§ 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення

3. «Опіумныя войны» і паўстанне іхэтуаняў у Кітаі

З сярэдзіны ХVIII ст. кітайская дынастыя Цын пачала ізаляваць краіну ад знешняга свету, але гэта прывяло да адставання Кітая ў навукова-тэхнічнай сферы. Насельніцтву Кітая, якое ўвесь час павялічвалася, стала не хапаць прадуктаў харчавання, адбывалася паўперызацыя сялян.

Еўрапейцы ж імкнуліся гвалтоўна «адкрыць» краіну, каб ператварыць яе ў калонію. Замест ваенных дзеянняў у пачатку XIX ст. Вялікабрытанія павялічыла ўвоз опіуму ў Кітай з Індыі. За опіум кітайцы плацілі срэбрам, таму фінансавае становішча краіны пагоршылася. Улетку 1839 г. у Гуанчжоў на поўдні Кітая ўрад канфіскаваў і знішчыў 20 тыс. скрыняў опіуму, што стала нагодай для пачатку першай англа-кітайскай «опіумнай вайны»1840—1842 гг. Цынская імперыя пацярпела зневажальнае паражэнне і капітулявала. Па выніках вайны Вялікабрытанія атрымала вялізную кантрыбуцыю, Кітай быў адкрыты для замежнага ўмяшання.

Дадатковыя падаткі, уведзеныя для выплаты кантрыбуцый, прывялі ў 1850—1860-я гг. да мноства народных выступленняў, самым значным з якіх стала сялянская антыфеадальная вайна — Тайпінскае паўстанне (1850—1864), накіраваная на звяржэнне Цынскай дынастыі і стварэнне пад уплывам хрысціянскіх ідэй справядлівага грамадскага ладу.

Вялікабрытанія і Францыя скарысталіся грамадзянскай вайной і перайшлі да адкрытай агрэсіі. Пачалася другая «опіумная вайна» 1856—1860 гг., цяпер англа-франка-кітайская. Цынскі ўрад, заняты барацьбой з тайпінамі, капітуляваў. Толькі пасля гэтага ў 1862 г. еўрапейскія дзяржавы аказалі дапамогу манчжурскім феадалам у задушэнні паўстання.

Пасля скрышальнага паражэння Кітая ў вайне з Японіяй (1894—1895) вялікія дзяржавы падзялілі яго на сферы ўплыву. Імператар Гуансюй паспрабаваў правесці ў 1898 г. рэформы («Сто дзён рэформ»), але імператрыца Цысі з дапамогай манчжурскай гвардыі ажыццявіла дзяржаўны пераварот. Гуансюй быў пасаджаны пад хатні арышт, а многія рэфарматары пакараны смерцю.

У 1899 г. успыхнула чарговае народнае паўстанне супраць іншаземцаў. На чале паўстанцаў стала антыхрысціянскае містычнае таварыства Іхэтуань. Паўстанцы знішчалі ўсё замежнае — цэрквы, чыгункі, паравозы, тэлеграфныя лініі, еўрапейскія будынкі і замежныя тавары. Імператрыца Цысі падтрымала іх з тактычных меркаванняў.

На падставе абароны сваіх падданых Англія, Францыя, Аўстрыя, Расія, ЗША, Італія, Германія і Японія накіравалі ў Кітай войскі. У 1901 г. паўстанне было задушана. Зневажальны дагавор, навязаны Кітаю, абавязваў урад выплаціць дзяржавам-інтэрвентам вялізную кантрыбуцыю і душыць любыя выступленні супраць замежнікаў. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне іхэтуаняў прыпыніла тэрытарыяльны падзел Кітая, які пачаўся ў канцы XIX ст.