§ 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы

5. Сталыпінская аграрная рэформа 1906—1911 гг.

Сталыпінская аграрная рэформа 1906—1911 гг. уключала прадастаўленне селяніну права выхаду з сялянскай абшчыны і замацаванне за ім надзелу зямлі ў прыватнай уласнасці — водруба. Сялянам прадастаўляліся аднолькавыя з іншымі саслоўямі правы ў адносінах да дзяржаўнай службы і свабода абрання месца жыхарства. Ад гэтага часу яны маглі ствараць гаспадаркі па-за межамі вёсак — хутары. Уводзілася льготнае крэдытаванне сялян пад заклад зямлі. Малазямельныя сяляне перасяляліся на казённыя землі ў малаабжытыя раёны Урала і Сібіры. «Закон аб землеўладкаванні» 1911 г. фактычна падвёў вынік рэформы, садзейнічаў разлажэнню сельскай абшчыны і пераходу на водрубы і хутары.

У выніку аграрная рэформа П. А. Сталыпіна аслабіла сельскую абшчыну, паскорыла працэс класавага расслаення сялянства. Але галоўны яе вынік — дзякуючы сваёй рэфарматарскай дзейнасці Сталыпін здолеў змягчыць сацыяльную напружанасць у перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. У выніку аграрнай рэформы ў Расіі паскорыўся колькасны рост сельскай буржуазіі, адбылося рэзкае павелічэнне колькасці спажывецкіх і крэдытных кааператываў, пачалося актыўнае ўцягванне сялян у рыначныя адносіны.