§ 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст.
4. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж вялікімі дзяржавамі ў пачатку XX ст.
У канцы XIX ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж вялікімі дзяржавамі. Ачагі канфліктаў узніклі ў Еўропе, ды і ва ўсім свеце. Асноўнымі, глыбіннымі прычынамі міжімперыялістычных супярэчнасцей былі нераўнамернасць эканамічнага развіцця асобных краін і барацьба за стварэнне каланіяльных імперый. З’яўленне ў цэнтры Еўропы магутнай Германскай імперыі выклікала занепакоенасць многіх суседніх дзяржаў. Асабліва глыбокімі з’яўляліся англа-германскія супярэчнасці. Да пачатку ХХ ст. кіруючыя колы Вялікабрытаніі асэнсавалі, што не Расія, а эканамічна развітая Германія — яе галоўны сапернік, які прэтэндаваў на перадзел каланіяльных уладанняў.
І сапраўды, Германія не хавала сваіх гегеманісцкіх памкненняў. У яе быў рупліва распрацаваны геапалітычны план, у аснове якога ляжала ідэя стварэння пад эгідай Германіі шырокай эканамічнай прасторы ў Цэнтральнай Еўропе. Германская праграма дзеянняў палягала ў тым, каб у выніку вайны стварыць мытны саюз, які ўключаў бы ў сябе еўрапейскія дзяржавы ад Францыі да Польшчы, ізаляваўшы такім чынам марскую дзяржаву Вялікабрытанію з аднаго боку і Расію з іншага.
У пачатку XX ст. у Германіі, якая на той момант з’яўлялася эканамічным лідарам Еўропы, быў адзначаны вельмі значны демаграфічны рост. Але пры гэтым з прычыны адсутнасці калоній яе рэсурсы былі абмежаванымі. Насельніцтва адчувала заўважнае зніжэнне жыццёвага ўзроўню. Германскія кіруючыя колы разглядалі «вялікую» вайну як магчымы інструмент вырашэння многіх праблем. У немалой ступені яны кіраваліся рэцэптам вядомаго брытанскага прадпрымальніка і каланізатара С. Родса: каб пазбегнуць грамадзянскай вайны паміж вярхамі і нізамі грамадства, трэба стаць імперыялістам, паколькі наяўнасць калоній садзейнічае расавай еднасці ў метраполіі.
Германія стварала магутны флот, будавала Багдадскую чыгунку, усё бліжэй падбіраючыся да брытанскіх колоній, што, натуральным чынам, не магло не непакоіць Вялікабрытанію. Сутыкненне паміж двума блокамі дзяржаў — Траістым саюзам і Антантай, якія існавалі ў пачатку ХХ ст., — было непазбежным.