§ 5-4. Сістэма ваенна-палітычных блокаў і саюзаў у другой палове XIX — пачатку XX ст.

3. Збліжэнне Расіі і Францыі. Стварэнне Антанты

У 1870-я гг. у Вялікабрытаніі зразумелі, што, імкнучыся не дапусціць узмацнення Расійскай імперыі, выпусцілі з-пад увагі рост ваенна-эканамічнага патэнцыялу Германіі. Перамагчы Германію можна было толькі ў сухапутнай вайне. У самой Вялікабрытаніі сухапутнай арміі не было, значыць, трэба было выкарыстоўваць Расію. Таму брытанцы асабліва не супраціўляліся стварэнню ў 1891—1893 гг. руска-французскага ваенна-палітычнага саюза. Яшчэ больш, яны былі гатовыя адмовіцца ад так званай палітыкі «бліскучай ізаляцыі» ў Еўропе.

У 1904 г. Вялікабрытанія заключыла пагадненне з Францыяй. Для стварэння ваенна-палітычнага альянсу трох дзяржаў не хапала саюза паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй. Праз тры гады адбылася падзея, якая завяршыла фарміраванне траістай Антанты. У Санкт-Пецярбургу было падпісана англа-рускае пагадненне 1907 г. аб размежаванні сфер уплыву Расіі і Брытанскай імперыі ў Сярэдняй Азіі. Па сукупнасці ўсіх дасягнутых пагадненняў Англія, Расія і Францыя бралі на сябе абавязацельства выконваць «свяшчэнны саюзніцкі абавязак» у выпадку ўдзелу каго-небудзь з членаў кааліцыі ў вайне.

Расійская імперыя не была зацікаўлена ў Антанце так, як Вялікабрытанія. Мікалай II пагадзіўся на ўваходжанне ў ваенны саюз з-за кабальнай залежнасці Расіі ад англійскага капіталу. Вялікабрытанія правакавала еўрапейскую вайну з мэтай прыбраць Расійскую і Германскую імперыі з палітычнай сцэны.