§ 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы
3. Буржуазныя рэформы 1860—1870-х гг.
Другая палова XIX ст. была адзначана серыяй рэформ, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Вялікія рэформы». Крымская вайна выкрыла шэраг унутрырасійскіх праблем, у прыватнасці, эканамічную і ваенна-тэхнічную адсталасць, неэфектыўнасць адміністрацыйнага кіравання, судаводства, а таксама сацыяльную напружанасць. Глыбіннай прычынай рэформ стала асэнсаванне кіруючай элітай таго, што кіраванне краінай ва ўмовах распаўсюджвання капіталістычных адносін і станаўлення новага класавага грамадства патрабуе рэарганізацыі. Вопыт еўрапейскіх рэвалюцый 1830 і 1848 гг. паказаў, што новыя грамадскія сілы патрабуюць для сябе пэўных правоў і свабод.
Асновай правядзення рэформ была бюракратыя, у тым ліку дваранства, якое часта супраціўлялася пераўтварэнням. Не дзіва, што рэформы пастаянна натыкаліся на перашкоды, былі палавінчатымі.
Гістарычнай падзеяй у Расіі стала адмена прыгоннага права. Асноўныя прычыны гэтай рэформы вядомыя: з аднаго боку, імкненне пераадолець адсталасць ад краін Захаду, з іншага — жаданне зняць сацыяльную напружанасць у грамадстве.
У той жа час асобныя аспекты дадзенай з’явы да сённяшняга дня застаюцца дыскусійнымі. Так, паводле адной з версій, прыгоннае права было малапрадукцыйным і нявыгадным для саміх памешчыкаў. Паводле іншай — крызісу прыгоннага права ў Расіі не назіралася, і гэтая сістэма была вельмі эфектыўнай. З аднаго боку, большасць памешчыкаў былі супраць адмены прыгоннага права. З іншага — прыгоннае права ператварылася ў тормаз на шляху тэхнічнага прагрэсу ў Расіі. Ва ўмовах бясплатнай прыгоннай працы ў памешчыкаў не было неабходнасці ўкараняць у прамысловасць тэхнічныя новаўвядзенні. Аднак для таго, каб вытрымліваць тэхнічную конкурэнцыю з Захадам і заставацца вялікай сусветнай дзяржавай, Расіі неабходна было развіваць прамысловасць, пераўзбройваць армію і флот, будаваць чыгункі. На гэта ясна паказвалі прычыны паражэння Расіі ў Крымскай вайне — адсутнасць мабільнасці і адсталасць ва ўзбраеннях.
19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў «Маніфест аб Усяміласцівым дараванні прыгонным людзям правоў стану свабодных сельскіх абывацеляў» і некалькі заканадаўчых актаў, якія складалі «Палажэнне аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці». У выніку сяляне атрымлівалі толькі асабістую свабоду. Паколькі зямля была ва ўласнасці ў памешчыкаў, вызваліць сялян ад прыгоннай залежнасці азначала пазбавіць іх зямлі, гэта значыць сродкаў да існавання. Таму ў пераходны перыяд памешчыкі абавязаны былі прадаставіць сялянам сядзібную аседласць — сялянскі дом і подворак каля яго, а таксама палявы надзел. За карыстанне зямлёй селянін павінен быў плаціць аброк ці адпрацоўваць паншчыну — знаходіцца ў «часоваабавязаным» стане. Большасць сялян не маглі выплаціць памешчыку кошт зямлі, таму грошы за іх уносіла дзяржава, а селянін павінен быў выплаціць гэты сацыяльны крэдыт — выкупныя плацяжы — на працягу 49 гадоў. Працэнт па крэдыце быў такі, што поўная сума яго выплаты ў выніку была ў некалькі разоў вышэй за кошт зямлі. Выкупныя плацяжы за зямлю былі адменены ўрадам толькі ў 1906 г.
Для памешчыкаў адмена прыгоннага права азначала, што яны гублялі бясплатную сялянскую працу. Сяляне ж былі незадаволеныя тым, што зямлю ім перадавалі не бясплатна, а за непасільныя плацяжы. У ходзе раздачы зямель сяляне атрымлівалі менш зямлі. Статутныя граматы, якія вызначалі памеры сядзібнага і палявога надзелаў сялян, складаліся міравымі пасрэднікамі з дваран. Яны ж частку зямель, што знаходзіліся раней у карыстанні ў сялян, перадалі ва ўласнасць памешчыкам. Хаця зямля размяркоўвалася па колькасці едакоў, яе перадзелы (прывядзенне ў адпаведнасць з узрослым складам сям’і) праводзіліся адзін раз у некалькі дзесяцігоддзяў і не адпавядалі ўзросламу складу сем’яў. Сялянскія надзелы драбніліся, і ў рэшце рэшт адбывалася абеззямельванне і збядненне сельскіх жыхароў. Пачаліся сялянскія бунты. У 1861 г. адбылося 1859 паўстанняў — у 1,5 разы больш, чым за ўсё цараване Мікалая I.
Сяляне ў пошуках лепшай долі ішлі ў горады, дзе станавіліся рабочымі заводаў і фабрык. Так рэформа 1861 г. прывяла да фарміравання асноўных класаў капіталістычнага грамадства — пралетарыяту і буржуазіі. Галоўнай крыніцай папаўнення буржуазіі былі купцы і мяшчане.
Памешчыкі, нават атрымліваючы буйныя сумы ў якасці платы за зямлю, вельмі хутка аказваліся на мяжы збяднення, не здолеўшы прыстасавацца да ўмоў капіталізму. Вядомы рускі паэт, сучаснік падзей М. А. Някрасаў у паэме «Каму на Русі жыць добра» аб зямельнай рэформе 1861 г. сказаў так: «Распаўся ланцуг вялікі. Распаўся і ўдарыў, адным канцом па пану, другім — па мужыку».
У 1863—1864 гг. Аляксандрам II была праведзена рэформа вышэйшай, пачатковай і сярэдняй адукацыі. Згодна з «Палажэннем аб народных вучылішчах» была адменена дзяржаўная і царкоўная манаполія на адукацыю. Пачатковыя школы маглі адчыняцца нават прыватнымі асобамі. У гімназію мог цяпер паступіць любы чалавек. Праўда, на практыцы доступ да сярэдняй адукацыі мелі толькі заможныя людзі — плата за навучанне была высокай. Упершыню ў гісторыі Расіі атрымалі права на сярэднюю адукацыю жанчыны. Рэформа закранула таксама вышэйшую адукацыю. Універсітэтам вярталася аўтаномія — усе адукацыйныя пытанні вырашаліся рэктарам, дэканам і «саветам прафесараў». Пасля дадатковага навучання на «жаночых курсах» права паступлення ва ўніверсітэты ў якасці вольных слухачоў атрымлівалі жанчыны.
Па выніках рэформы адукацыйная сістэма Расіі была ўніфікавана, аднак галоўнай мэты — зрабіць адукацыю даступнай для ўсяго насельніцтва — яна так і не дасягнула. Фактычна саслоўная, элітная сістэма адукацыі ў Расіі захоўвалася. У канцы XIX ст. каля 60 % дарослага насельніцтва Расіі заставалася непісьменным.
У 1864 г. былі праведзены земская і судовая рэформы. У студзені 1864 г. імператар зацвердзіў «Палажэнне аб земскіх установах, органах мясцовага самакіравання ў сельскай мясцовасці», якім уводзіліся мясцовыя органы ўлады — губернскія і павятовыя земскія сходы і земскія ўправы на аснове прынцыпаў бессаслоўнасці і выбарнасці. Земствы займаліся ўтрыманнем дарог, школ і бальніц, мясцовым гандлем і прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, спагнаннем падаткаў на мясцовыя патрэбы і да т. п. Земская рэформа садзейнічала развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры, але праводзілася не паўсюдна і ў розны час.
Саслоўны і негалосны суд у 1864 г. быў рэфарміраваны Судовым статутам, згодна з якім уводзіўся інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), прысяжных засядацеляў (народных прадстаўнікоў). У судзе сталі ўдзельнічаць абвінаваўца (прокурор) і абаронца (адвакат).
У 1862—1874 гг. была ажыццёўлена ваенная рэформа — замест рэкруцкага набору ўводзілася ўсеагульная воінская павіннасць. Прызываліся ў войска асобы, якія дасягнулі 21 года, на 6 гадоў, у флот — на 7. Некаторыя вызваляліся ад службы ў войску, напрыклад, адзіныя сыны ў сям’і альбо настаўнікі.
Асаблівае месца ў рэформах сярэдзіны XIX ст. займае цэнзурная. Крымская вайна паказала моц прапаганды і друку, магутнасць інфармацыйнай вайны, якую Расія прайграла. Шостага красавіка 1865 г. былі прыняты «Часовыя правілы аб друку», якія азнаменавалі сабой пачатак рэформы. Сутнасць яе была ў пераходзе ад папярэдняй цэнзуры, згодна з якой за змест выданняў адказнасць нёс цэнзар, да карнай. Апошняя мела на мэце кантроль ужо выдадзенага, але яшчэ не абнародаванага тэксту. У выпадку парушэння закона выданні караліся ў судовым парадку, што стала крокам наперад у развіцці цэнзурнага заканадаўства. Аднак рэформа цэнзуры была абмежаванай, яна практычна не закранала правінцыі. Акрамя таго, пазней быў прыняты шэраг законаў, якія пашыралі магчымасці эканамічнага ўздзеяння на друк.
Рэформы закранулі таксама гарады. У чэрвені 1870 г. Аляксандр II зацвердзіў «Гарадское палажэнне», закліканае развіваць гарадское самакіраванне. У гарадах уводзіліся гарадскія думы, якія фарміраваліся па маёмасным прынцыпе. Іх узначальваў прызначаны зверху гарадскі галава. Нягледзячы на абмежаванасць, гэтая рэформа была вельмі важнай, паколькі яна распаўсюджвалася на ўсе гарады Расійскай імперыі. Выключэнне складалі Сярэдняя Азія, Польшча і Фінляндыя.
Яшчэ ў 1860—1862 гг. былі створаны Дзяржаўны банк Расійскай імперыі і Галоўная выкупная ўстанова пры міністэрстве фінансаў (для правядзення выкупной аперацыі). Аднак фінансавая рэформа была адкладзена. Ажыццёўлена яна была толькі ў 1895—1897 гг. пад кіраўніцтвам міністра фінансаў С. Ю. Вітэ. Гэтая рэформа ўсталявала «залаты стандарт», або свабодны абмен грашовых банкнот на золата, гэта значыць увяла ў Расіі залаты рубель.
Некаторыя заходнееўрапейскія гісторыкі адзначаюць, што рэформы ў Расіі пачаліся як адказ на заходні ціск ажно да пагрозы ваеннымі дзеяннямі. Менавіта ў выніку фінансавай рэформы ў сярэдзіне XIX ст. заўважна павялічыўся аб’ём расійскіх пазык за мяжой. Да гэтага яна абыходзілся ў асноўным унутранымі рэсурсамі.
З аднаго боку, «Вялікія рэформы», без сумнення, далі старт развіццю капіталізму ў Расіі, але з іншага аказаліся недастаткова эфектыўнымі і сталі кропкай адліку для рэвалюцыйных падзей 1917 г.