§ 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення
4. Англа-бурская вайна
У 1833 г. англійскі ўрад адмяніў рабства ва ўсіх сваіх калоніях. Буры, афрыканеры — сельскія жыхары, фермеры, нашчадкі галандскіх пратэстанцкіх пасяленцаў у Паўднёвай Афрыцы — успрынялі гэта як недружалюбны акт, паколькі яны шырока выкарыстоўвалі рабскую працу. Вынікам стала іх перасяленне ўглыб кантынента і заснаванне дзвюх незалежных бурскіх дзяржаў — Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (Трансвааля) і Аранжавай Свабоднай Дзяржавы. Англічане ж імкнуліся захаваць імперыю.
Англа-бурская вайна праходзіла ў два этапы: Першая (Трансваальская) вайна 1880—1881 гг. і Другая англа-бурская вайна 1899—1902 гг.
Прычынамі вайны сталі знаходжанне і анексія ў 1871 і 1877 гг. Брытанскай імперыяй залатаносных і алмазных радовішчаў бурскіх рэспублік у Паўднёвай Афрыцы. 16 снежня 1880 г. трансваальскія буры аб’явілі аб сваёй незалежнасці ад Вялікабрытаніі і нанеслі шэраг паражэнняў англійскім войскам. Не жадаючы ўцягвацца ў поўнамаштабную вайну, англійскі ўрад 3 жніўня 1881 г. заключыў з бурамі мір — Прэтарыйскую канвенцыю, па якой Трансвааль, прызнаўшы сюзерэнітэт Вялікабрытаніі, атрымаў поўнае ўнутранае самакіраванне.
Аднак у 1886 г. у Трансваалі былі знойдзены раней не адкрытыя радовішчы золата, што стала прычынай новай вайны. Англійскія старацелі хлынулі ў Паўднёвую Афрыку, пачалася «залатая ліхаманка». Да 1898 г. руднікі Трансвааля давалі 30 % ад сусветнай здабычы золата. Паколькі залатаносны хрыбет знаходзіўся пад кантролем фактычна незалежных бураў, фінансавае дамінаванне Вялікабрытаніі пахіснулася. Буры абклалі англійскіх золатаздабывальнікаў вялізнымі падаткамі і пошлінамі. Ці магла дапусціць падобнае Вялікабрытанія? У выніку вайна стала непазбежнай. «Замкнутыя» паміж англійскімі калоніямі і ваяўнічымі афрыканскімі плямёнамі, буры аказаліся ў цяжкім становішчы, але тым не менш аказалі ўпартае супраціўленне.
Нягледзячы на колькасную перавагу, брытанскай арміі было складана наладзіць сувязі ў варожым акружэнні. Брытанцы сутыкнуліся з фактычна народным апалчэннем. Мабільныя, добра ўзброеныя і выдатна ведаючыя мясцовасць атрады бураў былі сапраўднай пагрозай для еўрапейцаў. Буры падрывалі англійскія цягнікі, нападалі на невялікія гарнізоны і склады прадуктаў харчавання, вялі інфармацыйную вайну. Не дзіва, што на баку бураў змагаліся добраахвотнікі з многіх краін свету. Буры стварылі даволі рэдкае ў гісторыі жаночае баявое падраздзяленне — кавалерыйскі полк, вядомы як «Бурскія амазонкі».
У канчатковым выніку брытанская армія атрымала перамогу, чаму садзейнічала яе ваенная перавага — англічане ўпершыню выкарысталі найноўшае ўзбраенне, у прыватнасці, магазінныя вінтоўкі і кулямёты. Другую вайну з бурамі англічане сустрэлі ў абмундзіраванні ахоўнага колеру — хакі.