§ 10-1. Каланіялізм у краінах Азіі і Афрыкі і асноўныя цэнтры антыкаланіяльнага супраціўлення

2. Тэрытарыяльны падзел свету ў канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Супраціўленне іншаземнаму ўмяшанню

Барацьба за тэрытарыяльны падзел свету выклікала супраціўленне народаў Усходу. Найбольшую вядомасць атрымалі англа-афганскія, «опіумныя войны» і паўстанне іхэтуаняў у Кітаі, англа-бурская вайна.

Англа-афганскія войны. Першая англа-афганская вайна (1838—1842). Першапачатковай прычынай, якая вымусіла Вялікабрытанію ў 1808 г. уступіць у адносіны з Афганістанам, было імкненне напалеонаўскай Францыі захапіць брытанскую Індыю. У 1807 г. быў створаны франка-іранскі саюз, які дазваляў Францыі правесці праз Іран свае войскі для захопу Індыі.

Паступальная экспансія Расіі ў першай палове XIX ст. на Каўказ і ў Туркестан (Узбекістан, Туркменія, Кіргізія, Казахстан, Таджыкістан, Сіньцзян-Уйгурская аўтаномная акруга Кітая, цюркамоўная паўднёвая Сібір, паўночны Афганістан і Іран) таксама прымусіла Вялікабрытанію звярнуць увагу на Афганістан — «паўночныя вароты» ў Індыю, паколькі яго тэрыторыя аддзяляла рускія ўладанні ад брытанскай Індыі.

У выніку дынастычных спрэчак з Афганістана ў Расію ў 1834 г. адным з варагуючых бакоў было накіравана пасольства з просьбай аб дапамозе. У адказ пад уплывам рускай дыпламатыі іранскія войскі ўварваліся ў Афганістан. Вялікабрытанія аб’явіла вайну Афганістану, у выніку якой на трон у Кабуле быў пасаджаны англійскі стаўленік.

Другая англа-афганская вайна (1878—1880). Як і ў першую англа-афганскую вайну, англічане пачалі ўварванне ў Афганістан з-за незадаволенасці яго арыентацыяй на Расію. Пацярпеўшы паражэнне ад Вялікабрытаніі, эмір Шыр-Алі збег, пакінуўшы ўладу свайму сыну Якуб-хану. 26 мая 1879 г. быў заключаны Гандамацкі дагавор, па якім Вялікабрытанія атрымлывала частку тэрыторыі Афганістана і допуск у Кабул англійскага рэзідэнта. Праз некалькі месяцаў рэзідэнт і яго світа былі забітыя. Якуб-хан адрокся ад трона і збег пад абарону брытанцаў у Індыю. Кабул і Кандагар былі заняты англійскімі войскімі.

У канцы 1879 г. у Афганістане ўспыхнула антыбрытанскае народнае паўстанне. Пасля разгрому паўстанцаў у 1880 г. новым эмірам усяго Афганістана пры падтрымцы брытанцаў стаў Абдур-Рахман. Ён выкарыстаў англічан для ўмацавання сваёй улады, дабіўся перагляду Гандамацкага дагавора, але вымушаны быў узгадняць знешнюю палітыку з англічанамі. Яго пераемнік Хабібула папераменна выступаў на баку то Вялікабрытаніі, то Расіі, у залежнасці ад таго, хто выплачваў больш значную суму.

Трэцяя англа-афганская вайна (1919). У рамках фарміравання блока Антанты ў 1907 г. было заключана англа-рускае пагадненне, якое размяжоўвала сферы ўплыву на Усходзе паміж дзвюма дзяржавамі. Расія прызнавала пратэктарат Вялікабрытаніі над Афганістанам. У перыяд Першай сусветнай вайны Афганістан прытрымліваўся нейтралітэту. У 1919 г. пасля завяршэння вайны Хабібула запатрабаваў ад Брытаніі прадаставіць краіне поўную незалежнасць, але ў хуткім часе быў забіты. Аманула-хан, які прыйшоў да ўлады ў пачатку 1919 г., пры падтрымцы групы патрыятычна настроеных афіцэраў, чыноўнікаў і землеўладальнікаў аб’явіў аб поўнай незалежнасці Афганістана. Англічанам, якія ўварваліся на тэрыторыю краіны, быў аб’яўлены джыхад. Па выніках вайны быў падпісаны англа-афганскі папярэдні мірны дагавор, па якім Афганістан вяртаў сабе знешнепалітычную незалежнасць. Упершыню ў гісторыі брытанцы прызналі незалежнасць свайго пратэктарату. Брытанскі ўплыў у рэгіёне зменшыўся.