§ 6–7-2. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: палітычнае развіццё і рэвалюцыі

3. Знешняя палітыка

У XIX ст. Расія актыўна працягнула пашырэнне сваіх тэрыторый. Межы вялізнай па плошчы дзяржавы мелі патрэбу ў пастаяннай абароне. Знешняя палітыка Расійскай імперыі была падпарадкавана рашэнню гэтай важнай задачы на працягу ўсяго стагоддзя.

Найбольшая пагроза зыходзіла ад еўрапейскіх дзяржаў на захадзе і Асманскай імперыі на поўдні. У тыя часы многія праблемы знешняй палітыкі вырашаліся толькі шляхам ваенных дзеянняў. У пачатку стагоддзя Расія вяла паспяховыя войны супраць Швецыі і Асманскай імперыі, у выніку чаго атрымала землі Фінляндыі і Бесарабіі. Асманская імперыя адмовілася ад далейшых спроб заваяваць Грузію. Сур’ёзна ўмацавала аўтарытэт Расіі перамога над Францыяй у Айчыннай вайне 1812 г.

У час царавання Мікалая I Расія па просьбе асобных дзяржаў прыняла ўдзел у задушэнні рэвалюцыйных рухаў у Еўропе і ў той жа час узмацніла ваеннае пранікненне ў Сярэднюю Азію. У 1860-я гг. у склад імперыі ўвайшлі Ташкент і некалькі ханстваў. З далучэннем Туркменіі ў 1884 г. завяршыўся працэс пашырэння Расійскай імперыі на паўднёвых рубяжах.

Аднак на заходнім напрамку Расія пацярпела сур’ёзную няўдачу. У Крымскай вайне яна саступіла аб’яднаным сілам Турцыі, Англіі і Францыі. Па выніках Парыжскага мірнага дагавора страціла частку Бесарабіі. Таксама ёй было забаронена мець свой флот на Чорным моры. Сітуацыя змянілася толькі пасля таго, як Расія падтрымала Прусію ў вайне 1870—1871 гг. супраць Францыі, а затым стала саюзнікам Германіі і Аўстра-Венгрыі. Аўтарытэт Расіі заўважна ўзрос пасля паспяховай руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. У наступныя гады англа-французскай дыпламатыі ўдалося разарваць саюзніцкія адносіны паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.