спадчыны. Аднак барацьба партый, якія мелі аднолькавую сацыяльную базу, у рэальнасці выражала барацьбу алігархічных гандлёва-латыфундысцкіх груповак.
У краінах, якія атрымалі незалежнасць, былі ўсталяваны рэспубліканская форма праўлення і федэратыўнае дзяржаўнае ўладкаванне. Былі скасаваны гандлёвыя манаполіі, падушны падатак і працоўная павіннасць. Аднак у большасці рэспублік да сярэдзіны XIX ст. захоўвалася рабства. Каталіцкая канфесія заставалася дзяржаўнай, духавенства і вайскоўцы захавалі асаблівыя прывілеі.
Вядучую ролю ва ўрадах адыгрывалі ліберальна настроеныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, зямельнай арыстакратыі і вайскоўцы крэольскага паходжання, якія выйшлі з рэвалюцыйнага руху. Выбарчае права абмяжоўвалася высокім маёмасным цэнзам і цэнзам пісьменнасці.
Ліберальныя ўрады першых гадоў незалежнасці не змаглі пераадолець эканамічную разруху і анархію, выкліканыя войнамі. У 1850—1860-я гг. кантынент скалануў шэраг грамадзянскіх войнаў паміж кансерватарамі і лібераламі. З калейдаскапічнай хуткасцю мяняліся ўрады, фактычна ўсталёўваліся ваенныя дыктатуры, а канстытуцыі існавалі толькі на паперы. Напрыклад, Калумбія за няпоўныя паўстагоддзя (1839—1885) перажыла шэсць грамадзянскіх войнаў. Больш за 60 гадоў спатрэбілася прагрэсіўным сілам Бразіліі, каб дабіцца адмены рабства (1888) і скінуць манархію (1889).
Сярод усіх лацінаамерыканскіх краін асаблівае месца займае Мексіка. У выніку рэвалюцыі 1910—1917 гг. там была прынята самая дэмакратычная на кантыненце канстытуцыя.